Сёньня на Прэстан авеню, што ў Скарбара, незвычайнае ажыўленьне. Аўта пад'яджаюць адна за другой. І людзі зь іх выходзяць незвычайна прыгожыя, з прасьветленымі тварамі. Цёплыя прывітаньні, цырымонныя пацалункі, усьмешкі. Але самае прывабнае й прыемнае - шмат хто з іх у найпрыгажэйшых і разнастайных беларускіх уборах. І нават дьзьвюх аднолькавых ня бачна... Спадарства з прыглушаным гоманам павольна накіроўваецца да хаціны пад нумарам 43. Першае, што сустракае незвычайнага для гэтае звычайнае канадыйскае вуліцы экіпіраваны гурт асобаў, - вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, што зьвісае ад столі да самае падлогі веранды. Людзі падымаюцца па прыступках, адчыняюцца дзьверы ў хату і...хваля чалавечых пачуцьцяў абрынаецца на сталую кабету ў чырвонай камізэльцы. ...Спадарыня Марыля Ганько ў дзень сваіх народзінаў сустракала гасьцей у сваёй хаце. Сёньня ейны юбілей, і шмат хто пажадаў павіншаваць нашую Марылю персанальна, выказаць добрыя словы Жанчыне. Так, менавіта Жанчыне з вялікае літары. Букет найпрыгаэжэйшых ружаў, зладжаны ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга, прыгожы торт, прэзэнты й прэзэнцікі . Гучала ''Доўгія Лета!'', ''Сто лят!''. Спадарыня Марыля квітнела. Цёпла павіншавала яе сваім вершам вядомая беларуская пісьменьніца сп. Вольга Іпатава. Ранняя вясна. Цвітуць суніцы. У дварах таронцкіх кветкі спрэс. Ды часцей, відаць, Марыі сніцца, Як цвіце каля Вілейкі бэз. Ды і тут ўжо даўно радзіма... І лятуць гады, нібы чмялі. І каханы - той, што стаў адзіным – Спіць навечна ў гэтае зямлі. У Марыі рукі залатыя, І анёлы ў душы пяюць. Сто гадоў, спадарыня Марыя, Зычым Вам сягоння. We love you! Прамова пра шлях імяніньніцы да Канады зь віншаваньнем ад імя Галоўнае ўправы Згуртаваньня беларусаў Канады й Рады Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага, з таксама жартоўнай вершаванай заключнай часткай расчулілі спадарыню Марылю да сьлёз. Яна ўжо адно й магла, што паўтарала: ''Дзякуй усім, вялікі вам дзякуй, даражэнькія...'' Як і бывае ў такіх выпадках, пасьля афіцыйнае частцы госьці былі запрошаныя да гаспадарскага стала. Ну а які ж стол бяз чаркі! Добрыя тосты, смачны торт... Беларуская гамонка ў хаце, дзе ўсё дыхае беларушчынай, доўжылася яшчэ даволі працяглы час. Вялікая падзяка ўсім, хто спрычыніўся да наладжваньня такога цудоўнага сьвята для Гаспадыні хаткі з адрасам 43 Прэстан авеню. Алесь Кот, Таронта, Вясна, 2010 |