Дастойнаму сьвятарству й вернікам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Над Бэтлеяй зорка ясна на ўвесь сьвет зазьзяла..." (Беларуская калядка) Хрыстос родзіцца! Яго слаўце! У часе сьвяткаваньня гэтае найбольшае падзеі ў жыцьці чалавецтва каляднікі абвяшчаюць пра Вялікае сьвята суцяшэньня, любові, надзеі на лепшую будучыню. Штогод Праваслаўная Царква сьвяткуе Каляды – цуда прыходу Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасьвятое Тройцы, на Зямлю дзеля звальненьня людзей ад граху і сьмерці, дзеля вечнага нашага жыцьця. Гэты прыход доўгачаканага Месіі паяднаў людзей з Богам, даў ім сьвятло на шляху да праўды, магчымасьць усім мець збаўленьне, дасягнуць духоўнае дасканаласьці і пазнаць ісьціну. "Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет выратаваны быў празь Яго" (Ян. 3:17). Мы, хрысьціяне, носячы імя Хрыста, павінны выконваць Запаветы Божыя з любоўю да блізкіх, паказываючы гэта штодзённымі справамі. Сардэчна віншую ўсіх беларусаў на Радзіме й на Чужыне: у Амерыцы, Канадзе, Эўропе, Аўстраліі й іншых краях сьвету, якія любяць сваю Бацькаўшчыну, захоўваюць сваю веру і клапацяцца за Беларускую дзяржаву. Памолімся ўсе разам, каб радасьць калядная напоўніла нашыя сэрцы! Няхай Бэтлеемская Зорка асьвятляе шлях да дабра і справядлівасьці, любові і веры! Няхай у Навым 2010-м годзе з намі будзе Ласка Госпада Нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца й супольнасьць Сьвятога Духа! Амін. З малітваю, + Сьвятаслаў Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі Каляды 2009/2010 г. |