Яго Міласьць Найпачасьнейшы СЬВЯТАСЛАЎ (Логін) Архіяпіскап БАПЦ / His Eminence The Most Reverend SVIATASLAU (Lohin)

У міру — Вячаслаў Вячаслававіч Логін, нарадзіўся 26 лістапада 1964 года ў г. Чарнігаў (Украіна) у сям'і інжанераў Вячаслава і Людмілы (Сіз).

(Род паходзіць з Наваградчыны, дзед Андрэй Логін і ягоны брат Язэп (растраляны ў 1930-я г.г.) былі беларускімі фалькларыстамі (гл. - Энцыклапедыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі, т.3, б.291). Дзед па лініі маці - Даніла Сіз у 1930-я г.г. скончыў Гомельскі Чыгуначны Тэхнікум.)

У 1986 г. Скончыў Кіеўскі Палітэхнічны Інстытут, працаваў інжанерам.

У 1994-1999 г.г. навучаўся ў Кіеўскай Духоўнай Сэмінарыі, пасьля сканчэньня яе, у 1999-2000 г.г. навучаўся на Тэалягічным факультэце Манітобскага Універсытэту (Праваслаўны Калегіум Сьв. Ап. Андрэя ў Вініпэгу, Канада).

27 жнівеня 2000 г. рукапакладзены ў сан дыякана, а 17 снежня 2000 г. - у сьвятара ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага ў г. Таронта (правінцыя Антарыё, Канада) і прызначаны на гэтую ж Парафію.

У 2002-2007 г.г. служыў настаяцелем Парафіі Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці БАПЦ у г. Гайлянд Парк (штат Нью Джэрзі, ЗША).

У 2005-2006 г.г. быў в/а настаяцеля Катэдры Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у г. Нью Ёрк (ЗША).

З 2007 г. - настаяцель Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У кастрычніку 2006 г. Царкоўнаю Радаю БАПЦ аднагалосна абраны кандыдатам у япіскапы.

У лютым 2008 г. прымае манашы пострыг з імям Сьвятаслаў у манастыры Сьв. Чатырох Евангелістаў (УАПЦ у ЗША) у г. Гьюстан (штат Тэхас, ЗША) 24 лютага 2008 г. у Катэдры Сьв. Ап. Андрэя Першазванага ў г. Дэтройт (штат Мічыган, ЗША) архіяпіскапам Аляксандрам (УАПЦ у ЗША) узьведзены ў сан ігумена і архімандрыта.

11 травеня 2008 г. ярархамі Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы у ЗША (радавод хіратоній якое ідзе ад УАПЦ у часе 2-е сусьветнае вайны) - арх. Аляксандрам і яп. Макаріосом, з удзелам яп. Паісія (УПЦ Кіеўскі Патрыярхат) хіратанізаваны на япіскапа Наваградзкага і Паўночна-Амерыканскага БАПЦ за Боскаю Літургіей на парафіяльнае сьвята у Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Нью Ёрку (ЗША), і Царкоўнаю Радаю БАПЦ абраны Адміністратарам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.