Зварот да Канстантынопальскага Патрыярха, прыняты (20.08.) 2.09. 1942 г. на Ўсебеларускім Праваслаўным Саборы ў г. Менску, апрабаваны пазьней, у 1943 г., Сынодам Япіскапаў БАПЦ і пераданы ў палітычны аддзел Генэральнага Камісарыяту Беларусі для перасылкі ў Канстантынопаль. Паўторна гэты ліст быў перасланы Канстантынопальскаму Патрыярху (1)14. 9. 1953 г. праз ягонага Экзарха ў Амерыцы – Архіяпіскапа Міхаіла. ВАША СЬВЯЦЕЙШАСТВА, СЬВЯЦЕЙШЫ ЎЛАДЫКА ! Мы, іерархі Праваслаўнай Беларускай Царквы, зварочваемся да Вашага Сьвяцейшаства і просім пачуць сваім, поўным любові, сэрцам патрэбы нашае Царквы, прыняць іх блізка да свайго сэрца і падаць ёй руку помачы ў справе ўладжаньня царкоўнага жыцьця на падставах аўтакефаліі. Праваслаўная вера на беларускіх землях зьявілася ў Х-м стагодзьдзі. Прынесена яна сюды з Канстантынопалю праз Кіеў і расьцьвіла тут ва ўсім яе харастве. Ад самага пачатку гістарычнага жыцьця нашага народу Праваслаўная вера была магутным дзейнікам у ягоным жыцьці і моцнай апорай у зьменнай долі. Пад уплывам Праваслаўнай веры народ наш закрасаваў, душа ягоная ўзбагацілася ўсімі хараствамі праўды Божай, землі ягоныя пакрыліся мноствам сьвятыняў, манастыроў і школаў. Разьвіўшы ў сабе найлепшыя стараны чалавечай душы, Беларускі народ даў Царкве сваіх сьвятых (Прэпадобная Эўфрасіньня, князёўна Полацкая; сьв. сьв. Кірыла і Лаўрэнці – япіскапы Тураўскія; Прэпадобны Афанасі, ігумен Берасьцейскі; сьв. сьв. Віленскія мучанікі Антоні, Іоанн і Эўстафі) і праз доўгія вякі захаваў сваю веру Праваслаўную ва ўсёй яе чысьціні і непашкоджанасьці. Яшчэ ў ХІ-м стагодзьдзі Беларускі народ меў свае япіскапскія кафэдры ў Полацку, Смаленску і Тураве, а пазьней у Наваградку і ў Берасьці. У ХІV-м стагодзьдзі царкоўнае жыцьцё было нагэтулькі шырока разьвіўшыся, што зьявілася патрэба мець свайго Мітрапаліта. Першым Мітрапалітам Беларускае Мітраполіі, якая тады называлася Літоўска-Рускай, быў Раман. У сан Мітрапаліта ён быў высьвячаны Канстантынопальскім Патрыярхам Філафеям. Мітрапаліт гэты атрымаў ад Канстантынопальскага Патрыярха правы аўтаномнага, амаль не аўтакефальнага галавы сваёй Мітраполіі, намінальна толькі залежнага ад Канстантынопалю. Пасьля сьмерці Рамана Мітрапалітам Беларускім стаў Кіпрыян з тытулам Літоўска-Кіеўскага. У 1415 годзе быў скліканы ў Наваградку Сабор, на каторым праваслаўныя япіскапы выбралі і самі пасьвяцілі ў сан Мітрапаліта Літоўска-Рускага (Беларускага) Грыгорыя Цымблака. Са сьмерцяй Грыгорыя Цымблака (1419 г.) Беларуская Мітраполія страціла самастойнасьць і ўвайшла ў склад Кіеўскай Мітраполіі, а пазьней, пасьля злучэньня Літоўска-Рускага княства з Польшчай (1569 г.), нават адчула вялікае прасьледаваньне з боку фанатычнага каталіцызму ў Польшчы. Пасьля-ж падзелаў Польшчы (1772 г. - 1796 г.), разам з прылучэньнем беларускіх земляў да Расеі, і Беларуская Царква перайшла пад юрысдыкцыю Расейскага Праваслаўнага Сыноду. У 1921 годзе Рыскім трактатам Беларусь была падзелена на дзьве часткі: гэтак званая Заходняя, апынулася ў граніцах Польшчы, дзе праваслаўнае беларускае духавенства і насельніцтва належылі да Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Большая-ж частка Беларусі, гэтак званая Ўсходняя, адыйшла да Савецкай Расеі, дзе царкоўна-рэлігійнае жыцьцё было бальшавікамі зьнішчана, сьвятыні разбураны, царкоўная маемасьць адабрана, а япіскапы і сьвятары былі вывезены ў ссылку, дзе загінулі, або расстрэляны на месцы. У 1941 годзе нямецкая армія вызваліла Беларусь ад бальшавікоў і палякаў, і актам Генэральнага Камісара для Беларусі ад 3-га кастрычніка 1941 году жыцьцё Праваслаўнай Царквы на Беларусі было легалізавана пры ўмове яе аўтакефальнага ўпраўленьня. Падзеленая на дзьве часткі, цяпер Беларусь творыць адзін дзяржаўны арганізм пад назовам Генэральны Камісарыят Беларусі. Усіх жыхароў на Беларусі налічваецца каля 15 міліёнаў, з каторых 85 прац. праваслаўных. Усходняя Беларусь, якая больш 20-ці год знаходзілася пад бальшавікамі, цяпер творыць і арганізуе царкоўнае жыцьцё, аднаўляюцца і адчыняюцца храмы, зачыненыя або пераробленыя пад клюбы, тэатры і інш., засноўваюцца прыходы, разьвіваецца праваслаўная місыянэрская праца сярод беларускага насельніцтва. Царкоўным жыцьцём на Беларусі кіруе Сабор Япіскапаў і Сынод на чале з Мітрапалітам. Сабор Япіскапаў у сакавіку 1942 году падзяліў Беларускую Мітраполію на 6 Епархіяў. Усіх Япіскапаў з Мітрапалітам разам у сучасны мамэнт ёсьць 5. Прадбачаюцца хіратоніі новых Япіскапаў. У верасьні 1942 году ў сталічным горадзе Беларусі Менску адбыўся Царкоўны Сабор, складзены з Іерархіі і выбраных прадстаўнікоў духавенства і міранаў Беларускай Мітраполіі, на якім быў апрацаваны і прыняты Статут для Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Статут гэты складзены на падставе канонаў і традыцыяў Сьвятое Ўсяленскае Ўсходняе Праваслаўнае Царквы. На гэтым самым Царкоўным Саборы пастаноўлена зьвярнуцца да Галоў усіх Праваслаўных Аўтакефальных Цэркваў з просьбай даць сваё благаслаўленьне на Аўтакефальнае існаваньне Беларускае Праваслаўнае Царквы. Поўныя глыбокай пашаны, любові і адданасьці да Вас, Найсьвяцейшы Ўладыка, яшчэ раз просім даць сваё апостальскае благаславеньне на самастойнае жыцьцё нашае Сьвятое Праваслаўнае Царквы Беларускае і прыняць Яе ў лік Сёстраў – Сьвятых Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў ва славу Сьвятой Царквы Хрыстовай і на карысьць богалюбівага Праваслаўнага Беларускага Народу. [подпісы:]
(7)20.ІV.1943 г., Менск. [Архіў БАПЦ] Гэты дакумэнт друкаваўся: - Часопіс “Царкоўны Сьветач”, Саўт Рывэр, ЗША, № 1- 1955г. - І.Касяк, З гісторыі Праваслаўнай Царквы Беларускага Народу, БЦР, Нью Ёрк, ЗША, 1956 г. |