Акафіст сьвятым мучанікам Антону, Яну і Яўстаху Віленскім

Акафіст сьвятым мучанікам Антону, Яну і Яўстаху Віленскім

Кандак 1

     Сьвятар альбо чытар: Абра́ныя Бо́гам дзе́ля сьве́дчаньня правасла́ўнае ве́ры / му́жна перамаглі́ вы, сьвяты́я му́чанікі, язы́чніцкую грахо́ўнасьць, / і за ва́шы паку́ты неўвяда́льнымі вянца́мі ад Хрыста́ Бо́га ўвянча́ліся, / та́му мы, праслаўля́ючы ва́шу па́мяць, замілава́на зьвярта́емся да вас: / Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

    Хор: Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху.

Ікас 1

Сьвятар альбо чытар: Ангеламі зямны́мі й чалаве́камі нябе́снымі ста́лі вы, сьвяты́я му́чанікі, калі́, азары́ўшыся сьвятло́м праўдзі́вага Богапазна́ньня, ра́дасна пайшлі́ на паку́тніцкі по́дзьвіг. Прымі́це ж ад нас гэтыя хвале́бныя сьпе́вы:

Ра́дуйцеся, богашчасьлівыя вызна́ўцы правасла́ўнае ве́ры, / спаконве́ку насаджо́най у зямлі́ Белару́ска-Літо́ўскай! /

Ра́дуйцеся, нямо́ўчныя вяшча́льнікі сапраўднай пабо́жнасьці. /

Ра́дуйцеся, вялі́кія падзьві́жнікі, / якія за нішто́ палічы́лі сла́ву сьве́ту гэ́тага, / каб Хрыста́ Бо́га здабы́ць./

Ра́дуйцеся, бо вы ўзлюбі́лі Хрыста́ Бо́га ўсім ва́шым сэ́рцам і ўсёю душо́ю. /

Ра́дуйцеся, бо крывёю сваёю вы засьве́дчылі любо́ў ва́шу да Го́спада Ісу́са. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

Хор: Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. (Так пасьля кожнага Ікаса).

 

Кандак 2

Ба́чачы, як нятле́нныя мо́шчы ва́шы даю́ць усім, хто зь ве́раю прыхо́дзіць, ацале́ньне ад хваро́б душэ́ўных і цяле́сных, мы дзя́куем міласэ́рнаму Богу, што прасла́віў вас, сьвяты́я му́чанікі, такою Ласкаю Божаю, і ўскліка́ем Хрысту́ Збаўцу: Алілу́я.

Хор: Алілуя, Алілуя, Алілуя. (Так пасьля кожнага Кандака, дзе ёсьць: Алілуя. )

Ікас 2

Духо́ўныя во́чы свае́ скірава́ўшы на пазна́ньне праўдзі́вае ве́ры, вы, сьвяты́я браты́ Анто́не і Яне, му́жна й разва́жліва адкі́нулі язы́чніцкую аблу́ду і за вызна́ньне адзі́нага сапра́ўднага Бо́га ра́дасна прынялі́ кайданы́, турэ́мнае зьняво́ляньне, ра́ны й лю́тую сьме́рць. Да гэ́тага по́дзьвігу ва́шага далучы́ўся й малады́ Яўста́х, ён бязбо́язна вы́знаў сябе́ хрысьція́нінам і спадобіўся гэ́такіх жа лю́тых за Хрыста́ катава́ньняў і сьме́рці. За таку́ю ва́шу, дзе́ля Хрыста́, сьвяту́ю адва́гу, мы цяпе́р зьвярта́емся да вас:

Ра́дуйцеся, шчасьлівая тро́йца сла́ўных паку́тнікаў, / бо вы прасла́вілі сапраўднага Бо́га, у Сьвято́й Тро́йцы пакланя́емага, Айца́, Сы́на і Свято́га Духа. /

Ра́дуйцеся, до́блесныя ваяры Хрысто́вы, якія захава́лі ве́рнасьць Уладару́ да сьме́рці. /

Ра́дуйцеся, бо вы не пабая́ліся зьве́даць за Хрыста́ анія́кія му́кі. /

Ра́дуйцеся, бо ні ўці́ск, ні кайданы́, ні паку́ты, ні сама́ сьмерць / не змаглі́ адлучы́ць вас ад любо́ві Хрысто́вае. /

Ра́дуйцеся, вы́гнаныя, зьнясла́ўленыя й забі́тыя дзе́ля праўды, / бо ўзнагаро́да ва́ша вялі́кая ў нябёсах. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. / 

 

Кандак 3

Сі́лаю Ўсявы́шняга ўмацава́ныя, вы не зважа́лі, сьвяты́я му́чанікі, на ця́жкія паку́ты ва́шых це́лаў, адда́дзеных на мучэ́ньні; і на паку́ты, ні́бы на вясе́льле, ра́дасна пайшлі́ вы, а мы з удзя́чнасьцю ўскліка́ем Хрысту́ Бо́гу, Які ўмацава́ў вас: Алілу́я.

Ікас 3

Ма́ючы мо́цную надзе́ю на Нябе́снага Ўладара́ й Бо́га і па́мятаючы апо́стальскае сло́ва, што нале́жыць слу́хацца Бо́га бо́льш, чым людзе́й, вы, сьвяты́я му́чанікі, не паслу́халіся зага́даў ва́шага мучы́целя, каб вярну́цца да ране́йшай язы́чніцкай грахо́ўнасьці.

Ра́дуйцеся, бо вы́зналі вы Хрыста прад людзьмі́, / і вы́знаны Ім прад Айцом Нябе́сным. /

Ра́дуйцеся, ве́рныя слу́гі Хрысто́вы, / якія за ве́рнасьць сваю́ ўнасле́давалі Ўлада́рства Нябе́снае. /

Ра́дуйцеся, бо вы жывяце́ ра́зам з а́нгеламі і парадні́ліся з усі́мі сьвяты́мі. /

Ра́дуйцеся, уве́дзеныя ў невячэ́рні дзень Улада́рства Бо́жага./

Ра́дуйцеся, гле́дзячы зь нябёсаў на зямны́х брато́ў ва́шых / і мо́лячыся за ўсіх, хто клі́ча вас на дапамо́гу. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 4

Бура раз‘ю́шанасьці ва́шых мучы́целяў не пахісну́ла мо́цнай ва́шай ве́ры, надзе́і й любо́ві да Збаўцы Бога, і вы, сьвяты́я му́чанікі, стара́нна апярэ́джваеце адзі́н аднаго́ ў ця́жкіх паку́тах, сьпява́ючы Бо́гу ў сэ́рцах ва́шых: Алілу́я.

Ікас 4

Разышла́ся па ўсёй правасла́ўнай зямлі́ ра́дасная ве́стка, што вы, сьвяты́я му́чанікі, по́дзьвіг до́бры зьдзе́йснілі, жыцьцёвы свой шлях до́бра прайшлі́ й ве́ру да канца́ зьбераглі́. Таму́ мы з усёю Правасла́ўнаю Царкво́ю ўслаўля́ем вас:

Ра́дуйцеся, бо вы́каналі вы сло́ва Хрысто́ва: / хто вы́церпіць да канца, той збаўлены будзе. /

Ра́дуйцеся, бо ва́шай цярплі́васьцю вы зьдзіві́лі мучы́целяў ва́шых. /

Ра́дуйцеся, бо пры́кладам ва́шага жыцьця́ й сьме́рці вы мно́гіх прывялі́ да Го́спада. /

Ра́дуйцеся, бо й цяпе́р цу́дамі, / што зыхо́дзяць ад сьвятых ва́шых мо́шчаў, / вы ўмацо́ўваеце правасла́ўную ве́ру ў лю́дзях. /

Ра́дуйцеся, бо за цярпе́ньне ва́шае прыгатава́ны вам вяне́ц праўды ў нябёсах. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 5

Богам скірава́нымі зо́ркамі правасла́ўнай ве́ры былі́ вы, сьвяты́я му́чанікі, для ва́шых зямны́х суайчы́ньнікаў, пака́зваючы ім у Правасла́ўнай Царкве́ адзі́ны надзе́йны шлях да збаўле́ньня, каб усе адзі́ным сэ́рцам і адзі́нымі ву́снамі ўскліка́лі да Збаўцы Бо́га: Алілу́я.

Ікас 5

Ба́чны быў цудо́ўны знак Бо́жае дабрыні, калі́ сьвято́е ме́сца ва́шых паку́таў азары́ў з вышыні́ во́блачны слуп, пака́зваючы вам шлях у нябёсы, як у старажы́тнасьці ізраільця́нам зь Егі́пта ў зямлю́ абяца́ную. Таму́ мы сьпява́ем да вас:

Ра́дуйцеся, дзе́ці но́вага Ізра́іля, які́я дасягну́лі го́рняга нябе́снага Ерусалі́ма. /

Ра́дуйцеся, бо вы до́бра прайшлі́ шматця́жкае вандро́ўніцтва ва́шае ў пустэ́льні гэ́тага жыцьця́, / і пасялі́ліся ў краі́не абяца́най ве́чнай. /

Ра́дуйцеся, бо не Майсе́й, але Сам Хрысто́с Бог быў для вас правадыро́м да нябе́снай ба́цькаўшчыны. /

Ра́дуйцеся, бо перамаглі́ вы ўсіх ва́шых праці́ўнікаў і во́рагаў / на шляху́ да Ўлада́рства Нябе́снага. /

Ра́дуйцеся, шчасьлівыя жыхары́ не́ба, бо вы ма́еце ве́чныя дабро́ты, / якіх во́ка ня ба́чыла й ву́ха ня чу́ла, якія й на ро́зум чалаве́ку не прыхо́дзілі. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 6

Прапаве́дуюць сьвяты́я мошчы ва́шы ле́пей за ўся́кае красамоўства несумне́нную надзе́ю на ўсеагу́льнае ўваскрасе́ньне, калі Бог, не даючы́ й цяпе́р уго́днікам Сваім уба́чыць тле́ньне, паклі́ча ў жыцьцё но́вае ўвесь род чалаве́чы, і ўсе, хто спадо́біцца стаць правару́ч прасто́ла Го́спадавага, засьпява́юць Яму́: Алілу́я.

Ікас 6

Зазьзя́ла новае сьвятло для ўсяе́ Белару́скае зямлі, калі міласэ́рны Бог паказа́ў ве́ліч Сваіх цу́даў над ва́шымі нятле́ннымі мо́шчамі, якія з-за стра́ху пе́рад іншаве́рцамі другі раз схава́ныя былі́ ў не́трах зямлі́, пад спу́дам хра́ма, і адту́ль пасыла́лі шчодрыя ацале́ньні ўсім, хто з гара́чаю малі́тваю зьвярта́ўся да ва́шай шанава́най іко́ны. Прымі́це ж ад нас, сьвяты́я му́чанікі, гэ́тае стара́ннае славасло́ўе:

Ра́дуйцеся, яснапраме́нныя сьвяці́лы Хрысто́вае Царквы́, / якіх не́льга было́ схава́ць пад спу́дам. /

Ра́дуйцеся, ху́ткія ле́кары душаў і це́лаў на́шых. /

Ра́дуйцеся, абаро́нцы на́шыя ад шко́дных іншаве́рных мудрава́ньняў. / 

Ра́дуйцеся, сьве́тлыя правадыры́ на́шыя да і́сьціннага богапазна́ньня й богашанава́ньня. /

Ра́дуйцеся, шчы́рыя малі́твеннікі на́шыя прад Го́спадам. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 7

Жада́ючы прасла́віць Го́спада Бо́га, дзі́ўнага ў святы́х Сваіх, мы не знахо́дзім патрэ́бных слоў, каб го́дна ўсхвалі́ць Яго, але вас, сьвяты́я му́чанікі, клі́чам на дапамо́гу, малі́цеся за нас стара́нна, каб нам неасу́джана адва́жыцца сьпява́ць Госпаду: Алілу́я.

Ікас 7

Навая́ўленымі му́чанікамі назва́ла вас Правасла́ўная Царква́, як ма́ці, што це́шыцца дзе́цьмі сваімі; і як пе́ршыя му́чанікі па ўсім сьве́це сваімі паку́тамі ўмацава́лі Бо́жую ве́ру, падо́бна да іх і вы, навая́ўленыя му́чанікі, гэтак жа ўмацава́лі сьвятую веру на ме́сцы зямно́й ба́цькаўшчыны ва́шай, бо нія́кія по́дступы іншаве́рцаў не мо́гуць пахісну́ць яе, і мы з удзя́чнасьцю зьвярта́емся да вас:

Ра́дуйцеся, мо́цныя слупы́ Правасла́ўя, / які́мі ўпрыго́жваецца і ўмацо́ўваецца сьвята́я Царква́. /

Ра́дуйцеся, уме́лыя стырнавы́я, што добранадзе́йна ведзяце́ нас / між часовых хвалява́ньняў да прыста́нішча ве́чнага жыцьця́. /

Ра́дуйцеся, памага́тыя на́шага апраўда́ньня. /

Ра́дуйцеся, бо малітвамі ва́шымі / мы збаўля́емся ад усяля́кае хі́трае спаку́сы, што імкне́цца злаві́ць на́шы ду́шы. /

Ра́дуйцеся, дабрадзе́і на́шы, бо паказваеце нам шлях да збаўле́ньня. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 8

Дзіво́сны й чалаве́чаму розуму недасту́пны, адна́к я́сна ба́чны на́мі цуд усемагу́тнасьці Божай праяўля́ецца ў нятле́ньні ва́шых сьвяты́х мо́шчаў, які́я звыш паўты́сячы гадоў застаю́цца непашко́джанымі ад разбура́льных стыхі́яў і ад усёпаглына́льнага ча́су, заахво́чваючы нас з замілава́ньнем сьпява́ць Го́спаду: Алілу́я.

Ікас 8

Усе ра́дасьці ве́ку гэ́тага, уве́сь го́нар ва́шай паса́ды і ўсю моц ва́шых сілаў вы аддалі́, сьвяты́я му́чанікі, у ахвя́ру Збаўцу Богу й спадо́біліся ад Яго ўзнагаро́ды ў не́бе, дзе ні чарвя́к, ні тля не зьнішча́е, ні зладзе́і не падко́пваюць і ня мо́гуць укра́сьці дарава́най вам спа́дчыны.

Ра́дуйцеся ж, му́дрыя шука́льнікі Ўлада́рства Божага, / падобныя да ева́нгельскага му́жа, які, знайшо́ўшы на по́лі скарб схава́ны, / усё прадае́, што ма́е, і купля́е то́е по́ле кашто́ўнае. /

Ра́дуйцеся, вы знайшлі́ адзін шматкашто́ўны бі́сер, які ёсць Улада́рства Бо́жае, / і за яго аддалі́ ўсе дабро́ты сьве́ту гэ́тага. /

Ра́дуйцеся, лепш за му́дрых ве́ку гэ́тага зразуме́лі вы кошт быцьця́ зямнога. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я прапаве́днікі, абвяшча́ючы з ва́шае труны́, / што нічога не ва́ртыя хвалява́ньні цяпе́рашняга часу / пе́рад сла́вай бу́дучага Ўлада́рства, што ма́е яві́цца. /

Ра́дуйцеся, грамадзя́не нябе́сныя й сунасле́днікі разам з усі́мі сьвяты́мі. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўстаху. /

 

Кандак 9

Усяля́кія няшча́сьці, хваробы й спаку́сы на́шыя вы суніма́еце, сьвяты́я му́чанікі, і цёмныя во́бразы падсту́пных дэ́манаў далёка ад нас адганя́еце, каб мы з такою ва́шаю дапамо́гаю й Ла́скаю Божаю ўратава́ныя, удзя́чным і ра́дасным го́ласам сьпява́лі Богу: Алілу́я.

Ікас 9

Красамо́ўства чалаве́чае няме́е, намага́ючыся прасла́віць вас, сьвяты́я му́чанікі, за ва́шыя паку́ты, якія вы перане́сьлі дзеля Хрыста, і за вашу му́чаніцкую сьмерць. Адна́к мы, ва́шаю любо́ўю перамо́жаныя, нако́лькі мо́жам, услаўля́ем вас:

Ра́дуйцеся, усьце́шыўшы ўвесь ангельскі лік ва́шым цярпе́ньнем за Хрыста й паку́тамі. /

Ра́дуйцеся, дружалю́бна прыня́тыя ў нябёсах усім соймам пра́ўднікаў і ўгоднікаў Божых. /

Ра́дуйцеся, бо ста́ўшы перад прасто́лам Го́спада, / вы спадо́біліся паклані́цца Яму́ і атрыма́ць ад Яго ве́чную ўзнагаро́ду. /

Ра́дуйцеся, жыхары́ сьве́тласцяў сьвятых, дзе няма ні хваробы, ні тугі, ні сто́гну. /

Ра́дуйцеся, суцяша́льнікі ўсіх гна́ных і прыгне́чаных за Хрыстову веру. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 10

Збаўле́ньня й ве́чнага супако́ю дасягну́ўшы пасьля́ шматпаку́тнага зямно́га жыцьця́, вы й нас, сьвяты́я му́чанікі, навуча́еце, што адна́ ёсць даро́га да збаўле́ньня ў гэ́тым сьве́це ліхі́м і падсту́пным, каб усё цярплі́ва перано́сіць дзе́ля Хрыста́, сьпява́ючы Яму́ стара́нна: Алілу́я.

Ікас 10

Сьце́ны сьвято́га хра́ма, дзе нятле́нна спачыва́юць ва́шыя гаючано́сныя це́лы, асьвятля́юцца ні́бы нябе́сны пала́ц, і ўсе, хто жада́е збаўле́ньня, прыхо́дзяць да вас, сьвяты́я му́чанікі, з про́сьбамі, з удзя́чнасьцю й са славасло́ўем:

Ра́дуйцеся, памочнікі на́шы ў го́расьцях, хваробах і сму́тку. /

Ра́дуйцеся, хада́йнікі на́шы перад прасто́лам Нябе́снага Судзьдзі жывы́х і памёрлых. /

Ра́дуйцеся, бо ніво́дзін, хто шука́ў у вас дапамо́гі, / не адыхо́дзіць ад вас ні з чым. /

Ра́дуйцеся, шчо́дрыя пада́целі нам Божае мі́ласьці. /

Ра́дуйцеся, узра́даваныя ў нябёсах, / вы й нас на зямлі́ ўмацо́ўваеце / ў ра́даснай надзе́і ве́чнага збаўле́ньня. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 11

Да сьпе́ваў а́нгельскага хо́ру ў не́бе далучы́ўшы свае́ звышго́дныя галасы́, вы, сьвяты́я му́чанікі, ра́зам зь нябе́снымі чына́мі несупы́нна сла́віце Го́спада Бо́га, і мы, недасто́йныя, спадзяючы́ся на міласэ́рнасьць Бо́жую, адва́жваемся на зямлі́ тле́ннымі ву́снамі і ўдзя́чным сэ́рцам сьпява́ць Яму: Алілу́я.

Ікас 11

Сьве́тлага дня ўсеагу́льнага ўваскрасе́ньня й Жахлівага суда Божага чака́ючы, мы жаха́емся ліхі́х на́шых учы́нкаў і бязьме́рных грахоў, які́мі ўвесь час гняві́м Тварца й Збаўцу на́шага; але, ма́ючы вас, сьвяты́я му́чанікі, засту́пнікамі за нас перад Го́спадам, з удзя́чнасьцю мо́лімся да вас:

Ра́дуйцеся, бо мы па Бо́гу й па Прачы́стай Вечнадзе́ве Багародзіцы / ўсю на́шу надзе́ю на вас усклада́ем. /

Ра́дуйцеся, бо вы не пасаро́міце нас у спадзява́ньні на́шым. /

Ра́дуйцеся, бо малі́твамі ва́шымі мы спадзяёмся атрыма́ць дарава́ньне грахоў і жыцьцё ве́чнае. /

Ра́дуйцеся, дабраславёныя Айцом Нябесным, / вы атрыма́лі Ўлада́рства, падрыхтава́нае вам ад стварэ́ньня сьве́ту. /

Ра́дуйцеся, бо й мы ва́шым засту́пніцтвам / спадзяёмся пазбе́гнуць долі тых, хто ста́не левару́ч прасто́ла Судзьдзі́. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 12

Божая Ла́ска цудоўных ацале́ньняў і ху́ткага хада́йніцтва за нас пе́рад Госпадам ма́ючы, не перастава́йце, сьвяты́я му́чанікі, заўсёды дапамага́ць нам, а мы дзя́куем за вас Хрысту́ Богу і ўскліка́ем Яму: Алілу́я.

Ікас 12

Апява́ючы ва́шае сьве́тлае праслаўле́ньне ў не́бе й на зямлі́, дзя́куем усямі́ласьціваму Збаўцу й Богу на́шаму, Які, трыма́ючы ў Сваёй руцэ часі́ны й ле́ты, меў ла́ску прасла́віць і адкры́ць нам вас, сьвяты́я му́чанікі, у спрыя́льны для на́шага збаўле́ньня час, каб мы не загра́злі ў ба́гне пагі́бельных пажа́днасьцяў і неразу́мных імкне́ньняў, і таму́ мы ўзно́сім да вас на́шае шчы́рае дабрахвале́ньне:

Ра́дуйцеся, неадсту́пныя вартавы́я на́шага збаўле́ньня, / вы засьцярага́яце нас ад усяля́кага непрыя́знага нагаво́ру. /

Ра́дуйцеся, ахо́ўнікі на́шыя, вы адганя́еце ад нас уся́кую шкодную спаку́су. /

Ра́дуйцеся, слаўныя наста́ўнікі на́шыя ў непахі́сным і цьвёрдым вызна́ньні правасла́ўнае ве́ры. /

Ра́дуйцеся, магутнагало́сыя арга́ны Ла́скі Бо́жае, / якая напаўня́е Праваслаўную Царкву́. /

Ра́дуйцеся, вялі́кія суайчы́ннікі на́шыя, / вы ўсім нам жада́еце й дапамага́еце збавіцца. /

Ра́дуйцеся, сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху. /

 

Кандак 13

О, славу́тыя й сьвяты́я му́чанікі: Антоне, Яне і Яўстаху, / прымі́це гэ́тае мало́е, але шчы́рае на́шае мале́ньне, / і ва́шым хада́йніцтвам пе́рад Хрысто́м Бо́гам / пазба́ўце нас ад усіх хваро́б душы́ й це́ла, / і ад уся́кага по́дступу варо́жага, / і ад усяля́кае бяды́ й напа́сьці, / каб мы заўсёды, дзя́куючы за вас Госпаду Богу, ра́дасна сьпява́лі Яму́: / Алілу́я.

 

Гэты Кандак 13 прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.

(Пасьля чаго можна скончыць Акафіст, альбо дадаць Малітву).    

 

Малітва

 

    Сьвятар альбо чытар: Да сьвятых мучанікаў Антона, Яна і Яўстаха Віленскіх, укленчыўшы, памалімся.

    Хор: Сьвятыя мучанікі Антоне, Яне і Яўстаху Віленскія, маліце Бога за нас.

 

Сьвятар альбо чытар:  Сьвяты́я му́чанікі Анто́не, Яне і Яўста́ху !  Спагля́ньце зь нябе́снага хо́раму на тых, хто ма́е патрэ́бу ў ва́шай дапамо́зе й не адхілі́це про́сьбаў на́шых, але як сапра́ўдныя дабрадзе́і й хада́йнікі на́шыя, малі́це Хрыста́ Бога, каб Ён, Чалавекалю́бны й Шматмі́ласьцівы, захава́ў нас ад усяля́кага ліхо́га здарэ́ньня: ад землятрусу, патопу, агню́, мяча́, нашэ́сьця іншазе́мцаў і міжусо́бнае вайны́. Няхай не асу́дзіць Ён нас, грэшных, за беззако́ньні на́шыя, і каб ня ў лі́ха мы абярну́лі дабро, яко́е дае́цца нам Усяшчо́дрым Бо́гам, але на сла́ву сьвято́га імя́ Яго й ва ўслаўле́ньне магу́тнага ва́шага засту́пніцтва. Няхай малітвамі ва́шымі дасьць нам Госпад лаго́ду ду́мак, устрыма́ньне ад згу́бных пажа́днасьцяў і ад усяля́кага бру́ду, і няха́й умацуе ўва ўсім сьве́це Сваю адзіную Сьвятую, Саборную і Апостальскую Царкву́, яку́ю набы́ў Ён кашто́ўнаю Сваёю Крывёю. Малі́цеся стара́нна, сьвяты́я му́чанікі, каб умацава́ў Хрыстос Бог у сьвятой Сваёй Праваслаўнай Царкве жывы́ дух сапраўднае веры й пабо́жнасьці, каб усе лю́дзі яе, чы́стыя ад ма́рнага мудраге́льства й забабо́наў, у ду́ху й праўдзе пакланя́ліся Яму і стара́нна дба́лі аб выкана́ньні Ягоных за́паветаў, каб мы ўсе мі́рна й пабо́жна пражылі́ гэты век і дасягну́лі шчасьлівага ве́чнага жыцьця́ ў не́бе па Божай Ласцы Го́спада на́шага Ісу́са Хрыста́, Яко́му нале́жыць уся́ сла́ва, паклане́ньне і ўла́да з Айцо́м і Сьвяты́м Ду́хам, цяпе́р, і ўвесь час, і на вякі вечныя.  Амі́н.