Звышгоднамучанік Антон Супрасльскі, Афонскі (+ХVІ ст.). прпмч. Антоній Супрасльскій (ц.- сл.) ; sw. Antoni Supraski (польск.) Дзень сьвяткаваньня: стары стыль – 4 лютага / новы стыль – 17 лютага І к о н ы Ж ы ц ь ц я п і с Звышгодны Антон Супрасльскі, мучанік Афонскі (2-я пал. XV – пач. XVI ст.), нарадзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім у пабожнай праваслаўнай сям'і ў 2-й палове ХV ст., мірское імя невядома. У маладосьці адрозніваўся неўтаймаваным норавам, забіў чалавека. Рухомы раскаяньнем, прыняў манаства зь імем Анупрэй ў Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры пры яго заснавальніку ігумену Пафнуцію (з 1498 да 1506 г.). Манастыр знаходзіўся у Кіева-Літовскай Мітраполіі з цэнтрам у г. Наваградку, што належала да Канстанцінопальскага Патрыярхату. Імкнучыся загладзіць цяжкі грэх, ён вырашыў пацярпець за веру ў мусульманскіх краінах, але не атрымаў на гэта дабраславеньня ігумена. Настаўлены Афонскімі манахамі, якія прыбылі для ўладкаваньня манаскага жыцьця ў новазаснаваным Супрасльскім манастыры, прыняў схіму зь імем Антон і адправіўся на Афон, дзе пасяліўся ў пірзе (вежы) сьв. Савы Сэрбскага (верагодна, каля Протата ў Карэі). На Афоне ягоны намер прыняць пакуты за веру таксама не атрымаў ўхваленьня манастырскіх уладаў і старцаў і ён паслухмяна выконваў свой манаскі зарок. Аднак па сканчэньні нейкага часу схіманах Антон пачуў пра подзьвіг шляхетнага юнака Яна, закатаванага туркамі, верагодна ў македонскім г. Сэры, і жаданьне прыняць пакуту за веру зноў авалодала ім. Ён накіраваўся ў г. Фесалонікі (Салунь), прыйшоў у царкву Багародзіцы Ахірапіітос (адзін з самых старажытных храмаў горада, ператвораны ў мячэць у 40-х гг. XV ст.) і пачаў маліцца ў ёй падчас мусульманскага набажэнства, за што быў зьбіты й кінуты ў вязьніцу, дзе правёў 10 дзён без ежы й вады. Выкліканы пасьля гэтага на допыт да турэцкага граданачальніка, схімнік Антон адмовіўся ад прапановы перайсьці ў мусульманства і ў рэзкай форме асуджаў іслам і яго прыхільнікаў. Раз'юшаны кіраўнік горада прысудзіў яго да спаленьня, хоць кадый («законны судзьдзя») не знайшоў віны ва ўчынку манаха. Прыведзены на пакараньне сьмерцю, ён зноў адмовіўся прыняць іслам, плюнуў у твар стражніка, быў забіты булавой і спалены. Ягоны прах быў разьвеяны, каб спыніць пакланеньне хрысьціянаў новамучаніку. Шанаваньне звгмч. Антона Супрасльскага не было распаўсюджана ні на Афоне, ні ў Салоніках, ні ў Літве-Беларусі, ні на Русі-Украіне. Не захавалася ні службы яму (нават асобных сьпеваў), ні старажытнага намаляванага ягонага вобразу. Кароткі жыцьцяпіс сьв. звгмч. Антона Супрасльскага, зь вершам на пачатку, быў напісаны, па ўсёй бачнасьці, у Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры паводле аповядаў афонскіх манахаў альбо паломнікаў неўзабаве пасьля скону пакутніка. Тэкст жыцьцяпісу захаваўся ў адзіным сьпісе XVI ст. на ўстаўных аркушах у літоўскім (беларускім) рукапісы Вершаванага Пралогу, дзе ён зьмешчаны пад 4 лютага (ГИМ. Увар. № 56-10. Л. 478-479 аб.) – днём ягонае пакутніцкае сьмерці, што гаворыць пра шанаваньне яго як сьвятога. Малітвы й Набажэнствы Трапар, Кандак і Служба агульныя звышгоднамучаніку адзінаму. |
Беларускія Сьвятыні / Belarusan Shrine > Сьвятыя Беларускае зямлі / Saints of the Belarusan land >