Акафіст звг. Еўпрасіньні Полацкай (па-беларуску)

Акафіст

звышгоднай маці нашай Еўпрасіньні, князёўне і ігуменьні Полацкай,

асьветніцы Беларусі, апякунцы жаночага манаства.

 

Кандак 1

Абра́ную няве́сту Хрысто́ву, лю́басную на́шу Еўпрасі́ньню, / пе́сьнямі, удзя́чныя, усхва́лім, / сла́ўная бо князёўна, дом бацько́ўскі пакі́нуўшы / і ў мана́стве слу́жачы Го́спаду, паспрыя́ла мно́гім уратава́цца; / целам у Ерусалі́ме спачы́ўшы, у Ерусалі́м вышэйшы ду́хам перасялі́лася / і там заўсёды за нас мо́ліцца, за што шчы́ра ёй засьпява́ем: /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная. /

Ікас 1

Па-анёльску жывучы́, по́сьніцкім жыцьцём дагадзі́ла, звышго́дная, Го́спаду Ісу́су Хрысту́ і да нябе́снае ра́дасьці пасля́  адыхо́ду зь зямно́га жыцьця́ далучы́цца ўдасто́ілася, адту́ль, з вышыні́ Нябе́снай, спрыя́еш нам, за гэта мы так цябе́ ўзьвялі́чваем:

Ра́дуйся, зямлі́ Белару́скай хвала́; / ра́дуйся, нашчадак сла́ўны ро́ду Ўладзі́міра роўнаапо́стальнага.

Ра́дуйся, знакамі́тых бацько́ў дзіця́  Богаабра́нае; / ра́дуйся, галубі́ца беззага́нная.

Ра́дуйся, цно́ты ўрадлі́вая ні́ва; / ра́дуйся, мана́хіням спрыя́ньне й суцяшэ́ньне.

Ра́дуйся, да Ерусалі́ма нябе́снага шляхаво́дніца; / ра́дуйся, зо́рка пабо́жнасьці.

Ра́дуйся, засту́пніца тых, хто шану́е цябе́; / ра́дуйся, няба́чная ацаля́льніца не́мачаў.

Ра́дуйся, шчы́рая за нас хада́йніца. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная. /

 

Кандак 2

Ра́дасьць была́  вялі́кая, калі́  пасьля́  твайго́ нараджэ́ньня бацькі́ твае́, прыне́сьлі цябе́, сла́ўная, у храм Го́спадавы, і там ад першаро́днага граху́ ў купе́лі хрышчэ́ньня акуна́ньнем амы́лася ты, і праз пама́заньне сьвятым мі́рам цябе́, як галі́начку маладу́ю, ярэ́й прышчапі́ў да Хрыста́, каб ра́зам з абра́нымі ты заўсёды сьпява́ла Яму́: Алілу́я.

Ікас 2

Ро́зумам, зь Нябёсаў прасьве́тленым, і чы́стым сэ́рцам Хрысту́ зь юна́цтва даручы́ла ты сябе́, Прадсла́ва; храм з любо́ўю наве́двала, заўсёды працава́ла самаадда́на, за гэ́та цябе́ ўсхваля́ем:

Ра́дуйся, у купе́лі хрышчэ́ньня з Хрысто́м зару́чаная; / ра́дуйся, сьвяты́м мі́рам на жыцьцё ве́чнае пама́заная.

Ра́дуйся, Ду́ха Сьвято́га зьме́сьцішча чы́стае; / ра́дуйся, Ім жа ўмудро́ная да збаўле́ньня.

Ра́дуйся, звыш на дабрадзе́йнасьць умацава́ная; / ра́дуйся, ро́зум свой прасьвятлі́ўшы малі́тваю.

Ра́дуйся, узвы́шаная дабрачы́ннасьцю; / ра́дуйся, з юна́цтва шлях пабо́жнасьці спазна́ла ты.

Ра́дуйся, якая ад шляхо́ў пагі́бельных ухілі́лася; / ра́дуйся, працалю́бная князёўна.

Ра́дуйся, белару́скае хараство́ аблі́чча дзяво́чага. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.

 

Кандак 3

Сі́лаю Ўсявы́шняга ўмацава́ная, узлюбі́ла ты, звышго́дная, кні́жнае навуча́ньне, да яко́га й стара́ннасьцю вызнача́лася; му́драсьцю кні́жнаю авало́даўшы, абра́ла ты, як найвышэ́йшае, сьвятыя кнігі, і навуча́ла, што яны ко́жнага чалаве́ка мо́гуць наста́віць на шлях збаўле́ньня; і сама́ Го́спаду пе́сьню ўзно́сіла:  Алілу́я.

Ікас 3

Ма́ючы цяпе́р манастыр твой, мно́гія малады́я дзяўча́ты да навуча́ньня кні́жнага далуча́юцца. Таму́ шчы́ра мо́лім цябе́, усяхва́льная, клапаці́цца пра іх і наста́віць на шлях выратава́льны, каб мы праслаўля́лі цябе́:

Ра́дуйся, бо му́драсьці ключ займе́ла ты; / ра́дуйся, яка́я кні́жнае маста́цтва змо́ладу засво́іла.

Ра́дуйся, якая дзьве́ры Богапазна́ньня адкры́ла мно́гім; / ра́дуйся, якая Сьвято́е Піса́ньне шанава́ла.

Ра́дуйся, якая праз яго стварэ́ньне сьве́ту гэ́тага спасьці́гла; / ра́дуйся, узра́даваная Хрысто́вай мі́ласьцю да па́ўшага ро́ду чалаве́чага.

Ра́дуйся, якая ўзлюбі́ла лю́бячага нас Го́спада; / ра́дуйся, бо Яму адзі́наму служы́ць пажада́ла ты.

Ра́дуйся, што ў хо́раме сла́вы Яго пасялі́лася; / ра́дуйся, цнатлі́вая, ю́ным дзе́вам пры́клад і спрыя́ньне ў навуча́ньні.

Ра́дуйся, сьве́тач пабо́жнасьці й ве́даў. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.  

 

Кандак 4

Ад бу́ры го́расьцяў жыцьцёвых і кло́патаў ухілі́ўшыся, звышго́дная, цнатлі́вае жыцьцё больш за шлю́б мірскі́ ўзлюбі́ла ты; і жаніха́м знакамі́тым адмо́віла, князёўна, каб адзі́наму нябе́снаму Жаніху́ — Хрысту́ служы́ць, сьпява́ючы Яму: Алілу́я.         

Ікас 4

Сэ́рцам прыня́ўшы сло́вы Апо́стала, што няму́жнімі і ўдо́вамі лепш застава́цца, бо той, хто не ажані́ўся, клапо́ціцца, каб то́лькі Го́спаду бездако́рна служы́ць; і ты, звышго́дная, пры́кладам Апо́стала кірава́лася, таму мы ўзьвялічваем цябе́:

Ра́дуйся, у цнатлі́васьці чы́стая; / ра́дуйся, шлях мана́скага жыцьця́ абра́ўшая.

Ра́дуйся, до́лю дзяво́цкасьці прыня́ўшы й захо́ўваючы яе па Бо́жай Ла́сцы; / ра́дуйся, бо мітусьні́ мірско́й пазбе́гла ты.

Ра́дуйся, ці́хага прыста́нку дасягну́ўшы; / ра́дуйся, перайма́ла ты ў навуча́ньні Мары́ю Ла́зараву.

Ра́дуйся, прыпа́ла да хра́ма, як та́я да нагі́ Хрысто́вае; / ра́дуйся, да лі́ку му́чаніц і звышго́дных жанчы́н далу́чаная.

Ра́дуйся, не спакусі́лася ты на хараство́ сьве́ту пра́хлага; / ра́дуйся, супо́льніца невымо́ўнай ра́дасьці ў сьве́це вышэйшым.

Ра́дуйся, пра́ўднага жыцьця́ ўзор. /

Ра́дуйся, Еўррасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.

 

Кандак 5

То́лькі Бо́жы страх ма́ючы, не спало́халася ты, Еўпрасі́ньня, ця́жкасьцяў жыцьця́ мана́скага; дом бацько́ўскі пакі́нула і ў манасты́р прыйшла́, дзе неадсту́пна ігу́меньню прасі́ла дазво́ліць прыня́ць во́браз Анёльскі, каб не абавя́звацца кло́патамі жыцьцёвымі, а спадо́біцца заўсёды сьпява́ць Хрысту́: Алілу́я.

Ікас 5

Ле́кара Нябе́снага малі́ла ты, усяхва́льная, каб журба́, тваі́м сыхо́дам з до́му бацька́м учы́неная, на ра́дасьць перайна́чылася, бо пакі́нула ты іх, звышго́дная, каб Хрысту́ служы́ць, і за тых, што нарадзі́лі цябе, шчы́ра малі́цца, за гэ́та мы хвалу́ табе́ ўзно́сім го́дна:

Ра́дуйся, абра́нніца Бо́жая; / ра́дуйся, якая дзе́ля Хрыста́ та́йна дом бацько́ўскі пакі́нула.

Ра́дуйся, сла́ўная насе́льніца манастыра княжэскага; / ра́дуйся, ральлю́ для насе́ньня духо́ўнага падрыхтава́ла ты.

Ра́дуйся, шлю́бны вяно́к адхілі́ла ты; / ра́дуйся, галаву́ сваю́ пакры́ла куко́лем незласьлі́васьці.

Ра́дуйся, заме́ст шлю́бных стро́яў адзе́ньне мана́скае ўпадаба́ла ты; / ра́дуйся, праз па́церы мана́скія, сло́вам Бо́жым, як мячо́м, узбро́ілася.

Ра́дуйся, крыж Хрысто́ў прыняла́ ты, як сьцяг правасла́ўнае ве́ры; / ра́дуйся, бо не пасаро́міў цябе́ Го́спад у спадзява́ньні тваі́м.

Ра́дуйся, бацько́ў сваі́х, што прыйшлі́ наве́даць цябе́, / ты праз Сьвято́е Піса́ньне суце́шыла, і яны вярну́ліся з ра́дасьцю. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.             

 

Кандак 6

Паслу́хаўшыся апо́стала Па́ўла, які каза́ў: ко́жны, хто падзьвіза́ецца, ад усяго́ няха́й устры́мліваецца, — ты, звышго́дная, у по́сьце і ўстрыма́ньні неасла́бным жыла́ ў манастыры, пустасло́ўя пазьбяга́ючы, малі́лася, пса́льмскімі пе́сьнямі наву́чаная; і, дабрадзе́йнасьцю ўмацо́ўваючыся, заўсёды сьпява́ла Го́спаду: Алілу́я.

Ікас 6

Зазьзя́ла Ласкаю Божаю ў по́дзьвігах жыцьцё тваё, Еўпрасі́ньня найпачэ́сная; праз нейкі час у го́рад По́лацк перасялі́лася ты і пры хра́ме сьвято́е Сафі́і ў ке́льлі мало́й падзьвіза́ючыся, кні́гі сьвятыя перапі́свала й праз іх го́рад свой ро́дны вучэ́ньнем збаві́цельным напо́йвала, чу́ючы ад усіх усхвале́ньне:

Ра́дуйся, го́рада По́лацка ра́даваньне; / ра́дуйся, зьзя́ньне дзе́вам.

Ра́дуйся, зо́рка пабо́жнасьці; / ра́дуйся, пако́раю напо́ўненая.

Ра́дуйся, паслухмя́насьцю ўмацава́ная; / ра́дуйся, бо маўклі́ва цярпе́ла ты няго́ды.

Ра́дуйся, бо пры хра́ме ўзраста́ла ты, як калі́сьці Бо́жая Ма́ці; / ра́дуйся, му́драя князёўна і і́накіня пачэ́сная.

Ра́дуйся, кве́цень по́сьніцтва; / ра́дуйся, сьвятло́ лаго́днасьці.

Ра́дуйся, шчы́рага спадзява́ньня на Го́спада спаве́дніца. /      

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.

 

Кандак 7

Жада́ючы ўратава́ць мно́гіх жанчы́н і дзеў праз і́нацтва, Улада́р Хрысто́с тако́га відзе́ньня спадо́біў цябе́, звышго́дная: уба́чыла ты ў сьне сябе́, Еўпрасі́ньня, прыне́сенаю ў Сяльцо́ да цэ́ркаўкі Спа́савай, і Анёла, што сказа́ў: “Тут табе́ быць нале́жыць”. І, прачну́ўшыся, ра́дасна засьпява́ла ты: Алілу́я.

Ікас 7

Но́вы цуд адбы́ўся: той са́мы Анёл, яві́ўшыся сьвяце́ньніку Гальляшу, загада́ў яму даць Сяльцо́, каб пасялі́цца табе́, і цэ́ркаўку для малі́твы, што й вы́канаў сьвяце́ньнік адра́зу. Узга́дваючы гэ́та, так мы цябе́ ўзвялічва́ем:

Ра́дуйся, бо жыла́ ты, як Анёл; / ра́дуйся, Анёла Го́спадавага ба́чыць спадо́білася.

Ра́дуйся, да сало́дкай размо́вы зь ім спрычыні́лася; / ра́дуйся, бо за цябе́ ён пе́рад сьвяце́ньнікам хада́йнічаў.

Ра́дуйся, на ўсіх шляха́х тваі́х Анёлам захава́ная; / ра́дуйся, по́крывам кры́лаў ягоных абаро́неная.

Ра́дуйся, бо не спатыкну́лася ты наго́ю аб ка́мень ганары́стасьці; / ра́дуйся, за гэта і ўдасто́ілася ты ба́чыць Анёла.

Ра́дуйся, бо яві́ўся табе той, хто ба́чыць лік Айца́ на́шага Нябе́снага; / ра́дуйся, бо не прагне́вала Анёла-ахо́ўніка нія́кай мітусьнёй і грахо́ўнасьцю.

Ра́дуйся, ве́стку ра́дасную праз яго атрыма́ла. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная. /

 

Кандак 8

Вандро́ўнік, прыту́лак уба́чыўшы, ра́дуецца і, увайшо́ўшы, супако́й там сабе́ знахо́дзіць. І ты, звышго́дная, ра́дасьцю напо́ўнілася, пры цэ́ркаўцы ў Сяльцы́ пасялі́лася з адно́ю мана́хіняй, і гэ́тым заснава́ньне манастыра свайго́ пакла́ла, адку́ль Бо́гу й цяпе́р узно́сіцца пе́сьня вялі́кая, якая́ ў вышыня1х тро́йчы песнасло́віцца: Алілу́я.

Ікас 8

Усё ве́дае Го́спад, і няма́ нічо́га та́йнага, што не адкры́лася б. Але Ён, Які ўсё ве́дае, ко́жнаму чалаве́ку дае́ во́лю, каб ко́жны сам вы́браў шлях жыцьця́ свайго́; і як хто пражыве́, па завяршэ́ньні паво́дле жыцьця́ ко́жнага судзі́ць бу́дзе. Па́мятаючы пра гэ́та, мы так цябе́ ўсхваля́ем:

Ра́дуйся, пачэ́снае ярмо́ Хрысто́вае ўзя́ўшы; / ра́дуйся, па сло́ву Анёла ў ме́сцы пустэ́льным пасялі́лася.

Ра́дуйся, то́лькі кні́гі з сабо́ю прынёсшы; / ра́дуйся, якая ме́ла адзі́нае ўбра́ньне.

Ра́дуйся, тры малы́я хлябы́ ме́ла ты пры пасяле́ньні; / ра́дуйся, якая аста́тняе ўсё пакі́нула.

Ра́дуйся, пустэ́льнага ме́сца ўкра́са; / ра́дуйся, бо твае́ ро́дныя на по́дзьвіг гэ́ты дабраславі́лі цябе́.

Ра́дуйся, япі́скапам Гальляшо́м суце́шаная; / ра́дуйся, што неўзаба́ве да цябе́ мно́га і́накінь сышло́ся.

Ра́дуйся, што манастыр сла́ўны тут заснава́ўся. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.

 

Кандак 9

Усямі́ласьціваму Зба́ўцу храм у манастыры ўзьвяла́ ты, і пачэ́снымі іко́намі яго ўпрыго́жыла, звышго́дная, па Ла́сцы Божай, што ўва ўсім спрыя́ла табе́: цесьляра́ на будо́ўлю царко́ўную не́йкі го́лас будзі́ў; мно́ства плі́нфы на завяршэ́ньне хра́ма цудо́ўным чы́нам атры́мана было́. Уба́чыўшы гэ́та, ты ў замілава́ньні сьпява́ла: Алілу́я.       

Ікас 9

Красамо́ўствам му́дрым вало́даючы, звышго́дная, па́мятала ты заўсёды сло́ва Хрысто́ва: хто вы́канае адзін з запаве́таў гэ́тых найме́ншых і наву́чыць так людзе́й, той вялі́кім назаве́цца ўва Ўлада́рстве Нябе́сным; і, навуча́ючы пабо́жнасьці сёстраў сваіх, найпе́рш сама́ так жыла́. За гэ́та цябе́ і ўзвялічва́ем:

Ра́дуйся, узо́р мана́скага жыцьця́ для і́накіняў; / ра́дуйся, у чысьціні́ й цно́це ю́ных захо́ўвала ты.

Ра́дуйся, якая спага́дліва стары́х ушано́ўвала; / ра́дуйся, якая смутку́ючых умацо́ўвала ў цярпе́ньні.

Ра́дуйся, для ўсіх была́ ты ўзо́рам пако́ры й богаспадо́бнага жыцьця́; / ра́дуйся, якая выкараня́ла асуджэ́ньне й шматсло́ўе.

Ра́дуйся, якая атрыма́ла дар ба́чыць глыбіню́ сэ́рцаў; / ра́дуйся, му́драя дара́дца дапы́тлівых.

Ра́дуйся, прымірэ́ньне тых, што ў варо́жасьці; / ра́дуйся, дабрадзе́йнасьцямі ўпрыго́жаная.

Ра́дуйся, вялі́кая дзе́ва Беларусі. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.            

 

Кандак 10

Дзеля выратава́ньня й суцяшэ́ньня Эфе́скую іко́ну Ўладаркі на́шае Багаро́дзіцы для го́рада По́лацка вы́прасіла ты, звышго́дная, у Царгра́дзе. Яшчэ́ адзін манастыр у По́лацку заснава́ла і гэ́тай іко́наю яго ўпрыго́жыла. Сястру́ ж сваю́ й дзвюх бра́тніх дачо́к, Кірыя́ну й Во́льгу, мана́скім зарокам Хрысту́ заручы́ла ты, і ў манастырох тваі́х збаўле́ньню мно́гіх спрыя́ла, сьпява́ючы ра́дасна: Алілу́я. 

Ікас 10

Сьцяно́ю непару́шнаю ад спаку́саў пако́ра твая́ была́: усё, што табе́ зага́двалі, выко́нвала ты, звышго́дная, лі́чачы сябе́ слуго́ю недасто́йнаю; лаго́днасьцю й ці́хім но́равам, прыгажэ́й, чым зо́латам і бі́серам, душу́ сваю́ ты ўпрыго́жыла. За гэ́та мы ўзьвялічва́ем цябе:

Ра́дуйся, служка чы́стая Дзе́вы Прачы́стай; / ра́дуйся, бо ўзра́давала ты По́лацк цудатво́рным во́бразам Бо́жае Ма́ці.

Ра́дуйся, скарб вялі́кі зямлі́ Белару́скай праз гэ́та быў да́дзены; / ра́дуйся, бо мно́гія дзе́вы ў манастыр Бо́жае Ма́ці табо́ю прыве́дзены.

Ра́дуйся, што й ро́дных сваі́х на шлях выратава́ньня наста́віла; / ра́дуйся, му́драя ўпра́ўніца да збаўле́ньня.

Ра́дуйся, узьвяла́ ты два манастыры, ні́бы запалі́ла дзьве сьве́чкі; / ра́дуйся, бо зямлю́ По́лацкую і́мі асьвяці́ла ты.

Ра́дуйся, насаджа́льніца дрэ́ва жыцьця́ мана́скага; / ра́дуйся, якая ў пако́ры вышыню́ сваі́х по́дзьвігаў уто́йвала.

Ра́дуйся, ўпра́ўніца Белару́скае зямлі́. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.

 

Кандак 11

Пе́сьнямі цябе́ ўсхваля́ючы, цярпе́ньню твайму́, звышго́дная, дзі́вімся: бо мно́гія няго́ды вы́трываўшы, ты пасьля́ іх падаро́жжа на Сьвяту́ю Зямлю́ зьдзе́йсьніла, дзе, паво́дле твайго́ жада́ньня спачы́ць цябе́ Бог спадо́біў; там да Яго ты ў мудрай ста́ласьці перасялі́лася, по́дзьвіг до́бры завяршы́ўшы, сьпява́ючы: Алілу́я. 

Ікас 11

Светлаза́рны праме́нь зямлі́ Белару́скае! Хоць целам ты й спачы́ла, звышго́дная, але ду́хам з на́мі заўсёды застае́шся. У хра́ме, табо́ю заснава́ным, мо́лячыся й пе́рад Кры́жам ўзьдзьвіза́льным, па тваёй про́сьбе зро́бленым, кла́няючыся, мо́лім цябе́, прымі́ ад нас усхвале́ньні гэ́тыя:

Ра́дуйся, сьве́тач старажы́тнае Сьвято́е Беларусі́; / ра́дуйся, зямлі́ По́лацкае вялі́кае праслаўле́ньне.

Ра́дуйся, дасто́йная пасла́ньніца з паўно́чных краёў на Сьвяту́ю Зямлю́; / ра́дуйся, што Гро́бу Го́спадаваму паклані́цца спадо́білася.

Ра́дуйся, там лампа́ду ад зямлі́ Белару́скай ты заце́пліла; / ра́дуйся, каля Гро́ба Хрысто́вага ты адышла́ да Го́спада.

Ра́дуйся, крыж зямно́га жыцьця́ ты пакі́нула там; / ра́дуйся, Сьвяты́мі Та́йнамі пе́рад спачы́нам тваі́м умацава́ная.

Ра́дуйся, бо ў нябёсах сьвяты́я ўго́днікі з ра́дасьцю сустрэ́лі цябе; / ра́дуйся, вянцо́м сла́вы Жані́х Нябе́сны ўвянча́ў цябе́.

Ра́дуйся, му́драя дзе́ва, што ў сла́ве ўвайшла́ ў сьвятлі́цу Жаніха́ Нябе́снага. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.

 

Кандак 12

Божае Ласкі прыча́сьніца, стара́нна мо́лім цябе́, Еўпрасі́ньня ўсяхва́льная: ўзнясі́ цёплую тваю́ малі́тву да Ўсявы́шняга за  краіну нашу Беларусь і за ўсю зямлю́ на́шу правасла́ўную, каб му́драсьцю ўла́даў і чысьцінёю жыцьця́ наро́днага, як дачка́ абра́ная, ста́ла зямля́ на́ша Беларуская сяро́д наро́даў, і каб дзе́ці яе ўвайшлі́ ў се́лішчы вышнія, Бо́гу сьпява́ючы: Алілу́я.

Ікас 12

Апява́ем цябе́, засту́пніцу на́шу цёплую, і́накіняў і дзе́ваў манастыра тваяго пакро́ў і ўмацава́ньне, ра́дуемся за цябе́, звышго́дная, і па малі́твах тваі́х то́е, што про́сім, атры́мліваем, за гэ́та зь любо́ўю цябе годна вяліча́ем:

Ра́дуйся, бо мо́шчы твае, нятле́ньнем прасла́ўленыя, на радзі́му вярну́ліся; / ра́дуйся, усяхва́льная роўнаапо́стальнага кня́зя Уладзі́міра пра́ўнучка.

Ра́дуйся, субясе́дніца роўнаапо́стальнае Во́льгі і ўсяго́ прамяністага лі́ку пра́ўдных уго́дніц; / ра́дуйся, у скі́ніі сьвяты́х ты пасялі́лася.

Ра́дуйся, няба́чная за нас хада́йніца; / ра́дуйся, дзіво́снае ацале́ньне няду́жных.

Ра́дуйся, шчы́рае суцяшэ́ньне азмро́чаных; / ра́дуйся, ра́дасьць смутку́ючых.

Ра́дуйся, падтры́мка тых, хто да цябе́ з малі́тваю зьвярта́ецца; / ра́дуйся, шчы́рая пе́рад Хрысто́м засту́пніца на́ша.

Ра́дуйся, дзіво́сная шляхаво́дніца да выратава́ньня тых, хто зь ве́рай шану́е цябе́. /

Ра́дуйся, Еўпрасі́ньня, няве́ста Хрысто́ва ўсясла́ўная.

 

Кандак 13

О, усяхва́льная ма́ці на́ша Еўпрасі́ньня ўсясла́ўная! / Малі́ за нас Го́спада і Яго́ную Прачы́стую Ма́ці, / каб умацава́ў на́шыя сі́лы й паспрыя́ў на́шаму збаўленьню; / ю́ных у чысьціні́ ахава́ў, цнатлі́вых умацава́ў у по́дзьвігу; / тых, хто ў шлю́бе жыве́, у любо́ві й мі́ры ха́й удаскана́ліць; / ха́й няду́жных вы́лечыць, азмро́чаных прасьве́тліць, / спачы́лым грахі́ праба́чыць і ўсіх ува Ўладарства Нябе́снае пры́ме, / дзе Анё11лы заўсё1ды пе́сьню сьпява́юць хвале́бную: / Алілу́я.

 

Гэты кандак прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.

 

Ярэй: Да сьвято́е звышгоднае ма́ці на́шае Еўпрасі́ньні, памо́лімся.

   Людзі: Сьвята́я звышгодная ма́ці на́ша Еўпрасі́ньня, малі́ Бо́га за нас.

 

Малітва

    О, звышго́дная й заўждыпа́мятная, усяхва́льная ма́ці Еўпрасі́ньня, Анёл у целе, Богаабра́нае зьмесьцішча Сьвято́га Ду́ха, Царквы́ Хрысто́вай хвала́ і ўкра́са, умацава́ньне й сла́ва мана́хаў, Айчы́не, манастыру́ тваяму́ і ўсёй краі́не Белару́сі дапамо́га, пакро́ў і засту́пніца! Ты, як дрэ́ва, паса́джанае пры выто́ках вод, плада́мі дабрадзе́йнасьцяў тваі́х і прасьвяднымі дара́мі Ду́ха Сьвято́га адо́раная, наста́ўніца ў сло́вах і спра́вах, абра́ная, беззага́нная, до́брая, пачу́й нас, якія мо́лімся табе́ й закліка́ем імя́ тваё, бо ма́еш ты адва́гу пе́рад Го́спадам. Папрасі́ нам по́сьпехаў у жыцьці́ дабрадзе́йным; ахава́й на́шы сэ́рцы ве́раю, надзе́яю, любо́ўю й стра́хам Бо́жым. Пада́й нам дапамо́гу ў пра́цы і ў го́расьцях на́шых; і як ты апекава́ла ў жыцьці́ манастыр твой і і́накіняў, так і цяпе́р паклапаці́ся за нас, паспрыя́й нам ува ўсім: манастыр твой ахава́й мі́рам і абарані́ ад во́рагаў ба́чных і няба́чных, каб ён красава́ўся ла́дам і дабрадзе́йнасьцямі. Пазба́ў нас ад усяля́кай няста́чы, ад лю́тых хваро́баў і ад нечака́най сьме́рці, і прывядзі́ да шчы́рага пакая́ньня пры адыхо́дзе з гэ́тага жыцьця́; вы́малі нам у Го́спада Бо́га спачы́н мі́рны, бязбо́льны, непасаро́млены, з прычашчэ́ньнем Сьвяты́х Тайнаў; і правядзі́ нас праз мы́тарствы нябе́сныя, каб не вы́хапілі нас мучы́целі гро́зныя за грахі́ на́шыя, але каб з засту́пніцтвам тваі́м і дапамо́гаю мы здо́лелі непашко́джана прайсьці́ праз выпрабава́ньне нябе́снае й мі́ласьць атрыма́ць, і стаць неасу́джана пера́д стра́шным прасто́лам, і на Жахлівым судзе́ спадо́біцца стаць правару́ч ад пра́ўднага Судзьдзі́, і ўспадкава́ць до́лю пра́ўдных. О, усясла́ўная ма́ці, звышго́дная Еўпрасі́ньня, дапамажы́ нам малі́твамі тваі́мі; ахава́й нас і абарані́ ад усяля́кіх па́стак варо́жых, каб спадо́біліся мы прайсьці́ шлях зямно́га на́шага жыцьця́ бесперашко́дна й па малі́твах тваі́х збаўле́ньне атрыма́ць у Хрыста́ Бо́га на́шага, каб спадо́біліся мы сла́віць Яго́ зь Беспача́тным Айцо́м і Сьвяты́м Ду́хам, на вякі́ ве́чныя. Амі́н.