Саборы Беларускае Праваслаўнае Царквы

(даты пазначаныя за старым стылем, альбо: стары/навы, а пачатак году – з 1 студзеня) 
( 988 – 1300 г.г. Беларускія Япархіі – у складзе Кіеўскае Мітраполіі, якой 
вядомы Саборы: 1051, 1147, 1158 – у г. Кіеве, 1274 – у г. Уладзіміры на Клязьме.) 



1. Царкоўныя Саборы Наваградзкае (Кіева-Літоўскае) Мітраполіі:
( Заснавана каля 1291 г., імёны Мітрапалітаў ведамыя з 1315 г.)

1415 (сакавік, жнівень, лістапад) Тры Саборы ў г. Наваградку, у якіх бралі ўдзел - кн. Вітаўт, япіскапы, духавенства і вернікі, якія абралі Мітрапалітам Рыгора Цамблака незалежна ад Канстантынопаля і выдалі саборную Грамату пра кананічнасьць абвешчаньня незалежнасьці Кіева – Літоўскае (Наваградзкае) Мітраполіі (Беларускае Праваслаўнае Царквы).

1508-1509 (25 сьнежня – 18 студзеня) Сабор у г. Вільні, скліканы дзеля датрыманьня царкоўнага парадку ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, які прыняў 15 “правілаў” пра ўнармаваньне царкоўнага жыцьця.

1510 (5 лютага) Сабор у г. Вільні, у якім браў удзел экзарх Канстантынопальскага Патрыярхату – Піліпас, які ўсталяваў правы Супрасльскага манастыра.

1514 Сабор у г. Вільні, на якім адбылася кананізацыя Сьвятых Наваградзкае Мітраполіі і ўсталеваньне ім дзён сьвяткаваньня.

1540 (22 лютага) Сабор у г. Наваградку, на якім адбылася ўпарадкаваньне царкоўных адносінаў паміж Наваградзкім Мітрапалітам і адноўленай у 1539 г. Львоўскай япіскапскай катэдрай.

1546 (Ушэсьце) Сабор у г. Вільні, скліканы Каралеўскай граматай Сігізмунда І.

1558 (Нядз. 1-я Вялікага Посту) Сабор у г. Вільні, скліканы Каралеўскай граматай Сігізмунда ІІ па просьбе Мітрапаліта Сыльвестра.

1589 (ліпень) Сабор духавенства ў г. Вільні, скліканы Канстантынопальскім Патрыярхам Ярэміям ІІ, які вырашаў справы царкоўнае дысцыпліны і адстараніў Мітрапаліта Нічыпара ад кіраваньня Царквою і паставіў Кіева-Літоўскім (Наваградзкім) Мітрапалітам Міхайла Рагазу.

1589 (3-4 жніўня) Сабор у Супрасльскім манастыры з удзелам Патрыярха Ярэміі ІІ, які засудзіў Супрасльскага архімандрыта, наставіўшы іншага настаяцеля.

1589 (6 жніўня) Сабор у г. Берасьці з удзелам Патрыярха Ярэміі ІІ, які абраў япіскапа Луцкага экзархам Канстантынопальскага Патрыярхату.

1589 (кастрычнік – лістапад) Сабор пачаты ў г. Тарнопалі, а скончаны ў г. Камянцы-Падольскім (Украіна), дзе былі падпісаныя ўхвалы пра стаўрапігію Львоўскага і Віленскага Брацтваў.

1590 Сабор у г. Берасьці, скліканы дзеля абароны правоў Беларускае Праваслаўнае Царквы, ухваліў склікаць штогод Царкоўныя Саборы Кіева-Літоўскае Мітраполіі ў г. Берасьці.

1591 Сабор у г. Берасьці, які прыняў пастановы пра ўпарадкаваньне кіраваньня Беларускай Праваслаўнай Царквой і пра аднаўленьне выбараў кандыдатаў у япіскапы і сьвятары.

1593 (24-28 чырвеня) Сабор у г. Берасьці, які засудзіў дзеі япіскапа Львоўскага.

1594 (24 чырвеня) Сабор у г. Берасьці, скліканы па судовым царкоўным справам.

1594 (верасень) Надзвычайны Сабор у г. Наваградку, скліканы ў справах царкоўнага суда.

1596 (6-9 кастрычніка) Сабор у г. Берасьці – праваслаўны, альтэрнатыўны вуніяцкаму, які засудзіў вунію з Рымам.

( 1620 – 1686 Беларускія Япархіі – у складзе Кіеўскае Мітраполіі, якой вядомы Саборы: 1620 – у г.Кіеве, 1621 – у Бужы, 1621, 1627 – у г.Кіеве, 1628 – у Гарадку, 1628, 1629, 1640 – у г. Кіеве, 1663 – у г. Корсуні.) 
( 1686 – 1795 Праваслаўныя цэрквы ў Беларусі – у складзе Канстантын. Патрыярхата.) 

1791 (чырвень) Сабор Беларускага Праваслаўнага Духавенства і міранаў у г. Пінску (Пінская Кангрэгацыя), які пацьвердзіў сваё падпарадкаваньне Канстантынопальскаму Патрыярхату дзеля высьвяты ўласнае ярархіі і вырашыў стварыць, пасьля аднаўленьня ярархіі, Аўтакефальную Праваслаўную Царкву ў Рэчы Паспалітай.

( 1795 – 1922 Беларускія Япархіі – у складзе Расейскае Праваслаўнае Царквы, дзе Сабораў не адбываецца ад часу зьліквідаваньня Патрыяршаства, а толькі пасьля паваленьня царату, у 1917 г. адбыўся Сабор у г. Маскве, які абраў Патрыярха “Маскоўскага і ўсяе Расеі”. )
( 1921 – 1939 Заходнебеларускія Япархіі – у складзе Польскае Аўтакеф. Праваслаўнае Царквы) 



2. Саборы Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы:


1922 (10/23 ліпеня) З’езд (Сабор) кліру і вернікаў Менскае Япархіі ў г. Менску, абвесьціў незалежную Беларускую Праваслаўную Мітраполію.

1927 (27-28 ліпеня/9-10 жніўня) Сабор Духавенства і міранаў Беларускіх Япархіяў у г. Менску, абвесьціў Аўтакефалію Беларускае Праваслаўнае Царквы.

1942 (17/30 жніўня – 20 жніўня/2 верасьня) “Усебеларускі Праваслаўны Сабор” у г. Менску, абвесьціў аднаўленьне Аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы.


( Ад 1944 г. БАПЦ знаходзіцца на Эміграцыі, у Беларусі кіруе Маскоўскі Патрыярхат.) 

1948 (23-24 траўня/5-6 чырвеня) “Аднаўленчы” 2-гі Сабор БАПЦ (1-ы на Чужыне) у г. Канстанца (Constance), Нямеччына, які аднавіў ярархію і абвесьціў разбудову БАПЦ у Вольным Сьвеце на Эміграцыі (у Выгнаньні).

1972 (15/28 траўня) 3-ці Сабор БАПЦ (2-гі на Чужыне) у г. Гайлянд Парк, ЗША (Highland Park, NJ, USA), які абраў першагерарха і ўзвысіў яго ў ранг Мітрапаліта, аднавіўшы такім чынам Мітраполію Беларускае Праваслаўнае Царквы.

1984 (13-15/26-28 траўня) 4-ы Сабор БАПЦ (3-ці на Чужыне) у г. Манчэстэры, Англія (Manchester, England, U.K.), які абраў Мітрапаліта.

1990 5-ы Сабор БАПЦ (4-ы на Чужыне) у г. Нью Ёрку, ЗША (Brooklyn, NY, USA)

2003 (17/30 жніўня) 6-ы Сабор БАПЦ “Аб’яднаўчы” у г. Гайлянд Парку, ЗША, які давершыў аб’яднаньне двох галінак Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.



3. Архірэйскія Саборы.



4. Япархіяльныя Саборы.