Наш «Слуцак»

У 1966 г. Згуртаваньне набыло фэрму — там меркавалася разьмясьціць дом адпачынку для ўсіх беларусаў, каб зьбірацца ня толькі ў горадзе.

Камітэт на чале з інжынэрам У. В. Шапаравым знайшоў за 150 міляў на поўнач ад Таронта патрэбнае месца. 212 акраў зямлі, зь якой 80 акраў складала ворная, а рэшта — лес. Гэта была запушчаная старая фэрма з васьмю пакоямі, якая была зачынена гады з тры. Фэрма разьмяшчалася ў прыгожым месцы над вялікім возерам Манітовабінг, аднак вымагала вялікага рамонту. У сваім дакладзе на 50-я ўгодкі ЗБК у 1998 г. Кастусь Акула ў паэтычнай форме даў характарыстыку загараднага дому:

З аднаго боку — вялізнае рыбнае возера, зь іншага — пушча. Некалі, прыгадваецца, нават чорны мядзьведзь з той пушчы адведваў новых гаспадароў, а лес аблюбавалі бабры, што пабудавалі адпаведныя шчыльныя запруды навокал і ўтварылі возера. З гэтымі празорлівымі шкоднікамі цяжка было змагацца, але абхітрыў іх наш высокапачэсны ўладыка архіяпіскап Мікалай; ужываючы сваю палескую вынаходлівасьць і кемлівасьць, ён асушыў тое бабрамі створанае возера й выратаваў наш Слуцкі лес.

У «Слуцку» ёсьць сяньня некалькі катэджаў, а найбольш увыдатняецца сваёй велічай хароміна блізка возера (ці не таму, каб вудачку з вакна ў возера закінуць?). У старым будынку парафіяльнай часьці Слуцку пад дахам дружна навокал коміна жывуць кажаны, а ўнізе — рыбаловы .


Дзеля таго каб «Слуцак» стаў прыдатным для адпачынку, давялося шмат працаваць і даводзіць да ладу ўсё, пачынаючы ад сьценаў і канчаючы навакольлем. Мы гадамі езьдзілі туды ўсе разам, кожны працаваў як мог. Прырода надта нагадвала беларускія краявіды. Чыстае возера, чыстая рэчачка.

Месца было сапраўды выдатнае, аднак сялянская душа Міколы патрабавала свайго дому, свайго кавалку зямлі, які мог абрабляць, як хацела душа. Амаль адразу ён купіў сабе касу, якой нікому не даваў. Сам даводзіў касу да ладу — кляпаў, вызвоньваючы лязом, старанна аглядаў — і касіў траву вакол дарожак, вакол катэджаў. Мабыць, так вучылі яго працаваць на сенакосе— прыгожа, акуратна, засяроджана, нібы творачы абрад. І я ўзгадвала жніво — гэтак жа жнуць жыта жнейкі. Дарэчы, я хацела купіць серп, але пакуль зьбіралася, таго сярпа ў краме ўжо не было. Так і не давялося мне памагчы Міколу...

І вось аднойчы муж сказаў, што мы пабудуем свой катэдж. Янават сумелася — навошта? Але ён настойваў: мусім мець свой дамок.

І пачалося будаўніцтва. Муж паказаў яшчэ раз, што ў яго залатыя рукі. Ён працаваў засяроджана, доўга прыкідваў, ладзіў дошку да дошкі. Асноўную працу зрабілі рабочыя, але заўсёды ёсьць у доме рэчы, якія мусіць зрабіць гаспадар. Мікола быў такім жа добрым працаўніком і на сваёй рабоце формана — брыгадзіра дарожных рабочых. Цяпер, гледзячы на добрыя, гладкія канадыйскія дарогі, я думаю: якую з гэтых вуліцаў ці хайвэяў — хуткасных шасэ — рабіў муж? І разумею, што Канада сапраўды стала для нас другой радзімай, бо шмат нашай працы ўкладзена ў яе. І яна, гэтая краіна, таксама нам заўдзячыла. Мы набылі тут упэўненасьць у будучыні й магчымасьць адчуць сябе людзьмі. Аднак ня ўсе тыя, хто прыяжджаў сюды, змаглі ўжыцца ў рытм і суровыя патрабаваньні, якія выстаўляе Канада. Так, мая сястра Ніна з мужам, што прыехалі ў 1966 г., пасьля вярнуліся назад.

У 1972 г. Мікола вымушаны быў пакінуць працу ў Gatsan Fokman (у яго выпрацавалася трывалая алергія) і перайсьці ў фірму Erno Manufakturing Co Limited, дзе ён працаваў як operations manager. Праца мэнэджара была іншаю, ды муж і там хутка заваяваў давер.

Ганько Марыя. Каб сьведчылі пра Беларусь: жыцьцё й дзейнасьць Міколы Ганька 


На стагоддзе Канады, як большасць канадскіх арганізацыяў, так і беларусы рэалізавалі свой стагодні праект — купілі маёмасць — ферму, якую назвалі «Слуцак». Дом яе, што належыць да БАПЦ, намаляваны на белы колер, суседзі называюць «белы дом».


Р. Жук-Грышкевіч ДЗЕЙНАСЦЬ КАНАДСКАЙ ДЫЯСПАРЫ