26 сакавіка 2010 г. у Мэльбурне (штат Вікторыя, Аўстралія) адбыліся паховіны супачылага Мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Кулакоўскага, былога кіраўніка Парафіі Сьвятых Мучанікаў Антона, Яна й Астапа Віленскіх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Абрад паховінаў выканаў япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі Сьвятаслаў. Увечары, пасьля пераносу цела супачылага сьвятара ў храм, дзе ён служыў пасьля сваяго рукапакладзеньня ў 1962 г., адбылася Паніхіда і чытаньне Дабравесьця. Раніцай былі адслужаная засупакойная Літургія Сьв. Рыгора Дваяслова, пасьля якое, - адпяваньне сьвятара. Самыя паховіны адбыліся на беларускім сэктары могліцаў “Fawkner Memorial Park” у Мэльбурне. На паховінах былі прысутныя вернікі Парафіі Сьв. Віленскіх Мучанікаў БАПЦ, таксама вернікі Парафіі Расійскае Замежнае Праваслаўнае Царквы й Грэцкае Старастыльнае Царквы, прадстаўнікі Парафіі БАПЦ з г.Адэлайды (штат Паўдзёная Аўстралія). Развітальныя словы выказалі яп.Сьвятаслаў, дачка супачылага сьвятара сп-ня Ірына Кулакоўская, старшыня Парафіяльнае Рады сп-р Мікалай Субач. Памінальны абед адбыўся ў Парафіяльнай зале храму Сьв. Віленскіх Мучанікаў. |