Дзень ушанаваньня памяці Ўладыкі Мікалая

Дарагія сябры. 

20 чэрвеня спаўняецца 8 гадоў, як адыйшоў у вечнасьць архіяпіскап, Мітрапаліт Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, рэлігійны й грамадзкі беларускі дзеяч Уладыка Мікалай (21/05/1917-20/06/2002). 

Чалавек разнастайных здольнасьцяў, незвычайна светлай душы й розуму, сапраўднай – нефальшывай – інтэлігентнасьці, шчырай, ветлівай душы, веры ў дабрыню людзей, усё сваё жыцьцё прысьвяціў Богу й служэньню свайму народу. 

Уладыка, як сапраўдны руплівец беларускай спадчыны, сабраў вялікі архіў дакументаў з гісторыі Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, хрысьціянскае й беларускае гістарычнае й мастацкае літаратуры, вёў ліставаньне з рознымі канфэсіямі па ўсім сьвеце, займаўся перакладамі й выпускам царкоўных навін, напісаў успаміны пра родны Моталь. 

Чалавек сьціплы, бескампрамісны ў сваіх перакананьнях, высокадухоўны, шчыры – ён умеў слухаць і чуць іншых, добрым словам і ўчынкам дапамагчы ўсім, хто меў у тым патрэбу. 

Рада Парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага запрашае Вас ушанаваць сьветлую памяць дарагога нам чалавека ў нядзелю, 20 чэрвеня 2010 г. пасьля Багаслужбы ў царкве сьвятога Кірылы Тураўскага. 

Рада Парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага 

Таронта, 2010
Comments