Навіны
ПАХОВІНЫ БЕЛАРУСКАГА СЬВЯТАРА
26 сакавіка 2010 г. у Мэльбурне (штат Вікторыя, Аўстралія) адбыліся паховіны супачылага Мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Кулакоўскага, былога кіраўніка Парафіі Сьвятых Мучанікаў Антона, Яна й Астапа Віленскіх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Абрад паховінаў выканаў япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі Сьвятаслаў. Увечары, пасьля пераносу цела супачылага сьвятара ў храм, дзе ён служыў пасьля сваяго рукапакладзеньня ў 1962 г., адбылася Паніхіда і чытаньне Дабравесьця. Раніцай былі адслужаная засупакойная Літургія Сьв. Рыгора Дваяслова, пасьля якое, - адпяваньне сьвятара. Самыя паховіны адбыліся на беларускім сэктары могліцаў “Fawkner Memorial Park” у Мэльбурне. На паховінах былі прысутныя вернікі Парафіі Сьв. Віленскіх Мучанікаў БАПЦ, таксама вернікі Парафіі Расійскае Замежнае Праваслаўнае Царквы й Грэцкае Старастыльнае Царквы, прадстаўнікі Парафіі БАПЦ з г.Адэлайды (штат Паўдзёная Аўстралія). Развітальныя словы выказалі яп.Сьвятаслаў, дачка супачылага сьвятара сп-ня Ірына Кулакоўская, старшыня Парафіяльнае Рады сп-р Мікалай Субач. Памінальны абед адбыўся ў Парафіяльнай зале храму Сьв. Віленскіх Мучанікаў. |
У Аўстраліі памёр беларускі святар Аляксандр Кулакоўскі
Аляксандр Кулакоўскі з удзельніцамі гурта "Каліна" і госцяй з Беларусі на ганку царквы ў Мельбурне. Сакавік 2003 г. У Мельбурне (Аўстралія) 18 сакавіка памёр беларускі праваслаўны святар Аляксандр Кулакоўскі. Ён не дажыў сем дзён да 25 сакавіка — свайго 85-га дня нараджэння. Аляксандр Кулакоўскі нарадзіўся 25 сакавіка 1925 г. у в. Тулічава на Наваградчыне (тады Заходняя Беларусь, Польшча) у сялянскай сям’і Рыгора і Сцефаніды Кулакоўскіх. У сям’і было пяцёра дзяцей, і ўсе — браты (Мікалай, Адам, Рыгор, Уладзімір). Аляксандр быў сярэднім. У 1942 г. Тулічава спалілі немцы ў часе карнай акцыі. Гэта была помста ў адказ на партызанскі тэракт. Кулакоўскі перабраўся ў Мінск, адкуль у 1944 г. выехаў на Захад. Немцы адправілі яго пад самую французскую мяжу рыць бункеры. Па сканчэнні вайны апынуўся ў беларускім лагеры ў Остэргофене, дзе вучыўся ў беларускай гімназіі. Потым вучыўся ўжо ў Пасаў і ў Нюрнбергу ў нямецкіх прафесійных вучэльнях, здабыў адукацыю, што моцна прыдалося пасля пераезду ў Аўстралію. У гэтай краіне працаваў токарам, збіраў заводскія станкі. На пенсію выйшаў, працуючы на пошце. Амаль адразу па прыездзе ў Мельбурн далучыўся да беларускага грамадскага руху, чым і займаўся ў вольны час. У 1953 г. Аляксандр Кулакоўскі ажаніўся з Раісай Борстак. Выхаваў двух дачок — Ірэну і Веру. Адна працуе настаўніцай, другая займаецца бізнэсам. У 1958 г. а. Мадэст (Яцкевіч) заснаваў у у Мельбурне парафію БАПЦ імя Трох Віленскіх Пакутнікаў. Кулакоўскі напачатку кіраваў царкоўным хорам, а ў 1963 г. у Нью-Ёрку быў высвячаны на дыякана, а потым атрымаў і святарскія высвячэнні. Пасля адыходу а. Мадэста з парафіі і стаў настаяцелем парафіі Трох Віленскіх Пакутнікаў. Пры ім было заснавана дабрачыннае Сястрыцтва, жаночы свецкі хор "Каліна", які існуе і дагэтуль, а ў 1981 г. з ініцыятывы айца Кулакоўскага куплены новы будынак для царквы. Айцец Аляксандр Кулакоўскі таксама быў ініцыятарам набыцця дзялянкі пад беларускія пахаванні на гарадскіх могілках Фоўкнер у Мельбурне. Крыніца: АГ |
1-2 of 2