Праўдная Сохвія, княгіня Слуцкая (+1612)
Памяць: стары стыль – 19 сакавіка; новы стыль – 1 красавіка
Іконы
Ж ы ц ь ц я п і с
Праўдная Слуцкая княгіня Сохвія Юр’еўна Алелька (Радзівіл), цудатворца.
Сьвятая праўдная Сохвія (Соф’я) Слуцкая – адна з найбольш шанаваных беларускім народам сьвятых, рэўнасная абаронка Беларускага Праваслаўя ў часы вуніі, яна была апошняю з роду Алелькавічаў, прозьвішча якіх паходзіла ад кн. Алелькі (Аляксандра), унука Вялікага Літоўскага (Беларускага) князя Альгерда, праўнука кн. Гедзіміна. Слуцк, што стаіць на рацэ Случ, вядомы па летапісах з 1116 г. як горад Тураўскага княства, з кан. 12 ст.- сталіца асобнага Слуцкага княства. У 1441 г. горад атрымаў Магдэбурскае права. Гербам Слуцкіх князёў Алелькавічаў быў герб Пагоня.
Ейная прапрабабка княгіня Анастасься Слуцкая (Мсьціслаўская) была мужнаю абаронцаю Слуцка і Беларускае зямлі ад набегаў татараў. Ейны дзед Юры ІІ Юр’евіч вызначаўся пабожнасьцю: ён уласнаручна перапісаў Евангельле для слуцкага Сьвята-Траецкага манастыра, разам з жонкай Кацярынай Тучынскай апекаваўся Слуцкімі храмамі. Сохвія была адзінай дачкой Слуцкага князя Юрыя ІІІ Юр’евіча, які за вернасьць Праваслаўю быў пазбавлены месца ў сойме Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, але ўсё ж застаўся патронам Праваслаўя ў краі. Захаваліся зьвесткі пра ягоныя дары Царкве, напрыклад, у 1580 годзе ён дорыць Дабравешчанскай царкве Сьвята-Траецкага манастыра літы сярэбраны настаяцельскі посах. Ад яго нядоўгага шлюбу (адзін год) з дачкою ліцьвінскага магната Барбараю Кішкай, 1 траўня 1585 года нарадзілася Сохвія. У тым жа годзе памерла ейная маці, а 6 траўня наступнага 1586 года – бацька, які быў пахаваны ў слуцкай мураванай Засьненскай царкве, узьведзенай у пач. ХVІ ст. па загаду княгіні Анастасьсі Алелька замест старажытнай драўлянай у Верхнім замку. Апека над Сохвіяй перайшла ў рукі ейных сваякоў: спачатку да жмудзкага старасты Юрыя Хадкевіча, які ўзяў маленькую сірату да сябе ў Вільню, а затым, пасьля сьмерці апошняга, да Віленскага кашталяна, Берасьцейскага старасты, Гераніма Хадкевіча. Сваякі Хадкевічы былі праваслаўнымі, і выхоўвалі Сохвію ў Праваслаўі. Пасьля сьмерці родных дзядзькоў (па бацьку), якія перайшлі ў каталіцтва, Аляксандра (1591 г.) і Яна Сымона (1592 г.) Алелькавічаў да Сохвіі адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк, Капыль, мястэчкамі Раманава, Старобін, Любань, Пясочнае, Ленін і 32 фальваркамі.
Абодва Хадкевічы, апекуны юнае сіраты, запазычылі князям Радзівілам значныя сумы грошаў і хацелі выкарыстать сваю апеку, каб за кошт вялізных маёнткаў князёўны вярнуць даўгі, ды й яшчэ шмат прыдбаць. Паводле гэтага Хадкевічы і князі Радзівілы заключылі пісьмовае пагадненьне адносна выдачы князёўны Сохвіі Алелька, пасьля дасягненьня ёю паўналецьця, за сына Віленскага ваяводы Крыштапа,- Януша Радзівіла, князя нясьвіжскага (у будучым віленскага кашталяна). Пасьля гэтага пагадненьня князю Янушу Радзівілу было дазволена бачыцца з князёўнай Сохвіяй, якая жыла тады ў Вільні, у доме Хадкевічаў, якой было на той час 11 гадоў, і яна лічылася нявестай князя Януша.
Усё шло добра, але раптам Радзівілы за доўг Хадкевічаў наклалі забарону на іхны маёнтак Копысь. Разгневаныя Хадкевічы неадкладна забаранілі спатканьні князя Януша з князёўнай Сохвіяй. Ні той, ні іншы бок ня думалі саступаць і сталі фармальна рыхтавацца да вайны. Радзівілы сабралі да 6 тысяч чалавек узброенай пяхоты й конніцы і моцна ўмацавалі гарматамі свой палац. Хадкевічы, са свайго боку, умацаваліся ў сваім палацы ў цэнтры Вільні, узброілі больш за 2 тысячы чалавек зь ліку сваёй чэлядзі і выставілі 24 гарматы. Так у Вільні, у цэнтры Беларускае сталіцы, рыхтавалася вялікае кровапраліцьце, сапраўдная бітва, як паміж ворагамі, да спыненьня якога заклікаў вуніяцкі мітрапаліт Іпацій Пацей і накіраваныя каралём Жыгімонтам ІІІ Вазаю пасярэднікі, і мір прыйшоў па малітвах добрапамыснай Сохвіі і ейнае згоды на шлюб. Новае пагадненьне адбылося на наступных умовах: былі адменены ўсе грашовыя прэтэнзіі Радзівілаў да Хадкевічаў, апошнім было выдадзена пісьмовае пацьверджаньне аб правільным вядзеньні спраў па апецы над маёнткамі князёўны Сохвіі, больш таго, Хадкевічы атрымалі значную грашовую суму – 360 080 злотых і 500 валок зямлі адступнога і іх доўг быў скасаваны.
Пасьля таго, як князёўна Сохвія ўступіла ў шлюбны ўзрост, князь Януш Радзівіл зьвярнуўся да папы Рымскага з прашэньнем дазволіць яму, каталіку, уступіць у шлюб са сваёй сваячніцай (маці Януша Радзівіла Кацярына паходзіла з роду князёў Астрожскіх, якія былі сваякамі князёў Алелькавічаў) князёўнай Сохвіяй Слуцкай, якая застаецца ў Праваслаўі, з умовай, каб і дзеці як мужчынскае, так і жаночае стаці ад гэтага шлюбу былі абавязкова праваслаўнымі. Тэкст гэтага прашэньня ў перакладзе з лацінскае мовы такі:
“Сьвяцейшы і Дабрашчасны ойча, Уладыка, літасьцівы Гаспадар! Пасьля цалаваньня ног Вашага Сьвяцейшаства (паведамляю): колькі гадоў таму ў мяне адбыўся шлюбны дагавор са слаўнаю Сохвіяй, дачкою Юрыя, слуцкага князя. У дагаворы запісана, што яна знаходзіцца ў чацьвёртай ступені крэўнага сваяцтва са мною, таму тайна шлюбу ніяк ня можа зьдзейсьніцца над намі. Але так як Ваша Сьвятасьць самымі законамі з таго ўзвышанага месца, на якое ўсемагутны Бог паставіў Ваша Сьвяцейшаства вярхоўным уладаром, мае сілу й моц гэтымі законамі кіраваць і распараджацца ў адпаведнасьці з абставінамі часу й людзей, то я зь вялікай пакорай малю Ваша Сьвяцейшаства, каб Ваша Сьвятасьць згодна з той міласьцю, якую яна праяўляе да ўсіх, хто прыпадае да яе, праявіла добрую волю прыйсьці на дапамогу таксама й мне, які падтрымлівае сьвятую каталіцкую веру, і сваёю ўладаю дазволіла мне гэты шлюб. А паколькі ўсе цэрквы, якія належаць самой Сохвіі, у ліку яе пасагу мне ўжо даўно абяцаныя, то я зь юрыдычнай асьцярожнасьці абавязаўся, каб яны заставаліся пры сваіх прывілеях і вольнасьцях. І мною было дакладна прадпісана, каб сама дзяўчына магла жыць са мною, каталіком, без перашкоды адносна ейнае рэлігіі. Між тым даручаю сябе міласэрнасьці Вашага Сьвяцейшаства і яшчэ раз з пакорай умаляю Ваша Сьвцейшаства, каб Ваша Сьвятасьць міласьціва згадзілася на гэтую маю просьбу. Напісана 20 дня ліпеня 1600 году.
Вашага Сьвяцейшаства пакорны паслушнік Януш Радзівіл, князь Біржанскі і Дубінскі.”
(лацінскі тэкст гэтага прашэньня зьмешчаны ў кнізе “Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии. № 41).
Вясельле Сохвіі з кн. Янушам адбылося 1 кастрычніка 1600 г. паводле праваслаўнага абраду ў праваслаўным Берасьцейскім саборы, сьвята Пакроваў для дня шлюбу была абрана маладой князёўнай, бо ейнай абаронцай на працягу жыцьця была Божая Маці. З нагоды гэтага шлюбу й абавязку выхаваньня дзяцей у праваслаўнай веры, ў далейшым узьнікла перапіска паміж Канстанцінопальскім Патрыярхам і Рымскім папам, якая закончылася нічым. Але хутка ў выніку моцных прэтэнзій з боку Рымскага прастолу, князь Януш Радзівіл пакінуўшы каталіцтва, перайшоў у кальвінскую веру. Адразу пасьля вясельля княгіні даводзілася падоўгу заставацца адной, бо кн. Януш удзельнічаў спачатку ў Шведзкай, а пазьней – у вайне з Масковіяй.
Суцяшэньнем для княгіні Сохвіі пры ўсіх бедах у жыцьці была Праваслаўная вера. Усялякую скруху сваю зь дзяцінства яна ўскладала на Бога. Да ўсіх жыцьцёвых трывог Сохвіі, якая адрозьнівалася асаблівай хрысьціянскай дабрадзейнасьцю, далучылася яшчэ адно страшнае гора – царкоўная вунія з Рымам, прынятая япіскапамі Кіева-Літоўскае (Наваградзкае) Мітраполіі ў 1596 годзе ў Берасьце, што пасеяла вялікае замяшаньне ў Беларусі й на Ўкрайне. У пярыяд аб’яўленьня вуніі горад Слуцк належаў Сохвіі. Вось яна й сталася для праваслаўнага насельніцтва Слуцка і для яго праваслаўных сьвятыняў абаронцай і ахоўніцай. Спрадвеку праваслаўны горад Слуцк менавіта ў ёй знайшоў той вялікі маральны аўтарытэт, тую маральную й матэрыяльную падтрымку, якія зь першых дзён аб’яўленьня вуніі далі магчымасьць праваслаўным жыхарам Слуцка аб’яднацца пад покрывам сьвятыняў у Зьмяненскае брацтва для стойкае абароны роднага Праваслаўя, старажытнае беларускае-ліцьвінскае народнасьці і свае Бацькаўшчыны Літвы-Беларусі. У плённай дзейнасьці гэтага брацтва княгіня Сохвія заўсёды прымала самы жывы й дзейны ўдзел як высокаймянітая братчыца. Свайго мужа, хоць і каталіка, а пазьней кальвініста, яна настойліва ўпрасіла хадайнічаць перад каралём Рэчы Паспалітай і атрымаць грамату аб забароне прымушаць праваслаўных да вуніі. Грамата была дадзена, падтрымка і абарона Праваслаўя супраць вуніі з боку княгіні Сохвіі ўвянчалася поўным посьпехам. Дзякуючы ёй, як вялікай ахоўніцы Праваслаўя, Слуцк застаўся адзіным з гарадоў Беларусі, дзе не было вуніяцкіх Парафіяў (на той час у горадзе апроч мужчынскага Сьвята-Траецкага манастыра, дзейнічала 15 праваслаўных храмаў) і які вытрымаў увесь гнёт каталіцызму і быў моцнай цьвярдыняй Беларускага Праваслаўя, захаваўшы яго цэласнасьць, чысьціню і непарушнасьць, так што ўся карэнная вера Праваслаўная ўцалела у тым самым выглядзе, у якім яна насаджана была першымі асьветнікамі славянаў. (Але, перажыўшы націск польскага каталіцызму, вуніі і іншыя нягоды, Беларускае Праваслаўе пазьней была зьнішчана Сінодам Расійскае Праваслаўнае Царквы пасьля далучэньня Слуцкага княства да Расійскай Імперыі ў 1793 г. і захопу ўсяе Літвы-Беларусі.)
Нават пасьля сьмерці княгіні Сохвіі, дзякуючы традыцыям, закладзенымі ёй, выдаваліся граматы ў абарону Праваслаўя яе мужам князем Янушам Радзівілам і княгіняй Людзьвікай Радзівіл. У першай Грамаце была сказана:
“Цэрквы і манастыры рэлігіі старарускай у маёнтках маіх па-ранейшаму павінны быць захаваныя і нашчадкі мае павінны сачыць, каб не было ў тым аніякай перамены.”
(Гэты дакумэнт захоўваўся ў архіве Слуцкай рэфармацкай кансісторыі.)
Другая Грамата ў перакладзе з польскае мовы:
“Давёўшы ўсім, каму трэба ведаць, што цэрквы рэлігіі старой грэка-рускае, зь незапомных часоў пабудаваныя й арандаваныя ў Слуцку і Капылі й па ўсім княстве Слуцкім і Капыльскім, таксама й у маёнтках маіх Койданаўскім, Капыльскім, Бельскім, Заблудаўскім, Невельскім, Себежскім і іншых, каб заўсёды былі пад дабраславенствам Усходняга Канстанцінопальскага Патрыярха, як і дабрашчаснай памяці князі й княгіні, продкі мае, заўсёды гэтай рэлігіяй і падданымі праваслаўнымі апекаваліся, таму яны дагэтуль карысталіся і цяпер карыстаюцца свабодай свайго стара-грэцкага багаслужэньня і сілай царкоўных правілаў у духу Царквы Ўсходняе. А таму гэтым правілеем сваім абавязваю, каб цэрквы, архімандрыі, ігуменствы, манастыры й брацтвы ў княстве Слуцкім і іншых маіх уладаньнях на вечныя часы непарушна, без усялякай перамены захоўваліся ў поўнай свабодзе свайго багаслужэньня пад Канстанцінопальскім дабраславенствам і ўва ўсіх сваіх звычаях і абрадах царкоўных. Акрамя таго, на месца спачылых сьвятароў, уніяты не павінны пастаўляцца і вунія ў гэтыя цэрквы не павінна ўводзіцца ніякім гвалтоўным ці прадуманым чынам; але няхай будзе ім дазволена для пасьвячэньня сьвятароў зьвяртацца да Ўладык невуніятаў, якія знаходзяцца ў межах Кароны і Літвы, а пры недахопе іх, езьдзіць за мяжу без усялякіх перашкод і малейшых цяжкасьцяў. Усё гэта выконваць, як і абяцаў духавенству слуцкаму, а таксама пераемнікаў сваіх абавязываю гэты прывілей дакладна й непарушна выконваць.”
(Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии. № 152.)
Акрамя абароны Праваслаўя й беларускай народнасьці, княгіня Сохвія заўсёды клапацілася пра матар’яльнае забясьпечваньне манастыроў, цэркваў і кліру, шчодра ахвяруючы на храмы Божыя, уласнаручна вырабляла для цэркваў каштоўныя, вышытыя золатам і срэбрам сьвятарскія аблачэньні, ахвяравала сродкі на пабудову цэркваў. Як высокаймянітая паломніца падарожнічала нават у аддаленыя цэрквы ў дні Парафіяльных сьвятаў. Існавала жывое паданьне, што яна абавязкова прыходзіла пешшу ў пабудаваную выключна на ейныя сродкі Пакроўскую царкву на Мір-гары Языльскае Парахвіі Бабруйскага павету, куды ў дзень Пакроваў Прасьвятое Багародзіцы зьбіралася мноства багамольцаў. Да ахвяраваньняў на карысьць цэркваў і кліраў яна схіляла й свайго мужа, які між іншым, Граматай ад 28 сьнежня 1611 г. надаў слуцкай Уваскрасенскай царкве маёнтак Мялешкавічы, у 1854 г. ён адышоў у казну, а клір за яго атрымліваў штогод даход каля 200 расійскіх рублёў. (“Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии.” № 45)
Дзякуючы дзейнасьці слуцкай княгіні Сохвіі, горад Слуцк яшчэ пры жыцьці гэтай вялікай угодніцы Божай атрымаў асаблівае значэньне ў рэлігійных адносінах для ўсяе Літвы-Беларусі, бо захаваў ува ўсёй чысьціні і недатыкальнасьці Праваслаўе, у выніку чаго паступова станавіўся рэлігійным цэнтрам, у ім яшчэ раней была ўсталевана Архімандрыя, вакол Слуцка групаваліся праваслаўныя сілы ўсяе Беларусі.
Адышла да Госпада праўдная Сохвія Слуцкая 19 сакавіка 1612 года, маючы ня поўных 27 гадоў, ад родаў дачкі, якая разам з ёй і памерла. Раней памерлі ейныя малыя дзеці: у 1604 г. – сын Мікалай, а ў 1608 г. – дачка Кацярына. Сябра ейнага мужа, паэт Саламон Рысінскі паклаў такія радкі “Эпітафіі” (жалобнае песьні на сьмерць Сохвіі):
“Ты захавалася ў сузор’і Слуцкім адзіна,
Паміж літоўскімі, славай найяскравейшая першая дачка!
Хіба ты ня меней рыцар, чым горды муж твой вялікі?
Моц якая, наляцеўшы, нечакана цябе забрала ...”
Пахаваная праўдная Сохвія была ў Слуцкім Сьвята-Траецкім манастыры. Цела яе было пакладзена ў драўляную грабніцу, усталяваную ў металічную цынкавую, пакрытую зьверху пакрывалам цёмна-малінавага колеру, на якім была напісана: “Блажении алчущіе, ибо тіи утешатся” і прымацаваны герб слуцкіх князёў Алелькавічаў. На вонкавым баку цынкавай грабніцы літымі літарамі напісана: “1612 года, сакавіка 19, спачыла дабраверная Соф’я, княгіня слуцкая Алелькаўна Юр’евічаўна, Альгердава племя, і пакладзена была ў Слуцку, у манастыры Сьвятой Жываначальнай Тройцы.” Доўгі час мошчы Сьвятое знаходзіліся пад алтаром Спаскага храму Траецкага манастыра. У 1904 г. яны былі перанесены ў зімнюю капліцу манастыра. А ў 1912 г. грабніца гэтая была зьмешчана за правым клірасам Сьвята-Траецкага сабору. Побач з ёю ў гэтым жа саборы знаходзіліся мошчы Сьв. мучаніка-дзіцяці Гаўрылы Заблудаўскага (Беластоцкага). На салеі, паміж іканастасам і грабніцай праведнае Сохвіі, стаяла ў ківоце родавая ікона слуцкіх князёў – цудатворны Слуцкі вобраз Божае Маці ў дарагой срэбнай рызе, усыпанай каштоўнымі камянямі. Перад ёю кожную сыботу перад Літургіяй на працягу года настаяцелем і браціяй манастыра служыўся малебен да Прасьвятое Багародзіцы, злучаны з Акафістам. Уся ікона была ўвешана рознымі падвескамі, ахвяраванымі ў розныя часы багамольцамі. Мошчы праўднай Сохвіі, нягледзячы на доўгі пярыяд часу, добра захаваліся, адрозьніваюцца мяккасьцю. Яны маюць колер сьветла-жоўтага воску, палевы, вусны, зубы, нос, вочы, валасы, бровы й павекі – цэлыя, вочныя яблыкі выпуклыя, рукі складзеныя накрыж на грудзях. У старыя часы пабожныя гараджанкі на сабраныя ў складчыну грошы й ахвяраваньні рыхтавалі шаўковае ці атласнае адзеньне, у якое яе й пераапраналі толькі жанчыны. У народзе Сьвятая здаўна лічылася ахоўніцай хворых жанчын, у якое малітоўна просяць нябеснай дапамогі ад розных хвароб і пры цяжкіх жыцьцёвых абставінах, да грабніцы яе прыходзіла шмат паломнікаў з усяе Беларусі й з розных краёў.
Падтрымка й абарона Праваслаўя з боку княгіні Сохвіі не абмежавалася яе зямным жыцьцём. Пасьля сьмерці, удастоіўшыся за сваё пабожнае жыцьцё асаблівай міласьці Божай – нятленьня цела й цудатварэньня, яна стала вечнай апякункай Слуцка, усяе Беларускае зямлі й усіх хто малітоўна зьвяртаецца да яе пры ўсялякіх жыцьцёвых нягодах. Каля мошчаў гэтае вялікае ўгодніцы Божае (падобна як і ля ракі іншае вялікай беларускай сьвятой Еўпрасіньні Полацкай), адбывалася мноства ўражальных цудаў, запісы якіх амаль не захаваліся да нашага часу. У архіве слуцкага Траецкага манастыра на пач. ХХ ст. быў знойдзены запіс цудаў па малітвах да дабравернай слуцкай княгіні Сохвіі, складзены настаўнікам Слуцкай семінарыі ераманахам Маркіянам, але з-за старасьці ён ня мог быць цалкам адноўлены. Вось некаторыя з запісаў:
“Цуды дабравернае слуцкае княгіні Сохвіі Алелькаўны, мошчы якое ў Слуцкім Сьвята-Траецкім манастыры нятленна знаходзяцца.
1811 года, месяца ліпеня. Здарылася ў мяне на вялікім пальцы правай рукі немач, званая “волас”, ад якое я цярпеў пяць тыдняў, а ад зёльнае хваробы ўпаў у бяссонніцу й дзевяць дзён і столькі ж начэй ня спаў. Мноства лекавых сродкаў ужыўшы й адпакутаваўшы, ледзь пазбавіўся ад хваробы. Але ў 1815 годзе, у сакавіку месяцы, зноў здарылася такая ж немач на ўказальным пальцы маім і пачалася ўзмацняцца і балець. Ведаючы мае ранейшыя амаль невыносныя пакуты, пачаў я плакаць вельмі й баяцца, каб не здарыўся прыпадак, падобны да першага і стаў думаць: што рабіць? Пачаў я маліцца са сьлязьмі да Госпада, каб пазбавіў Ён мяне ад хваробы. І ў час малітвы прыйшла да мяне думка, каб прасіць аб ацаленьні пальца майго нятленьнем праслаўленую дабраверную княгіню Сохвію Алелькаўну, якая спачывае ў гэтым Сьвята-Траецкім манастыры. І калі я пачаў маліцца ёй са скрушаным сэрцам і сьлязьмі й казаць: “Дабраверная слуцкая княгіня Сохвія, якая тут у нас спачываеш, малю цябе старанна: ацалі вельмі балючы палец мой малітваю тваёй да Бога, і калі ацаліш мяне, то праз гэта я зразумею, што ты спадобілася Ласкі Божае і жывеш у мясьціне выбраньнікаў Божых”. Пасьля такой малітвы маёй, якая вылівалася з глыбіні сэрца майго, боль прайшоў, а праз некалькі дзён мой палец поўнасьцю загаіўся, так што й сьледу няма. Пра гэта па загаду свайго хрысьціянскага сумленьня абвяшчаю ўсім дзеля праслаўленьня імя Божага і дабравернай княгіні Сохвіі я, Менска-Слуцкае семінарыі настаўнік рыторыкі й Закона Божага, саборны ераманах Маркіян.
Таксама перад прыходам у горад Слуцк французскага войска сабралася тут, каля Сьвята-Траецкага манастыра, мноства расійскага войска, бо 7 ліпеня ў ноч павінна была быць бітва. І многія воіны расійскія пераконвалі манахаў вывезьці манастырскія сьвятыні. Даведаўшыся пра гэта, жыхары горада прасілі, каб не рушылі зь месца грабніцу Сьв. Сохвіі, бо яна, нібыта, паміраючы, сказала: “Калі цела маё ў час якога бедства абнесена будзе вакол майго горада Слуцка дзеля людзей веры праваслаўнай суцяшэньня, то буду ўмаляць Бога, каб не было ў горадзе гэтым забойства людзей ад рукі варожай ...”. І калі абносілі яе грабніцу вакол горада, то ніводная душа не была загублена.
У 1848 годзе страшна лютавала халера ў горадзе Слуцку. Па просьбе гараджанаў было дазволена пранесьці праз горад у двух напрамках (накрыж) Сьв. мошчы праўднай Сохвіі. У чатырох супрацьлеглых канцах горада былі прыпынкі і служыліся малебны да Сьв. Сохвіі. У месцах прыпынкаў (Трайчаны, Востраў, Выгода й Могілкавая вуліца) пастаўлены крыжы з адпаведнымі надпісамі, якія існавалі на пач. ХХ ст. Эпідэмія халеры пасьля абнясеньня мошчаў і паводле нябеснага заступніціва Сьв. Сохвіі хутка спынілася.
Селянін вёскі Міхейкі Самуіл Пракопаў Шыловіч на 11-м годзе жыцьця пацярпеў ад удару маланкі і на працягу чатырох гадоў быў зусім расслабленым, дурнаватым. Лекары былі бяссільныя. Аднавяскоўцы лічылі яго прапашчым і зазвычай, пры сустрэчы з бацькамі, гаварылі: “Нічога ня будзе з вашага Самуся”, бо ён нават ня мог сам рухацца. Аднойчы да маці Шыловіча явілася дабраверная Сохвія й загадала прывезьці хворага хлапца ў манастыр да яе грабніцы. Тут ён паклаў у грабніцу срэбны рубель, памаліўся, а затым, у час звону, на зьдзіўленьне ўсіх атрымаў поўнае ацаленьне. Пасьля ён, зусім здаровы, сам пайшоў пехам дамоў.
Існуе паданьне, што Сьв. Сохвія пры жыцьці прадказала, што на Юр’еўскай вуліцы ніколі ня будзе пажару. Жыхары гэтай вуліцы, нават іншаверцы, не страхуюць ад агню сваіх дамоў, гаворачы, што яны застрахаваны ў сьвятой Сохвіі.
Слуцкая гаражанка Вольга Бараноўская, якая служыла ў маёнтку Некрашы, моцна апяклася параю ад катла й асьлепла. На працягу 12 гадоў яна хадзіла з павадыром па вёсках і жыла зь міласьціны. У такім гаротным стане ў малітвах прасіла сабе сьмерці. Аднойчы ў сьне з’явілася ёй Маці Божая ў вянцы й парфіры і сказала: “Ідзі ў Слуцкі манастыр і там каля грабніцы сьвятой Сохвіі атрымаеш ацаленьне”. Па дарозе ў Слуцк яна сабрала на сьвечку грошы, паставіла яе каля грабніцы, памалілася і 23 красавіка стала бачыць.”
Надзвычайную пабожнасьць і дабрадзейнасьць пераняла праўдная Сохвія ад свайго бацькі кн. Юрыя ІІІ Юр’евіча, які ўшаноўваецца як фундатар ня толькі Слуцкага манастыра, дзе захоўваліся ягоныя два партрэты, але й іншых цэркваў. Рэнта, якую атрымлівалі слуцкія цэрквы і іхныя кліры – была навечным дарам князя. Але багатыя зямельныя ўгоддзі Слуцкага манастыра, падораныя князем Юрыем, у сярэдзіне ХІХ ст. забрала Расійская казна. У манастырскай царкве да пач. ХХ ст. захоўваліся наступныя каштоўныя пасьвячаныя рэчы, падораныя князем Юрыем:
1) Евангельле, даволі прыгожае, уставам уласнаручна перапісанае князем Юрыем ІІІ Юр’евічам. Яно спачатку было ў срэбным акладзе з надпісам срэбнымі літарамі: “Сіе Святое Евангеліе рукою власною Юрій Юріевіч Олелько, князя Слуцкаго, во имя Пресвятыя Живоначальныя Троицы Отца, Сына и Святого Духа, на вечными часы до Слуцкаго монастыра благочестиваго архімандріи Слуцкой для вернаго богомолія и спасенія души своея во незабвенную память прародителей своих князей слуцких и самаго себя, года 1581 выписал года от Р.Х. 1582 іюня 4 дня надал”. На пач. ХХ ст. гэтае Евангельле пераплецена ўжо ў дошкі, абкладзена аксамітам, без усялякіх вонкавых упрыгожаньняў, а срэбны аклад (пасьля таго, як Кіева-Літоўская Мітраполія, якае адвечна была часткаю Канстанцінопальскага Патрыярхату, была некананічна далучана да Расейскае Праваслаўнае Царквы) намесьнікам Сьвята-Духава манастыра ігуменам Мікалаем варварскім спосабам адарваны ад Евангельля і беззаконна вывезены спачатку ў Менскі манастыр, а потым няведама куды.
2) Срэбная пазалочаная чаша (пацір) зь фініфцянымі ўпрыгожаньнямі й двума надпісамі па ніжняй талерцы: “Jezus Christus: Ave Maria plena, Dominus Tecum; Юрій Юрьевіч Олелько, княжа Слуцкій до монастыря Св. Тройцы архимандріи Слуцкое, 1580 г.”
3) Рыза-фелонь з саматканай каштоўнай шчыльнай срэбнай парчы, вельмі цяжкая. Паводле паданьня, такая ж епітрахіль да яе была ўласнаручна выткана Сьв. княгіняй Сохвіяй Юр’еўнай.
4) Настаяцельскі, з чыстага літага срэбра, посах (патрыца) з надпісам славянскімі літарамі ўздоўж жэзла такога зьместу: “Юрій Юрьевіч Олелько, княжа Слуцкій 1580 г. для вечной памяти и богомолля благочестія святого”.
Гэтыя чатыры царкоўныя рэчы пасылаліся ў 1889 г. на Маскоўскую археалагічную выстаўку і зьвярнулі ўвагу вучоных, знаўцаў гістарычных старажытнасьцяў.
5) Медны падсьвечнік, вельмі цяжкі, вышынёю ў аршын, зь літымі выявамі ангелаў, на трох ножках – для брацкае, вагой 1-2 пуды, сьвечкі. Падсьвечнік гэты з брацкаю сьвечкаю заўсёды стаяў на салеі, каля грабніцы Сьвятое Сохвіі.
Княгіня Сохвія была кананізавана (прылічаная да сойму Сьвятых Праваслаўнае Царквы) ў 1-й палове ХVІІ ст. пры Кіеўскім Мітрапаліце Пятры Магіле, Экзарху Канстанцінопальскага Патрыярха (па іншым дадзеным – пры ягоным пасьлядоўніку Мітр. Сільвэстры Косаве), перад чым яе вельмі ўшаноўвалі ў народзе. Сьвяткаваньне праўднай Сохвіі адбывалася ў дзень ейнага супачыну 19 сакавіка (1 красавіка за цяперашнім навым стылем). Пасьля далучэньня Літвы-Беларусі да Расійскае Імперыі й Беларускае Царквы - да Расійскае, праўдную Сохвію, як і многіх іншых Беларускіх Сьвятых, Сінод РПЦ ня лічыў сьвятою, называючы яе “мясцовашанаванаю”. І толькі ў 1984 г. Беларускі Экзархат РПЦ, з дазволу Маскоўскага Патрыярха, залічвае праўдную Сохвію да Сабору Беларускіх Сьвятых.
На пачатку ХХ ст., калі адбывалася Беларускае адраджэньне, жыхары Случчыны, продкі якіх стагоддзямі выхоўваліся ў нацыянальным і рэлігійным патрыятызьме, а натхняла іх на змаганьне за Бацькаўшчыну Сьвятая Сохвія Слуцкая і ейныя знакамітыя продкі, прымалі актыўны ўдзел у абароне Беларускае Народнае Рэспублікі ад расейскае бальшавіцкае навалы ў 1920 г., вядомай пад назовам Слуцкі Збройны Чын. Таксама Случакі радасна ўспрынялі абвешчаньне Незалежнае Беларускае Праваслаўнае Мітраполіі й абраньне Мітрапаліта Менскага й Беларускага на Царкоўным Саборы 23 (10) ліпеня 1922 г. у Менску, а настаяцель Слуцкага Сьвята-Траецкага сабору (манастыр на той час быў зачынены) пратаярэй а. Мікалай Шамяціла быў высьвячаны на япіскапа Слуцкага. На Менскім Саборы ў 1927 г. была абвешчана Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, да якое належала бальшыня праваслаўных сьвятароў і вернікаў Случчыны. Але чужая бязбожная маскоўская ўлада рыхтавала для беларусаў поўнае зьнішчэньне Праваслаўя і ўсяго нацыянальнага.
21(8) лютага 1930 г. камісія ў складзе начальніка аддзела Бабруйскага выканкама Антонава, дацэнта Беларускага Дзяржаўнага Ўніверсітэта Чарвакова, кіраўніка Бабруйскай бальніцы Сурава, прадстаўніка царкоўнае рады Траецкага Сабору Паўлюкевіча, царкоўнага старасты таго ж Сабору Крывадубскага, інспектара прасьветы Іваніцкага, прадстаўніка Слуцкага гарсавета Сечкі, у прысутнасьці настаяцеля Траецкага Сабору Япіскапа Слуцкага БАПЦ Мікалая (Шамяцілы) «зьдзейсніла агляд» мошчаў дзіцяці Гаўрылы і святой Сохвіі, княгіні Слуцкае. Была выкрытая рака й складзены пратакол агляду з прыкладаньнем заключэньня й фотаздымкаў. У высновах камісія вызнавала адсутнасьць спецыяльнага бальзамаваньня целаў, а нятленьне абгрунтоўвала «тыповым прыкладам натуральнае муміфікацыі цела». Потым мошчы сьвятой княгіні былі вылучаныя й дастаўленыя ў Менск у анатамічны музей медфакультэта БДУ.
У часе акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі, па просьбе настаяцеля Свята-Духава сабору ў Менску, Жыровіцкага архімандрыта Серахвіма Шахмуця, мошчы былі перанесеныя ў Свята-Духаў сабор Менска. Па сьведчаньнях удзельнікаў падзеяў аб вяртаньні ў 1941 г., акупацыйныя ўлады прынялі просьбу об вяртаньні мошчаў у лона Беларускае Праваслаўнае Царквы, калі іх выявяць у руінах Менску. І вось, у цудам ацалелай будове медычнага факультэта БДУ, службы вермахту, якія праводзілі агляд і інвентарызацыю ацялелых будынкаў, выявілі Сьвятыню – мошчы Сьвятой. Патруль паведаміў клір Менскага Сьвята-Духава Сабору, што быў тады манастырскім храмам, пра сваю знаходку й пра задавальненьне просьбы аб вяртаньні мошчаў Царкве. Цяпер у гэтым жа Сьвята-Духавым катэдральным саборы, які цяпер належыць Беларускаму Экзархату РПЦ, знаходзяцца мошчы Сьвятое праведнае Сохвіі Слуцкае.
24 (11 - ст.ст.) верасьня 2000 г. у Слуцку быў адчынены помнік Сьвятой Сохвіі, заступніцы горада. А 31(18) сакавіка 2012 г. ужо ў сталічным Менску, ў чэсьць 400-годдзя супачыну праўднае Сохвіі Слуцкае, ёй быў адчынены помнік каля асьвячанага ў 2007 г. у яе гонар праваслаўнага храму.
Радавод Сьвятое Сохвіі Слуцкае Алелька:
Гедзімін
Альгерд (пам.+1377) –
Уладзімір –
Алелька (Аляксандр) –
Міхал –
Сямён ( пам.+1505, жонка - Анастасься Слуцкая /Мсьціслаўская/, 1473-1524) –
Юры І (1492-1542) –
Юры ІІ (жонка - Кацярына Тэнчынская) –
Юры ІІІ (1559-1586, жонка - Барбара Кішка, пам.+1585) –
Сохвія (1585-1612)
Літаратура пра Сьвятую Сохвію Слуцкую:
- Блаженная слуцкая княгиня София Юрьевна Олелько. Минск. Электо-типография С.А.Некрасова, 1912.
- Радзівіл Соф'я, Соф'я Слуцкая // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 275.
- Радзівіл Соф'я // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 2001. Т. 6, кн. 1. С. 61.
- Радзівіл (Алелька-Радзівіл) Соф'я // Асветнікі зямлі Беларускай, Х — пач. ХХ ст. : энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 344—345.
- Яскевіч, А. Падзвіжнікі і іх святыні : духоўная культура старажыт. Беларусі / Алена Яскевіч; навук. рэд. У. П. Вялічка, М. П. Касцюк; маст. афарм. В. П. Масцераў. — Мн. : Полымя, 2001. — 368 с. : іл. С. 96-97.
- Праведная София, княгиня Слуцкая (1612) // Собор белорусских святых. Мн., 1997. С. 38-43.
- Праведная Сафія, княгіня Слуцкая // Начаткі праваслаўя. Мн., 1998. С. 109.
- Масляніцына, І. Соф'я Алелькавіч (Слуцкая) / Ірына Масляніцына // На рубеже столетий. 1998. № 3. C. 18-19.
- Праведная София, княгиня Слуцкая / подгот. протоиерей Георгий Дзичковский // Гаспадыня. 2003. № 4. С. 30-31.
- Кенька, М. І стала ў Слуцку Сафія / Міхась Кенька // Бібліятэка прапануе. 2001. № 1. С. 4-6.
- Вайтовіч, А. Праведная Сафія, княгіня Слуцкая / Аляксей Вайтовіч // Алеся. 1999. № 11. С. 19.
- Минчук, А. Праведная София, княгиня Слуцкая / Минчук Алла // Минские епархиальные ведомости. 1997. № 2. С. 56-60.
- Рублеўская, Л. Апошняя з Алелькавічаў: драм. паэма : у 3 дз. / Людміла Рублеўская // Праваслаўе. 1998. № 7. С. 106—125.
- Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985.
- Грыцкевіч Анатоль П. Соф'я Слуцкая // БелЭн, т.15, Мн., 2002, с.91.
- Мельников А.А. Путь непачален: Исторические свидетельства о святости Белой Руси. Мн. 1992.
Малітвы й Набажэнствы
Акафіст (па-царкоўна-славянску) |
Беларускія Сьвятыні / Belarusan Shrine > Сьвятыя Беларускае зямлі / Saints of the Belarusan land >