17 кастрычніка 2009 г. у Парафіяльнай залі царквы Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў г. Гайлянд Парк (Н.Дж., ЗША) малітваю пачалося паседжаньне Рады Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, якая паміж Саборамі БАПЦ вядзе нагляд за царкоўнай адміністрацыяй і маёмасьцю Царквы і складаецца зь дзеючага сьвятарства і вернікаў – прадстаўнікоў Парафіяў Царквы. Яна разглядзела пытаньні цяперашняга стану жыцьця Беларускае Царквы, сярод якіх – заснаваньне новых рэлігійных Грамадаў, высьвяту новага сьвятара, прыняцьцё ў БАПЦ новых беларускіх сьвятароў, таксама й падзеі ў Катэдральным Саборы БАПЦ у Нью Ёрку. Рада БАПЦ падтрымала рашэньне Парафіяльнае Рады Катэдральнага Сабору: 1) пра суадносіны паміж Парафіяй і карыстальнікамі Парафіяльнай заляй (і інш. памешканьнямі царкоўнага будынку), сярод якіх: - наданьне арганізацыям і прыватным асобам, якія робяць унесак у БАПЦ і беларускую нацыянальную справу, у карыстаньне Парафіяльную залю бясплатна, прыкладна раз на месяц, на 1 (2) дні (у тым ліку – Беларускаму Музэю, што ладзіць мастацкія выставы); - сталая прысутнасьць у царкоўным будынку дазволена толькі структурным арганізацыям БАПЦ; 2) пра пераабраньне скарбніка Парафіі. Але Рада не падтрымала пастанову пра перанос да Парафіяльнага сходу разгляду заяваў вернікаў пра прыняцьцё іх у паўнапраўныя парафіяне Катэдральнага Сабору. Рада БАПЦ пастанавіла заснаваць Архіў-Музэй БАПЦ з экспазіцыяй у памяшканьнях Катэдральнага Сабору, у якім будуць захоўвацца й экспанавацца дакументы Беларускае Царквы, рэчы сьвятарства і вернікаў беларускае эміграцыі, куды людзі змогуць перадаць на захаваньне розныя рэліквіі і якія будуць належыць Царкве. Царкоўны Музэй ня будзе займацца Мастацкімі выставамі, якія ўжо болей за 2 гады ладзіць грамадзкі (прыватны) "Беларускі Музэй". Таксама Рада разгледзіла пытаньне пра асобаў, якія карыстаюцца імям БАПЦ, але не належаць да яе (Юры Рыжы, Ёван Пуріч і інш.), пытаньні вэб-сайту (www.belaoc.org), наступнага Царкоўнага Сабору, дакументацыі Кансысторыі БАПЦ і скончылася малітваю. Рада БАПЦ зьбіраецца прыкладна двойчы на год для вырашэньня агульнацаркоўных пытаньняў. япіскап Сьвятаслаў Логін Старшыня Рады й Кансісторыі БАПЦ. |