Шаноўныя сябры! У наступную нядзелю, 17 чэрвеня 2012 году ў царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта Ўладыка Сьвятаслаў правядзе сьвяточную Багаслужбу ў памяць Усіх Сьвятых зямлі Беларускае. Пра жыцьцё некаторых Сьвятых можам пачытаць на сайце БАПЦ: http://www.belapc.org/belaruskiya-svyatyya/belaruskia-svatya. 20 чэрвеня спаўняецца 10 гадоў, як адыйшоў у вечнасьць архіяпіскап, Мітрапаліт Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, рэлігійны й грамадзкі беларускі дзеяч Уладыка Мікалай (21/05/1917-20/06/2002). Чалавек разнастайных здольнасьцяў,незвычайна светлай душы й розуму, сапраўднай – нефальшывай – інтэлігентнасьці,шчырай, ветлівай душы, веры ў дабрыню людзей - усё сваё жыцьцё прысьвяціў Богу й служэньню свайму народу. Уладыка, як сапраўдны руплівец беларускай спадчыны, сабраў вялікі архіў дакументаў з гісторыі Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, хрысьціянскае й беларускае гістарычнае й мастацкае літаратуры, вёў ліставаньне з рознымі канфэсіямі па ўсім сьвеце, займаўся перакладамі й выпускам царкоўных навін, напісаў успаміны пра родны Моталь. Чалавек сьціплы, бескампрамісны ў сваіх перакананьнях, высокадухоўны, шчыры – ён умеў слухаць і чуць іншых, добрым словам і ўчынкам дапамагчы ўсім, хто меў у тым патрэбу. Рада Парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага запрашае Вас ушанаваць сьветлую памяць дарагога нам чалавека ў нядзелю, 17 чэрвеня 2012 г. пасьля Багаслужбы ў царкве сьвятога Кірылы Тураўскага. Таронта, 2012 |
Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта / Parish of St. Kiryla of Turau > Навіны Парахвіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта > Таронта Навіны Парахвіі Поўныя >