Архімандрыт Лявонт (Лявонцій) — у міры Логін (Лонгін) Хведаравіч Карповіч — нарадзіўся ў Пінску каля 1580 года і паходзіў зь сям'і пінскага пратапопа. Вучыўся будучы вызнаўца веры Хрыстовай, паводле даследчыкаў, у Астрогу альбо ў Вільні – у брацкай школе, пасьля чаго быў “слугою и писаром” брацкім. У паэтычным творы «Лямант», прысвечаным памяці айца Лявонта, ёсць радкі, якія сьведчаць пра цяжкія матэрыяльныя ўмовы ягонага навучаньня: «Он о нищих, убогих старанье мел, о вдовах, маючи и сам выхованье жебранины ненъдзной» (ён выяўляў клопат пра жабракоў, убогіх, удоў, бо й сам быў выхаваны з дапамогай мізэрнай міласьціны). Логін Карповіч валодаў глыбокімі ведамі ў багаслоўі, дыялектыцы, логіцы, рыторыцы, ведаў некалькі моў і пры гэтым вызначаўся зьмірэннай пабожнасьцю да веры Праваслаўнай. Архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра Захарыя Капысьценскі ў сваёй “Палінодыі”, напісанай у 1621 годзе, так характарызуе яго: «Блажэнны Лявонцій Карповіч, архімандрыт Віленскі, муж боганатхнёны, у мове грэцкай і лацінскай глыбока дасканалы, абаронца ісьціннай веры». На пачатку 17 стагодзьдзя вуніяты захапілі Сьвята-Траецкі манастыр у Вільні і выцесьнілі праваслаўнае брацтва, што існавала пры ім, арганізаваўшы замест яго сваё вуніяцкае і намагаючыся прысвоіць яму ўсе маёмасныя і юрыдычныя правы праваслаўнага брацтва. Спрабуючы абараніць правы Віленскага праваслаўнага брацтва ад несправядлівых замахаў вуніятаў, Логін Карповіч як пасол ад Брацтва разам зь некаторымі іншымі братчыкамі выпраўляецца ў студзені 1609 года ў Варшаву на паседжаньне сойму. Логін Карповіч паўстае тут перад намі як актыўны міранін, якога сярод іншых віленцаў патрыяршы экзарх Кіеўска-Літоўскае Мітраполіі пратапоп Нестар Казьменіч ставіць у прыклад у сваім пасланьні да пінскага духавенства ад 4 студзеня 1609 года. Вярнуўшыся з Варшавы, Логін Карповіч працягвае сваю энергічную дзейнасьць па абароне Праваслаўя. У прыватнасьці, ён узначальвае друкарню Віленскага стаўрапігійнага праваслаўнага брацтва, у якой у 1610 годзе выходзіць знакамітая кніга Максіма (у манастве Мялета) Сматрыцкага «Трэнас, або Плач адзінай кафалічнай апостальскай Усходняй Царквы з тлумачэньнем дагматаў веры». У кнізе падрабязна й грунтоўна абвяргаюцца лацінскія дагматы аб верхавенстве папы, аб зыходжаньні Сьвятога Духа і ад Сына, аб чысьцілішчы, адзначаецца няслушнасьць ужываньня апраснакоў пры зьдзяйсьненьні Еўхарыстыі, на памылковасьць прычашчэньня міран пад адным відам. Аўтар дае выразную карціну жахлівага заняпаду веры й пабожнасьці ў папскай сталіцы – Рыме – і заклікае адступнікаў ад Праваслаўя апамятацца і пакаяцца, вярнуцца да сваёй маці, якая іх нарадзіла і выхавала, і адпрэчыць усе рымскія ерасі й заблуды. Кніга зрабіла глыбокае ўражаньне як на праваслаўных, так і на ворагаў Праваслаўя, якія абрынулі ўсё сваё абурэньне і раз’юшанасьць на выдаўцоў. У Вялікую Суботу 7 красавіка 1610 года ў друкарні быў учынены вобыск, падчас якога галоўнага друкара й карэктара (гал. рэдактара) Логіна Карповіча арыштавалі і без суда й сьледства кінулі ў астрог. Два гады вызнаўца правёў у кайданах у земляной яме. Зь яго зьдзекваліся, прымушаючы адмовіцца ад Праваслаўя і перайсьці на вунію, але ён непахісна адстойваў права свайго беларускага народа захоўваць роднае Праваслаўе. На целе сьвятога падзьвіжніка ад кайданоў утварыліся язвы, сьляды якіх заўважныя былі нават пасьля ягонага праўднага спачыну. Не зламіўшы трываласьці падзьвіжніка, яго выпусьцілі з турмы, і ён вярнуўся да сваіх паплечнікаў, зрабіўшыся шырока вядомым як адважны вызнаўца і пакутнік за веру. Затым Логін Карповіч прымае манаскі пострыг зь імем Лявонт і дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту неўзабаве становіцца на чале Віленскага Свята-Духавага манастыра ў сане архімандрыта, уводзячы ў абіцелі статут агульнага манаскага жыцьця паводле чыну свяценьніка Васіля Вялікага. Нягледзячы на падарванае ў турме здароўе архімандрыт Лявонт зь нязьменнай энергіяй працягвае сваю пастырска-асьветніцкую дзейнасьць. У брацкай друкарні, якую ён па-ранейшаму ўзначальвае, выдаюцца новыя кнігі: «Евангельле навучальнае», Малітваслоў, Службоўнік, Трэбнік, «Вертаград душэўны» святагорца Пікарды. У апошнім выданьні зьмешчана прадмова архімандрыта Лявонта Карповіча. Узначальваючы Свята-Духаў манастыр і Віленскае Сьвята-Духаўскае стаўрапігіянальнае праваслаўнае брацтва, архімандрыт Лявонт становіцца яшчэ рэктарам брацкай школы, рэфармаванай пры ягоным ўдзеле на ўзор двохступенных школ “трывіюма” і “квадрывіюма”. Як і раней, яму даводзіцца цярпець шматлікія крыўды ад вуніятаў Сьвята-Траецкага манастыра, якія, карыстаючыся блізкай адлегласьцю, амаль штодня кідаюць у манахаў Свята-Духавага манастыра камяні, выпускаюць стрэлы. Падчас аднаго з такіх нападаў у 1614 годзе архімандрыт Лявонт ледзь застаўся жывы: пінскі вуніяцкі япіскап Паісій Анікеевіч і вядомы вуніяцкі дзеяч Язафат Кунцэвіч, знахордзячыся ў Сьвята-Траецкім манастыры, пачалі кідаць цэглу ў архімандрыта Лявонта і сур'ёзна паранілі яго. Паводле сьведчаньняў яраманаха Ісаі Трахімовіча, архімандрыт Лявонт меў звычай «на всяк день Божественную совершати службу», хаця некаторыя з братоў непрыязна да гэтага ставіліся, на што падзьвіжнік пярэчыў ім: «Як, набліжаючыся да сонечнага сьвятла, бачыш на сабе плямы бруду, нават калі яны вельмі малыя, так і прычашчаючыся часта Боскіх Тайнаў, бачыш на сабе свае саграшэньні». Увесь час, вольны ад працы й богаслужэньня, архімандрыт Лявонт праводзіў у келейнай малітве. Ён настолькі любіў малітву, што плакаў, калі яму даводзілася перапыняць малітву дзеля зямных спраў, хоць і гэтыя зямныя справы патрэбныя былі для абароны Сьвятой Царквы. Шмат сіл архімандрыт Лявонт аддаваў арганізацыі манаскага жыцьця ў Свята-Духавым манастыры, які дзякуючы менавіта ягоным намаганьням неўзабаве стаў на чале ўсіх праваслаўных манастыроў Вялікага княства Літоўскага. Усім праваслаўным віленцам архімандрыт Лявонт быў вядомы як боганатхнёны прапаведнік. Ягоныя казаньні высока цанілі ня толькі праваслаўныя, яны літаральна былі «залатымі і для езуітаў», якія скуплялі іх за золата, каб спаліць. Менавіта таму зь вялікага мноства ягоных казаньняў да нас дайшло толькі тры, прычым такія, у якіх няма ніякай антывуніяцкай палемікі. Праваслаўныя лічылі архімандрыта Лявонта падобным па красамоўству да Залатавуста. Віленскі прапаведнік ня толькі сам «выкрываў і абвяргаў» словам казані, але й іншых заклікаў абараняць Праваслаўе. Захавалася ягонае пасланьне на Афон «Чесному священноинокови господину отцю Кирилу (Пафнутию, Елисею)» (1619), у якім архімандрыт Лявонт просіць сьвятагорца Кірылу прыбыць у Вялікае Княства Літоўскае для падтрымкі Праваслаўнай Царквы: «Занядбаная і пакінутая намі Маці наша судзіць нас і асуджае. Што ж мы за ваяры, калі ўвесь час – на адпачынку, а на варце – ніколі... Які мне плён ад самотнага жыцьця, калі без любові яно праведзена будзе? І калі маці хто не любіць, то каго такі наагул любіць можа?» У 1620 годзе Вялікае Княства Літоўскае наведвае Ерусалімскі патрыярх Феафан, які пагаджаецца рукаўскласьці для Ўкраінска-Беларускае Праваслаўнай Царквы мітрапаліта і чатырох япіскапаў. Паміж абраных на япіскапскае служэньне быў і архімандрыт Лявонт Карповіч, які быў нарачоны япіскапам Берасьцейскім і Ўладзімірскім. Аднак цяжкая хвароба не дазваляе Віленскаму архімандрыту адправіцца ў Кіеў для хіратоніі. Прадчуваючы блізкую сьмерць, архімандрыт Лявонт па просьбе брацтва пасылае да патрыярха свайго пастрыжаніка інака Мялета (Мялеція) Сматрыцкага. Прабыўшы некалькі месяцаў у Кіеве, Сматрыцкі вяртаецца ў Вільню ў сане архіяпіскапа і ўжо не застае ў жывых свайго настаўніка: 24 верасьня 1620 года ён спачыў, а цела яго застаецца непахаваным шэсць тыдняў. Архіяпіскап Мялет адслужыў адпяваньне звышгоднага Лявонта 2 лістапада 1620 года. У сваім слове пры пахаваньні ён адзначыў нятленнасьць ягоных пачэсных мошчаў: «Сьведчаньнем цярплівасьці гэтага сьвятога вызнаўцы й пакутніка служаць самі язвы, намуляныя кайданамі на гэтым пачэсным целе, якое хоць ужо шэсць тыдняў застаецца мёртвым, але Ласкаю існага ў ім Прасьвятога й Жыцьцятворчага Духа захоўваецца непашкоджаным без паху тленьня». У тым самым 1620 годзе ў брацкай друкарні Свята-Духава манастыра выдаецца паэма «Лямент у света убогих на жалостное преставление святолюбивого… отца Леонтия Карповича», у якой архімандрыт Лявонт апісваецца як сьвяты падзьвіжнік і вызнаўца Праваслаўя. Шанаваньне звышгоднага Лявонта як сьвятога ўгодніка было ня толькі мясцовым ў беларускай сталіцы Вільні, але й хутка ён быў кананізаваны ў Кіева-Літоўскай Мітраполіі. У 1633 годзе студэнты Кіеўскай духоўнай калегіі віталі сьвяценьніка Пётру Магілу зь ягоным узыходам на мітрапалічы прастол. У прывітальным тэксьце, які быў яму прысьвечаны, ёсць такія словы: «Цяпер пажадай толькі выправіцца ў Вільню і іншыя гарады рускага й літоўскага сьвету і ўбачыш, як сустрэнуць цябе з радасьцю тыя, кім поўныя былі вязьніцы, поўныя былі ратушы, поўныя былі вязьнічныя сутарэньні за найчысьцейшую ўсходнюю веру, як сустрэнуць цябе і правядуць да свайго кіраўніка ў прыгнёце ў веры ісьцінай, падобнага да Залатавуста ў красамоўстве, — за некалькі гадоў перад гэтым супачылага архімандрыта Лявонта Карповіча. Убачыўшы нятленныя мошчы ягоныя, убачыўшы блізкіх, за веру пацярпелых, ты адчуеш, якою вялікаю справаю паслужыў ты няшчаснаму народу нашаму». Гэтыя словы пра нятленнасьць мошчаў былі сказаныя ўжо праз 13 гадоў пасьля супачыну архімандрыта Лявонта. Сьвяты звышгоднамучанік Апанас Піліповіч, ігумен Берасьцейскі, у сваім «Дыярыюшы» (1646) таксама называе архімандрыта Лявонта сьвятым: «Месьцічы гаротныя зь Любліна, Сокаля, Воршы, Пінска, Бельска, Кобрына, Берасьця й зь іншых гарадоў і мястэчак сьлёзна лямантуюць, што ня маюць ужо й людзей, зь якімі б цэрквы свае дагледзець маглі. Не стала айца й мужа, сьвятога Лявонта Карповіча, архімандрыта Віленскага…» Пазьней мошчы сьвятых мучанікаў Антона, Яна і Яўстаха, што знаходзіліся ў Сьвята-Духавым манастыры давялося схаваць ад вуніятаў у пячору, дзе яны знаходзіліся больш за сто пяцьдзесят гадоў, але царкоўнае ўшанаваньне трох Віленскіх мучанікаў і архімандрыта Лявонта Карповіча працягвалася. Адкрытае ўшанаваньне сьвятога Лявонта Карповіча спынілася толькі калі Беларускі край насільна быў далучаны да Расейскай імпэрыі і была зьліквідавана незалежнасьць ад Сіноду РПЦ Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай ў канцы 18 стагодзьдзя, якая заставалася Беларускай па сваёй сутнасьці й падпарадкоўвалася Канстантынопальскаму Патрыярхату. Расейская Царква насаджвала культ расейскіх сьвятых, зьнішчаючы беларускія старажытныя кнігі, абрады, службы й нават забараняючы казаньні па-беларуску ў храмах. Аднак у царкоўнай гісторыі і ў памяці беларускага народа захавалася імя Лявонта Карповіча як сьвятога звышгоднага вызнаўцы й мужнага абаронцы Праваслаўнай веры. Пра ягонае падзьвіжніцкае служэньне Святой Царкве падрабязна апавядае нават расейскі мітрапаліт Макар (Булгакаў) у сваёй шматтомнай «Истории Русской Церкви» (1883). Имя архімандрыта Лявонція згадваецца сярод іншых сьвятых архімандрытам Леанідам (Кавеліным) у ягонай кнізе «Святая Русь, или Сведения о всех святых и подвижниках благочестия на Руси (до ХVIII в.)» (1891). У нашыя дні, па міласьці Божай, адбываецца імкненьне Беларускага народа да сваіх гістарычных каранёў, і ў тым ліку - да свайго роднага Беларускага Праваслаўя, таму ўшанаваньне сьвятога Лявонта, архімандрыта Віленскага, вызнаўцы аднаўляецца. Нават Беларускі Экзархат РПЦ у 2011 г. кананізаваў Сьв. Лявонта Карповіча, хаця ён быў кананізаваны ў Кіева-Літоўскай Мітраполіі Канстантынопальскага Патрыярхату ў 1-й пал. 17 ст. І мы зь вераю і любоўю зьвяртаемся да слаўнага падзьвіжніка Беларускай зямлі нашай: Звышгодны ойча Лявонціе, вызнаўца Праваслаўя, малі Бога за нас ! |
Беларускія Сьвятыні / Belarusan Shrine > Сьвятыя Беларускае зямлі / Saints of the Belarusan land > Лявонт Віленскі / Leontius of Vilnia >