Жыцьцяпіс Менскае іконы Божае Маці
У 1500 годзе ў Менску адбылася падзея, якая на доўгія стагодзьдзі ўвайшла ў гісторыю горада і ўсяе Літвы-Беларусі: 13 жніўня (паводле старога стылю) ягоныя жыхары здабылі на водах Сьвіслачы цудоўна яўленую ікону Божае Маці, якая з тых часоў называецца Менскай і сьвята шануецца праваслаўнымі хрысьціянамі. Увесь гэты час ікона Менскае Божае Маці неадлучна знаходзілася ў горадзе: спачатку ў Ніжнім замку, затым - у Верхнім Месцы і ніколі не вынасілася зь яго. У 1591 годзе Менску быў дадзены герб, які паказвае на блакітным небе Маці Божую ў асяродзьдзі анёлаў. І сёньня, нягледзячы на трагічныя ўзрушэньні XX стагодзьдзя, гэты герб зноў з'яўляецца сімбалам Менску, бачна нагадваючы ўсім аб той падзеі, якая цудоўным чынам адбылася на водах Сьвіслачы стагодзьдзі таму! Аб з'яве ў Менску ў 1500 г. цудатворнага абраза распавядае паданьне, якое знаходзім у адной з кніг гісторыка Ігната Сьцябельскага, якая выйшла ў сьвет у беларускай старой сталіцы Вільні ў 1781 годзе. Ён, у сваю чаргу, карыстаўся рукапісам вуніяцкага яраманаха Яна Альшэўскага, які жыў на мяжы XVII-XVIII стагодзьдзяў. Адзін час гэты яраманах-базыльянін праходзіў послух у Менску, займаўся перапісваньнем царкоўных кніг, у прыватнасьці, жыцьцяпісаў сьвятых. Па зьвестках рэктара Менскай духоўнай сэмінарыі архімандрыта Мікалая Трускоўскага, які глыбока цікавіўся гістарычным мінулым Літвы-Беларусі , Альшэўскі склаў апісаньне цудаў, якія некалі адбыліся ад Менскай іконы Божае Маці. У XVIII ст. гэта апісаньне захоўвалася ў Менскім Сьвята-Духавым базыльянскім манастыры, на жаль, у наступным гэты рукапіс зьнік. Не выключана, што й да Альшэўскага ў тым жа манастыры захоўвалася рукапіснае апавяданьне пра абраз, але, магчыма, паданьне пра ікону перадавалася й вусна. Як бы там ні было, аб цудоўнай з'яве Менскае іконы мы даведаліся ад яраманаха Яна Альшэўскага ў пераказе Ігната Сьцябельскага. Апошні карыстаўся таксама невядомай кнігай нейкага X.Гумпенберга пад назвай «Аtlantе Маriаnо» («Атлас Марыі», на лацінскай мове). Акрамя паданьня, якое дайшло да нас у выкладзе Сцябельскага, якія-небудзь іншыя зьвесткі аб старажытным перыядзе гісторыі Менскае іконы Божае Маці (да 1500 г.) не прыводзяцца больш нікім. Пераданьне паведамляе, што абраз быў пісаны Сьвятым Апосталам і Дабравесьнікам Лукашом. На працягу шмат стагодзьдзяў ікона знаходзілася ў Бізантыі. Яе з'яўленьне ў Кіеўскай Русі зьвязана з прыняцьцем славянскімі плямёнамі Ўсходняе Эўропы – нашымі продкамі праваслаўнае веры. Пратаярэй Павал Афонскі, які напісаў невялікі артыкул аб Менскай іконе, прысьвечаны 400-годзьдзю яе цудоўнага здабыцьця, выказваў здагадку, што яна была прывезена сьвятым роўнаапостальным князем Уладзімерам з Корсуні (Херсанеса), горада, які знаходзіўся на Крымскім паўвостраве. Паданьне кажа, што абраз пяцьсот гадоў захоўваўся ў Дзесяціннай царкве г. Кіева, збудаванай у канцы Х ст. Аднак у гэтым храме сьвяты абраз мог знаходзіцца толькі да 1240 г., пакуль падчас нашэсьця татара-манголаў Кіеў ня быў разбураны, а разам зь ім на некалькі стагодзьдзяў (да 1635 г.) ня спыніла сваё існаваньне й Дзесяцінная царква. У цяжкі час татарскага пагрому абраз захаваўся. Хутчэй за ўсё, пабожныя жыхары Кіева яго недзе схавалі. У далейшым яна магла ўпрыгожыць сабою кіеўскі сабор Святое Сафіі - Прамудрасьці Божае. У 1482 годзе Кіеў зазнаў чарговага спусташальнага набегу татараў. Крымскі хан Менглі Гірэй, захапіўшы горад, «абрабаваў яго і выпаліў, узяўшы мноства палонных». Татары спустошылі Вялікую царкву Пячэрскага манастыра, а таксама Сафійскі сабор. Верагодна, тады адзін з татараў садраў са старажытнага абраза Божае Маці багата ўпрыгожаную шату, а саму ікону кінуў святатацкаю рукою ў воды Дняпра. Як кажуць у народзе, «Бог паганьбёны не бывае», – і ў 1500 г. абраз з'явіўся жыхарам Менску. Пераданьне паведамляе пра гэта як сьвяты абраз «ці то па вадзе, ці то супраць вады, цудоўным сродкам, або праз анёлаў перанесены да Менску, на рацэ Сьвіслачы пад замкам супыніўся, а сьвятлом незвычайным, якое зь яго зыходзіла, бачны, ад жыхароў места з вады здабыты, і да царквы Замкавай года 1500 дня 13 жніўня быў суправоджаны». Больш за стагодзьдзе абраз Божае Маці захоўваецца ў Ніжнім Замку Менска, у царкве Нараджэньня Прасьвятое Багародзіцы, якая ў XVI ст. лічылася саборнаю. Напэўна, дачуўшыся аб цудоўнай з'яве іконы, да яе на пакланеньне прыцякаюць паломнікі з розных старон Літвы й Русі (Беларусі і Ўкраіны), шырока разносячы весткі пра сьвяты абраз. І таму не выпадкова Ігнат Сьцябельскі згадваў абраз Менскае Маці Божае ў ліку найбольш шанаваных цудатворных абразоў Літвы-Беларусі, такіх як Віленская, Эфеская, Смаленская. У XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім шырокае распаўсюджваньне атрымала так званая царкоўная вунія. Многія храмы й манастыры гвалтоўна адбіраліся ў праваслаўных вернікаў і перадаваліся вуніятам. Ганеньні абрынуліся і на жыхароў Менску. Каля 1616 г. у Верхнім горадзе на месцы захопленай ў праваслаўных драўлянай Сьвята-Духавай царквы вуніяцкі архімандрыт Апанас Пакоста пачаў будаўніцтва каменнага базыльянскага храму, таксама названага ў гонар Сьвятога Духа. Каб прыцягнуць гараджан да вуніі, у гэты храм па распараджэньні вуніяцкага мітрапаліта Язэпа Руцкага быў перанесены цудатворны абраз Менскае Божае Маці. Пераданьне паказвае, што перанясеньне іконы зьдзейснілася ў дзень памяці святога Апостала і Евангеліста Лукаша (18 кастрычніка). Значыць, ужо тады лічылася, што абраз пісаны самім Ап. Лукашом. У 1626 г. згарэла саборная царква Нараджэньня Прасьвятое Багародзіцы. Праз некаторы час яе адбудавалі нанова. У 1635 годзе мінскі бурмістр Лукаш Багушэвіч хадайнічаў перад вуніяцкім мітрапалітам Язэпам Руцкім аб вяртаньні цудатворнага абраза ў гэтую царкву, але атрымаў адмову. У сваёй адмове бурмістру Язэп Руцкі пісаў: «Церковь будовати позволили образу еднак Пречистой Девы Марыи преносит неповелеваем, вечными часы оного пры церкви Стого Духа зоставившы, для того же болшая учтивост од законников емуся деет, и брацтво пры том образе в церкви Стого Духа заложено ест ... ». Так Менскі абраз Маці Божае апынуўся ў новым базыльянскім храме. Пры ім дзейнічалі два манастыры: мужчынскі й жаночы. Захаваліся цікавыя зьвесткі аб тым, як шанаваўся абраз манахамі-базыльянамі. У 1733 г. вуніяцкі архімандрыт Аўгустын Любянецкі ахвяраваў для ягонага асабліва ўрачыстага шанаваньня 1000 талераў. На гэтыя грошы пры Сьвята-Духавым храме зьмяшчалася капэла, якая сьпявала падчас набажэнстваў перад іконай. Акрамя таго, штодня раніцай і ўвечары ў храме граліся гімны, якія праслаўляюць Дзеву Марыю і Ейны абраз: «Salve Reginas» («Радуйся Каралева») і «O gloriosa Domina» («О слаўная Спадарыня»). Увесь гэты час жыхары Менску не забывалі пра тое, дзе першапачаткова знаходзіўся абраз Божае Маці. У візыце (інвентарным вопісы) за 1779 г., які зьмяшчае апісаньне замкавай царквы Засьненьня Багародзіцы, якая раней называлася Раства-Багародзічнай, знаходзім такі запіс: «З давней ведомости: образ цудовны Найсьвятей Марыи Панны, кторы Базилианами ... забраны ... з замку до церкви Базилианов ... ». Гэты запіс вызначана паказвае на тое, дзе першапачаткова захоўвалася ікона. У канцы XVIII ст. Вялікае Княства Літоўскае было гвалтоўна прыяднана да Расейскае імперыі, а Праваслаўная і Вуніяцкая Цэрквы Літвы-Беларусі прыяднаныя да РПЦ. Старажытны горад Менск расейцы называюць на польскі лад “Мінск”. Сьвята-Духаў храм быў перададзены праваслаўным і ператвораны ў катэдральны сабор. Такім чынам, на тым месцы, дзе з спрадвечных часоў дзейнічала праваслаўная царква, яна і адрадзілася. Але многія беларускія царкоўныя кнігі са старажытнымі летапісамі, службамі й малітвамі, у тым ліку й тыя, што тычацца Менскага абраза Божае Маці, зьнішчаоцца па загаду Сінода РПЦ. У 1795 г. катэдральны сабор быў пераасьвячаны ў імя Сьвятых Апосталаў Пётры і Паўла. У 1835 г. ён моцна пацярпеў ад пажару, які ахапіў большую частку горада, але абраз ўдалося выратаваць. У 1852 г. спадарыня Е.П.Шкларэвіч, жонка менскага губернатара Ф.П.Шкларэвіча, пры садзейнічаньні некалькіх дабрачынных асобаў зь Менску й Санкт-Пецярбургу, ахвяравала абразу Божае Маці новую, упрыгожаную рознымі каштоўнасьцямі, срэбраную пазалочаную шату (рызу). Напярэдадні сьвяткаваньня Нараджэньня Хрыстовага гэтая шата была асьвячана япіскапам “Мінскім і Бабруйскім” Міхаілам Галубовічам. Сьведчаньнем глыбокага ўшанаваньня мясцовым людам цудатворнага абраза ў XIX ст. з'яўляецца тое, што кожны раз пасьля заканчэньня Боскае Літургіі перад іконаю з укленчаньнем сьпяваўся трапар: «Пад тваю Міласьць схіляемся Багародзіца Дзева». У гонар абраза была асьвячана правая прыбудова сабора сьвятых апосталаў Пётры й Паўла. Перад іконаю стала служыліся малебны. У «апісаньні цэркваў і парафіяў Менскае япархіі» (1878 г. выд.) цудатворны абраз характарызаваўся наступным чынам: «Вышыня два аршыны, шырынёю аршын і 5 з 1/2 вяршкоў, старажытнага бізантыйскага пісьма, пісаны на драўлянай дошцы, пакрыты вычаканенаю з срэбра 84 пробы паліраванаю шатаю; над абліччамі знаходзяцца сярэбраныя ж, пазалочаныя кароны; у кароне Божае Маці знаходзіцца шэсць, а ў кароне Прадвечнага Дзіцяткі чатыры невялікіх дыяманты; ўся шата й кароны ў розных месцах ўпрыгожаныя рознакаляровымі стразамі ». Летам 1888 г. Менск наведаў вядомы царкоўны гісторык і археолаг, прафесар Кіеўскае духоўнае акадэміі Н.І.Пятроў, пабываўшы ў Сьвята-Пятра-Паўлаўскім саборы і пакланіўшыся іконе, ён зрабіў такую нататку пра яе: «Несумненна, што гэта – адна з самых старажытных і найлепш захаваных іконаў ва ўсім Паўночна-Заходнім краі». Пасьля ўказа расійскага цара Мікалая І ад 30 ліпеня 1840 г. пра забарону назаву “Беларусь”, расейцы пачалі яе называць “Паўночна-Заходнім краем” (раней быў забаронены й старажытны назаў “Літва”). Як і ў старажытнасьці, абраз прыцягваў да сябе многіх багамольцаў. Пратаярэй Павал Афонскі пакінуў нам годнае увагі апісаньне таго, як пакланяліся іконе Менскае Маці Божае да рэвалюцыі. «...Можна з пэўнасьцю меркаваць, – пісаў ён, – што нават і пры гэтым зьбядненьні веры ў сэрцах хрысьціян, зьдзяйсняюцца прасьвядныя вылячэньні розных немачаў і хваробаў па малітвах да Маці Божае перад Ейным Менскім абразом , пра што сьведчаць прынасімыя часам, па заходнерускаму (беларускаму) звычаю, ахвяраваньні для ўпрыгожваньня гэтага сьвятога абраза ў выглядзе зробленых з розных металаў выяваў розных частак цела (напрыклад, зробленыя з срэбра выявы рук, ног ці сэрца), гледзячы па тым, у якой частцы цела хворы адчуў палёгку пасля гарачай малітвы перад Менскім абразом Маці Божае; акрамя таго некаторыя асобы, якія атрымалі ацаленьні, разам з ахвяраваньнямі на ўпрыгожваньне гэтае іконы, якія апускалі ў кружку, прыкладаюць часам і кароткія запісы аб вылячэньні ад хваробаў, хоць не паведамляюць падрабязнасьцяў і імёнаў сваіх». У жніўні 1900 г. праваслаўныя жыхары Менску ўрачыста адзначылі 400-гадовы юбілей з дня здабыцьця цудатворнага абраза. Япіскапам “Мінскім і Тураўскім” Міхаілам Цёмнарусавым была адслужаная Літургія. Да яе заканчэньня да Сьвята-Пятра-Паўлаўскага катэдральнага сабору прыбылі крыжовыя хады з Кацярынінскага сабору, Казанскае царквы, Сьвята-Духава і Сьвятога Ператварэньня манастыроў горада. На плошчы перад катэдральным саборам у прысутнасьці многіх тысяч вернікаў быў зьдзейсьнены сьвяточны малебен. Пры кіруючым япіскапе Мітрафане Краснапольскім (1912 – 1916 г.г.) у дзень цудоўнага здабыцьця іконы яе сталі выносіць раз у год з катэдральнага сабора, ставіць на спецыяльна уладкованы аналой і служыць малебны. На малебны да сабора сьцякаліся хросныя хады зь іншых храмаў Менску. Сьвятому Менскаму абразу Багародзіцы ў 1914 г. пакланіўся расейскі імператар Мікалай ІІ, які прыняў у дар копію гэтае іконы. Цяжкія часы надышлі ў Менску пасьля бальшавіцкага перавароту і захопам савецкай Расеяй Беларускае Народнае Рэспублікі (і падзелам яе паміж Расеяй і Польшчай у 1921 г.). Увесну 1922 г., падчас кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасьцяў, з цудатворнага абраза была зьнятая шата. Парафіяне катэдральнага сабору спрабавалі захаваць рызу і выплацілі за яе роўную па кошту суму золатам і каштоўнасьцямі, але ўлады, ахвотна прыняўшы гэты збор, праз некалькі дзён «... злупілі і саму шату з іконы Божае Маці». 10/23 ліпеня 1922 г. у катэдральным саборы пры ўдзеле мноства народу быў абвешчаны акт стварэньня Беларускае Праваслаўнае Мітраполіі незалежнае ад расейскае царквы, што было пастаноўлена падчас Епархіяльнага Сабору ў Менску. Мітрапалітам быў абраны япіскап Мельхісадэк, які пазьней, у 1931 г. быў атручаны ў адным з маскоўскіх храмах расейскім духавенствам. А ўжо 9-10 жніўня (н.ст.) 1927 г. Царкоўны Сабор у Менску аб’явіў Аўтакефалію Беларускае Праваслаўнае Царквы, адозва якога таксама ў прысутнасьці цудатворнага абраза ўрачыста была зачытана ў катэдры. Да 1935 г. ікона знаходзілася ў Сьвята-Пятра-Паўлаўскім саборы. Да таго часу гэты храм у Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы з дапамогай бязбожных уладаў захапілі расейскія абнаўленцы, якія выступалі за адмену найважнейшых кананічных правілаў жыцьця Царквы. Кіраўнік абнаўленцаў мітрапаліт Сергі, раней адлучаны ад РПЦ, пазьней стаў Патрыярхам РПЦ. Жыхары Менску і Менскага краю мала наведвалі храмы, дзе служыла расейскае духавенства, а падтрымоўвалі сваю Беларускую Царкву, часта баронячы свае храмы. Уначы летам 1936 г. Сьвята-Пятра-Паўлаўскі сабор быў падарваны расейскімі бальшавіцкімі ўладамі. Менск згубіў аднаго з найпрыгажэйшых храмаў, які з'яўляўся сапраўдным упрыгожваньнем ягонага гістарычнага цэнтру. Абраз Божае Маці ўлады забралі ў краязнаўчы музэй. У запасьніках гэтага музэя, якія разьмяшчаліся недалёка ад Дома Афіцэраў, цудатворны абраз праляжаў да прыходу ў Менск ІІ Сусьветнае вайны. У 1941 г. пасьля хуткага адступленьня Чырвонае Арміі, калі пачалі адчыняцца па Беларусі цэрквы, новы дырэктар Менскага гістарычнага музэю спадар Антон Шукелойць павярнуў Менскі цудатворны абраз праз япіскапа Філафея, які мастак і іканапісец Г.Віер з дапамогай нямецкіх акупацыйных уладаў рэстаўраваў. Яго зьмясьцілі ў царкве Сьв. Ап. Пётры і Паўла на Нямізе. Пасьля прыходу савецкіх войскаў і закрыцьця гэтае царквы ў 1945 г. абраз Божае Маці быў перанесены ў Сьвята-Духаў катэдральны сабор, які да рэвалюцыі і пры нямецкай акупацыі служыў храмам мужчынскага манастыра. У гэтым саборы, які цяпер ёсьць галоўным храмам Беларускага Экзархату РПЦ, Менскі цудатворны абраз захоўваецца й да сёньня. |
Беларускія Сьвятыні / Belarusan Shrine > Беларускія Цудатворныя іконы / Belarusan Miraculous icons > Менская >