Сьвяценьнік Кірыла Тураўскі, Беларускі Залатавусны (+1183). (28 красавіка / 11 траўня) На Літургіі : Трапар, сьпеў 8: З вуснаў тваіх зазьзяла ласка, / як сьвятло агня прасьвятліла Беларусь; / вышыню пакоры, мудрасьці нам паказаў. / Але тваймі словамі навучаныя, / ойча Кірыле, Беларускі Залатавусны, / прасі Слова Хрыста Бога, // каб збавіцца душам нашым. альбо Трапар, сьпеў 4: Дабрачэсьця паборніче і рупліўце, / манахаў і стоўпнікаў пахвало, / сьвяценьніку Тураўскай паствы, слаўны, / залатавусны настаўніку, / сьветлым вучэньнем богаспазнаньня свайго прасьвяціў ты краі беларускія, / у маліцьве да Бога жыцьцятворны спрыяльнік грэшнікаў, / Кірыле Багамудры, / малі Хрыста Бога, каб умацаваліся мы, суайчыньнікі твае, // у Праваслаўі, пабожнасьці і аднадумстве. / Кандак, спеў 6: Зь нябёсаў ты атрымаў Боскую ласку / і тваімі вуснамі вучыш усіх нас / пакланяцца адзінаму ў Тройцы Богу,/ Кірыле Залатавусны,/ сьвяты ўсешляхотны, мы належна славім цябе, // бо-ж ты настаўнік, што боскаму навучаеш. альбо Кандак, сьпеў 5: Нястомным у малітвах, / добрым рупліўцам паслухмянасьці й пабожнасьці будучы, / цярплівасьці і пакоры навучаў ты паству сваю, / дабрадзейнасьцямі звышгоднасьці й праўды стада Хрыстова прасьвятляючы, / і мёдатачывымі словамі ўсю зямлю Беларускую насычаючы, / на праўдны шлях запаветаў Госпадавых сілаю духа твайго настаўляў ты ўсіх, / і цяпер прасьвятлі, як сонца, людзей, азмрочаных грахамі, // і да пакаяньня нас прывядзі. Пракімен, сьпеў 1: Вусны мае будуць казаць прамудрасьць, / і павучэньне сэрца майго – розум. Верш: Слаўце гэта, усе людзі; нахілеце вуха, усе жыхары сьвету. Апостал: Пасланьне да Жыдоў Сьв. Ап. Паўла, пачатак 318 (7:26-8:2). Алілуяр, сьпеў 2: Вусны праўднага павучаюць прамудрасьці, і язык ягоны абвесьціць суд. Верш: Закон Бога яго – ў сэрцы ягоным, і не пакаўзнуцца ступні ягоныя. Дабравесьце: паводле Яна, пачатак 36 (10:9-16). Прычасьнік: Памяць аб праўдным будзе вечнай. Няма чаго баяцца яму благой весткі. Алілуя, алілуя, алілуя. (Запрычасны) Вялічаньне: Вялічаем, / вялічаем цябе / сьвяценьніку ойча Кірыле Тураўскі, Беларускі Залатавусны, / і шануем сьвятую памяць тваю, / бо ты моліш за нас Хрыста Бога нашага. / |
Беларускія Сьвятыні / Belarusan Shrine > Сьвятыя Беларускае зямлі / Saints of the Belarusan land > Кірыла Тураўскі / Cyril of Turau >