Статут БАПЦ (1942 г.)

Статут Сьвятой Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царквы, прыняты Ўсебеларускім Праваслаўным Саборам у Менску 17/30 жніўня – 20 жніўня/2 верасьня 1942 г. і зацьверджаны Саборам Япіскапаў 6/19 траўня 1944 г.

[Мова арыгіналу захавана] 



СТАТУТ 

СЬВЯТОЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ЦАРКВЫ 
ПРЫНЯТЫ ЎСЕБЕЛАРУСКІМ ЦАРКОЎНЫМ САБОРАМ 30. 8. — 2. 9. 1942 Г. 


I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ 

1. Сьвятая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква захоўвае адзінства ў справах дагматычных і кананічных з Сьвятымі Ўсяленскімі Ўсходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. Зьяўляецца незалежнай ад якой небудзь замежнай духоўнай ды сьвецкай улады і — роўнай у правох з усімі Аўтакефальнымі Праваслаўнымі Цэрквамі.

2. Сьвятая Праваслаўная Беларуская Царква ўпраўляецца на асновах:

Слова Божага, напісанага ў Сьвятым Пісьме, і

Сьвяшчэннага Прэданьня, а пайменна:

а) Правілаў Сьв. Апосталаў;

б) Правілаў 7-мі Ўсяленскіх і 10-ці Памесных Сабораў, прызнаных Сьв. Ўсяленскай Праваслаўнай Царквою;

в) Кананічных Правілаў Сьв. Айцоў, прынятых IV, 1; VI, 2,1, VІІ, 11;

г) Царкоўных Правілаў, якія датычуць адпраўленьня багаслужэньня і манастырскага жыцьця;

3) Пастаноў Сабораў Сьв. Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царквы,

згодных са Словам Божым і Сьвяшчэнным Прэданьнем;

4) Гэтага Статуту.

3. Сьвятая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква карыстаецца ў сваім нутраным жыцьці поўнай свабодай самаўпраўленьня.

4. Сьвятая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква мае правы бесперашкоднага публічнага адпраўленьня сваіх багаслужэньняў для веруючых і праводжаньня рэлігійных працэсыяў у ўстаноўленыя Царквою дні і гадзіны (як напрыклад: працэсыі на Йордан 6/19 студзеня, у дні так званых царкоўных адпустаў, пры паховінах нябожчыкаў і г. д.).

5. У Сьвятой Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царкве, як частцы адзінай Усяленскай Праваслаўнай Царквы, Сьвяточнымі днямі зьяўляюцца ўсе нядзельныя дні (у тым ліку Сьвяты Ўваход Гасподні ў Ерусалім, першыя дні Сьв. Пасхі і Тройцы, а таксама і дні двунадзесятых вялікіх сьвятаў, г. зн. Нараджэньня Хрыста 25-26 сьнежня (7-8 студзеня па нов. стылю), Хрышчэньне Гасподне 6/19-І, Сраценьне Гасподне 2/15-ІІ, Благавешчаньне Прэсь. Багародзіцы 25/ІІІ — 7/ІV па нов. стылю, Узьнясеньне Гасподне, другі дзень Пасхі, другі дзень Тройцы (пераходныя сьвяты), Прэабражэньне Гасподне 6/19-VІІІ, Успеньне Божай Мацеры 15/28-VШ, Нараджэньне Багародзіцы 8/21-ІХ, Узьдзьвіжаньне Жыватварашчага Крыжа 14/27-ІХ, Увядзеньне ў Храм Прась. Дзевы 21/ХІ — 4/ХІІ па нов. стылю, Сьв. Васіля Вялікага 1/14-І, Сьв. Апосталаў Петра і Паўла 29/VІ-12/VІІ па новаму стылю, Усекнавеньне Главы Іоана Прадцечы 29/VІІІ-11/ІХ па нов. стылю, Пакроў Прэс. Багародзіцы 1/14-Х, Сьв. Мікалая 6/19-ХІ, апрача таго дні храмавых сьвятаў.

Усе двунадзесятыя вялікія сьвяты, пераходныя і не пераходныя, сьвяткуюцца паводле старога стылю — Юліянскага календара, прынятага ў Усходняй Праваслаўнай Царкве.

6. Згодна са Словам Божым (Дзеян. Ап. 2, 47; V, 14) і Царкоўным Прэданьнем, Сьвятая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква, на падставе Царкоўных Канонаў, мае права і забавязана прымаць у свае лона ўсіх зварочваючыхся да яе і шукаючых у яе спасеньня.

Увага! Ня прымаюцца тыя асобы, адносна якіх існуюць дзяржаўныя забароны.

7. Прылучэньне да Сьвятой Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царквы іншай царкоўнай ці рэлігійнай арганізацыі, маючай собскія нутраныя правілы, выконвае Мітрапаліт у паразумленьні з Саборам Япіскапаў і з захаваньнем царкоўных канонаў (I,19; ІІ,7; VI, 95; Сард. 7, 8; Сьв. Вас. ІІ, 47).

8. Багаслужэбнай мовай у Сьв. Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царкве зьяўляецца царкоўна-славянская, як мова старадаўняя і асьвячоная векавою традыцыей.

9. Мовай царкоўнай прапаведзі, навучаньня рэлігіі й царкоўнага ўрадаваньня зьяўляецца беларуская мова. У ўсіх гэтых выпадках ужываюцца імёны ў мове беларускай, за выняткам застасаваньня тэкстаў у мове царкоўна-славянскай.

10. Першаіерархам Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царквы, згодна з 34-м Апостальскім Правілам, г. зн. яе першым Япіскапам, Кіраўніком і прадстаўніком у ўсіх нутраных і вонкавых зносінах, зьяўляецца МГГРАПАЛГГ.

11. Мітрапаліт зьўляецца вярхоўным прадстаўніком Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы перад дзяржаўнаю ўладаю і хадатаем яе ў справе тэй-жа царквы.

М і т р а п а л і т :

а) Дбае аб дабры сваей Мітраполіі (Ант. 9).

б) Склікае Ўсебеларускі Сабор, Сьв. Сабор Япіскапаў і Сьвяш. Сынод і старшынствуе на іх, а таксама даглядае, каб пастановы іх выконваліся.

в) Дбае аб сваечасовым замяшчэньні Япіскапскіх Кафэдраў (IV, 25).

г) Зацьверджае выбар Япіскапаў (I, 4) і хіратанісуе іх разам з Япіскапамі Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы (IV, 28).

д) Дае водпуск епархіяльным Япіскапам (Кар. 32), згодна з кананічнымі правіламі.

е) Прэпадае Япіскапам брацкія рады адносна іх асабістага жыцьця, а таксама выконваньня праз іх пастырскіх абавязкаў (Кір. Ап. 1; Ап. 34, 74; Карф. 28, 97; I; Ант. 9).

ж) Разглядае справы, вынікаючыя з іх асабістых непаразумленьняў між Япіскапамі, у выпадку дабравольнай перадачы іх яго пасярэдніцтву, прычым вырашэньне Мітрапаліта абавязуе абедзьве стараны (Карф. 17, 107, 136).

з) Прымае скаргі Япіскапаў і дае ім патрэбны бег (Карф. 28).

і) Наведвае ўсе епархіі сваей Мітраполіі (Карф. 63).

к) Зьвяртаецца да ўсяе Праваслаўнае Аўтакефальнае Беларускае Царквы з навучаючымі пасланьнямі і пастырскімі адозвамі (VI, 19; Ант. 19).

л) Надае адпаведныя ўзнагароды Япіскапам (Цім. V, 17).

м) Надае асобныя пахвалы ў форме пастырскага благаславеньня духоўным і сьвецкім асобам за іх карысную працу для Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы і ўзнагароджвае на падставе прадстаўленьня епархіяльных Япіскапаў (Ап. 34) асобы духоўныя адпаведнымі царкоўнымі ўзнагародамі (Цім. I, V, 17).

н) Зносіцца з Главамі іншых Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў у пытаньнях догматычных і кананічных, а таксама ў справах датычучых рэлігійнага жыцьця.

о) Дбае аб сваечасовым прыгатаўленьні Сьв. Міра для Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы.

12. Імя Мітрапаліта ўзносіцца ў малітвах за багаслужэньням у ўсіх цэрквах Мітраполіі (Двукр. 14), а Мітрапаліт узносіць імёны Глаў усіх Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў (Двукр. 15).

13. Мітрапаліт зьяўляецца адначасна кіруючым Япіскапам Менскай Епархіі ды носіць тытул „Архіяпіскап Менскі і Мітрапаліт Усяе Беларусі".

14. Мітрапаліт носіць наступныя адзнакі годнасьці: белы манаскі клобук з брылянтавым крыжам, мітру з крыжам, а пасьля прызнаньня ўсімі Аўтакефальнымі Праваслаўнымі Цэрквамі Аўтакефаліі Праваслаўнай Беларускай Царквы, носіць дзьве панагіі, а за багаслужэньнем перадносіцца крыж.

15. Мітрапаліт, згодна з правіламі Апостальскімі (34) і — Анціяхійскага Сабору (9), выконвае свае функцыі ў паразумленьні з Япіскапамі сваей мітраполіі і карыстаецца іх радамі пры вырашэньні ўсіх важных спраў. Епархіяльныя-ж Япіскапы ў усіх важнейшых справах сваей епархіі зьвяртаюцца да Мітрапаліта за парадаю ды згодаю (Ант. 9).

16. Мітрапаліт кіруе Царквою дажывотна, калі не пажадае дабраахвотна адмовіцца ад кіраваньня Мітраполіяй. У выпадку-ж яго сьмерці, ці дзейнасьці, прыносячай шкоду Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царкве, ці парушаючай Сьв. праваслаўе, Ён нізлагаецца Саборам Япіскапаў Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы, пасьля суду над ім, і выбіраецца новы Мітрапаліт, спэцыяльным абіральным Саборам, з пасярод Япіскапаў Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы (Сар. 10, Двукр. 4).

17. Выбар гэты павінен быць зусім згодны з правілам 25-м IV Усяленскага Сабору. Мітрапаліт праводзіць сваё служэньне згодна з правіламі: Пятра Алекс. 10; ІІ, 1; Кірыла Алекс. 3 па Вальсамону.

18. Абіральны Сабор склікае старэйшы па хіратоніі Япіскап Мітраполіі ў Менску. Ён, з мамэнту звальненьня мітрапалічай кафэдры, становіцца „Месцаблюсьціцелям Мітрапалічага Прастолу". Тэрмін скліканьня Абіральнага Сабору вызначаецца такім чынам, каб Сабор адбыўся ў тэрміне не пазьней трох месяцаў ад часу звальненьня Мітрапалічай Кафэдры. Старшынствуе на гэтым Саборы Месцаблюсьціцель.

Увага! Месцаблюсьціцель Мітрапалічага Прастолу павінен быць беларускай нацыянальнасьці.

19. У часе выпаўненьня абовязкаў заступаючых, у пэрыод часу выконываньня, Месцаблюсьціцель Мітрапалічага Прастолу выпаўняе ўсе абовязкі Мітрапаліта, з чаго пасьля здае справаздачу новавыбранаму Мітрапаліту.

20. У склад Абіральнага Сабору ўваходзяць:

а) Усе Япіскапы Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы, нават якія знаходзяцца на пакоі.

б) Выбраныя епархіяльнымі сходамі два прадстаўнікі духоўных — ад духавенства епархіі і два прадстаўнікі сьвецкія ад кожнай епархіі.

в) Сынадальны місыянэр.

г) Настаяцелі манастыроў, або іх заступнікі, калі настаяцелямі зьяўляюцца япіскапы.

д) Адзін прадстаўнік духоўных вышэйшых і сярэдніх праваслаўных школаў, выбраны прафэсарамі з пасярод сябе.

е) Прафэсар багаслоўя, або царкоўнага права сталічнага унівэрсытэту.

21. 1) Сходы Абіральнага Сабору папярэджвае прадвыбарчы сход асоб,

уваходзячых у склад Сабору.

Прадвыбарчы сход, пад старшынствам Месцаблюсьціцеля Мітрапалічага

Прастолу вызначае з пасярод Япіскапаў Праваслаўнай Аўтакефальнай

Беларускай Царквы трох кандыдатаў на вакуючы прастол мітрапаліта.

22. Па адчыненьні Абіральнага Сабору адбываюцца выбары Мітрапаліта згодна з папярэднім пар. 21, з пасярод трох кандыдатаў, абсалютнай большасьцю галасоў правамоцных, тайным галасаваньнем; галасы, пададзеныя за іншых асоб, карткі, якія маюць, апрача імёнаў кандыдата, якія небудзь дапіскі, і чыстыя карткі — зьяўляюцца неважнымі.

23. 1) Калі пры першым галасаваньні, пры трох кандыдатах, ні адзінз іх не

атрымае абсалютнай большасьці важных галасоў, то галасаваньне павінна быць паўторана, пры чым, Япіскап, які атрымаў найменшую колькасьць галасоў, далейшаму галасаваньню не падлягае.

2) Калі ў гэтым выпадку ўсе, або два япіскапы атрымаюць аднолькавыя

колькасьці галасоў, тады галасаваньне паўтараецца, а калі і гэта

галасаваньне дасьць той самы вынік, лёс вырашае, хто з япіскапаў ад

галасаваньня адхіляецца.

Калі два япіскапы пры галасаваньні атрымалі роўную колькасьць галасоў, то адбываецца паўторнае галасаваньне, а калі і ў гэтым галасаваньні яны атрымаюць зноў роўную колькасьць галасоў, вырашае лёс па папярэдніх урачыстых маленьнях.

Па заканчэньні выбараў і сьцьверджаньні правільнасьці іх, на падставе

пратаколу Абіральнага Сабору, новаабраны Мітрапаліт узводзіцца

Япіскапамі Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы на

Мітрапалічы Прастол.

24. Абіральны Сабор займаецца выключна выбарамі Мітрапаліта. Дыскусыі аб асобах кандыдатаў на Мітрапалічую Кафэдру не дапушчаюцца.

25. Парадак выбараў у Абіральны Сабор і яго рэгулямін будуць спэцыяльна агалошаны.

26. У вьшадку немагчымасьці склікаць Абіральны Сабор у вызначаны ў параграфе 18 гэтага Статуту тэрмін па незалежных ад Месцаблюсьціцеля Прастолу прычынах, Мітрапаліта выбірае Сабор Япіскапаў Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы, які склікае Месцаблюсьціцель Мітрапалічага Прастолу.

27. Аб сваім выбары ды інтранізацыі Мітрапаліт паведамляе асобным паведамленьнем Глаў усіх Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў.

28. У выпадку патрэбы, Заступнікам Мітрапаліта, зьяўляецца адзін з Епархіяльных Япіскапаў, выбраны Саборам Япіскапаў.

29. Заступнік Мітрапаліта выпаўняе свае абовязкі з даручэньня Мітрапаліта ў тым выпадку, калі Мітрапаліт не мае магчымасьці выконваць свае абовязкі з прычыны хваробы, ці адсутнасьці.

30.1) Заступнік Мітрапаліта выконвае свае абавязкі ў межах, вызначаных яму

Мітрапалітам, катораму здае справаздачу з сваіх функцыяў.

2) У выпадках неспадзяваных і выняткавых, не прадбачаных Мітрапалітам,

Заступнік Мітрапаліта склікае Сабор Япіскапаў, які вырашае справу.

31. 1) Пры Мітрапаліце існуе Мітрапалічая канцэлярыя, якая адначасова зьяўляецца

Канцэлярыяй Сьв. Сабору Япіскапаў і Сьвяшчэннага Сыноду.

2) Мітрапалічая канцэлярыя складаецца з дырэктара і патрэбнага ліку

ўрадоўцаў, вызначаных Мітрапалітам. 


ІІ. САБОР ЯПІСКАПАЎ 

32. Сабор Япіскапаў, як спадкаемца Апостальскай Улады, зьяўляецца найвышэйшым органам царкоўнай улады ў Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царкве, вырашаючы канчаткова справы, перавышаючыя межы паўнамоцніцтваў Епархіяльных Япіскапаў (Прав. Ап. 34; І, 4, 5, 6; ІІ, 2; IV, 19, 8; VI, 6).

33.1) Сабор Япіскапаў складаецца з усіх епархіяльных і вікарных япіскапаў Сьв.

Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы (І, 5; VI, 8).

2) Сабор Япіскапаў склікае Мітрапаліт ня менш аднаго разу ў год (VI,8; VІІІ,6).

3) Старшынёй Сабору Япіскапаў зьяўляецца Мітрапаліт (Ант. 16). Пастановы Сабору Япіскапаў прымаюцца абсалютнай большасьцю галасоў; пры роўнасьці галасоў вырашае голас Мітрапаліта.

34. Да сфэры дзейнасьці Сабору Япіскапаў, апрача спраў дагматычна-рэлігійнага характару, належаць клопаты аб усіх адміністрацыйных, асьветных і гаспадарчых справах і вьппэйшая судова-адміністрацыйная юрысдыкцыя, а пераважна:

1) У галіне царкоўна-рэлігійнай:

а) абгаварэньне догматаў веры (Ап. 37; VII, 6);

б) аўтарытэтнае тлумачэньне Царкоўных Правілаў (VII, 1, 2, 6);

в) рэгуляваньне ўсіх спраў, якія датычаць веры, таінстваў і абрадаў (VI, 32;

Ап. 3, 4);

г) сьцьверджаньне праўдзівасьці Сьв. Мошчаў, вырашэньні аб цудатворных

іконах і аб пачытаньні іх, пацьверджаньне і ўстанаўленьне, што

перадаецца аб Сьвятых, аб Машчах, аб абразох сьвятых і цудатворных

крыніцах;

д) устанаўленьне правілаў нутраной і вонкавай місыйнай дзейнасьці (Ап. 38;

VI, 19, 102; Карф. 77);

е) клопаты аб маральнасьці духавенства і вернікаў;

ж) пастановы аб выбары, хіратоніі, пераводах і звальненьнях Япіскапаў (1,

4, IV; Ап. 14, 1, 15; ІІІ, 9);

з) клопаты аб неабходнай асьвеце і выхаваньні духавенства,

законавучыцелёў ды іншых духоўных асоб (ІІ, Цім. I; ІІ, 2; Ап. 30; VI, 33;

VII, 2);

і) устанаўленьне і санкцыянаваньне новых малітваў (VI, 18);

к) выдаваньне патрэбных духоўных кніжак і падручнікаў Закону Божага ды

дбаласьць аб іх узроўні;

л) выдаваньне кніжак Сьв. Пісьма і літургічных.

2) У галіне царкоўна-адміністрацыйнай:

а) Вырашэньне ў апошняй інстанцыі ўсіх спраў у галіне навукі і веры;

б) клопаты аб рэлігійнай асьвеце, гаспадарцы і царкоўным кіравецтве;

в) вырашэньне спораў, непаразумленьняў ды сумліваў у царкоўным жыцьці

(Ап. 37; VII. 6; Ант. 20);

г) устанаўленьне правілаў аб абавязках белага і чорнага духавенства,

устанаўленьні іх царкоўнага становішча ды ўзаемных адносінаў;

д) нагляд за царкоўнай маемасьцяй і нагляд над маемасьцяй іншых

епархіяў (VII, 12);

е) нагляд і клопаты аб царкоўнай архітэктуры, іконаграфіі ды царкоўным

сьпеве.

3) У галіне царкоўна-судовай:

а) судаводзтва ў другой і апопшяй інстанцыі;

б) прыняцьце і разгляд скаргаў на Япіскапаў (І, 5), вырашэньне спораў

паміж імі (IV, 17; VI, 25) і судаводзтва ў першай і апошняй інстанцыі

над Япіскапамі (Ап. 74);

в) кампэтэнцыя ўстанаўленьня суадносін між Царквой і дзяржавай.



ІІІ. СЬВЯШЧЭННЫ СЫНОД 

35. Выканаўчым органам Сьв. Сабору Япіскапаў зьяўляецца Сьвяшчэнны Сынод на чале з Мітрапалітам (Ап. 34; І, 4).

36.1) Сьвяшчэнны Сынод складаецца з Мітрапаліта і трох епархіяльных

япіскапаў, ці іх заступнікаў, выбраных Сьв. Саборам Япіскапаў на адзін год.

2) Сьвяшчэнны Сынод склікаецца Мітрапалітам у меру патрэбаў, не радзей,

аднак, як два разы ў год (Ап. 37).

37.1) Сьвяшчэнны Сынод выконвае пастановы Сабору Япіскапаў і

Ўсебеларускага Сабору, а таксама прыгатаўляе матарыялы для працы гэтых

Сабораў.

2) Сьвяшчэнны Сынод:

а) Зацьвярджае і звальняе Настаяцеляў і Настаяцельніцаў манастыроў;

б) Вызначае і звальняе рэктараў і прафэсараў (настаўнікаў) духоўных

школаў;

в) Зацьвярджае сяброў Духоўных Кансысторыяў і Епархіяльных

місыянераў;

г) Пазбаўляе духоўнага сану сьвяшчэннаслужыцеляў, або нанова ўстанаўляе

іх;

д) Адлучае ад Царквы;

е) Дае канчатковыя пастановы ў характары вышэйшай інстанцыі ў справах

царкоўна-кананічных шлюбаў і разводаў;

ж) Сьвяшчэнны Сынод, як выканаўчая стала дзейная ўстанова вышэйшай

інстанцыі, ведае ўсімі царкоўнымі, адміністрацыйнымі і судовымі,

асьветнымі і гаспадарскімі справамі Мітраполіі;

з) Узнагароджвае, на падставе прадстаўленьня епархіяльных Япіскапаў

наступнымі ўзнагародамі: санам протопрэсьвіцера, санам архімандрыта,

мітрай, крыжом з аздобамі, паліцай, благаславеннай граматай, іконай,

бібліей.

38. Пры Сьвяшчэнным Сынодзе існуе Вучэбны Камітэт з трох сяброў, прызначаных Сынодам, пад старшынствам аднаго з Япіскапаў, які ведае ўсімі справамі духоўных школаў, навучаньнем Закону Божага і выданьнем школьных падручнікаў духоўнага зьместу.

39. Апрача таго, да кампэтэнцыі Сьвяшчэннага Сыноду належаць усе справы, перадаваныя Саборам Япіскапаў, за выняткам пададзеных у параграфе 34, а таксама вырашэньне важнейшых, вымагаючых неадкладнай пастановы, царкоўных спраў з абавязкавым прадстаўленьнем на апрабату Сабору Япіскапаў.

40. Пры Сьвяшчэнным Сынодзе існуе гаспадарскі аддзел, які ведае ўсей маемасьцяй Мітраполіі;

а) ён вядзе правільны ўчот рухомае, найболып вартаснае, і нярухомае маемасьці;

б) мае кантрольныя функцыі над гаспадаркаю Епархіі і правільным яе ўжываньнем;

в) ведае і кіруе праўнаю абаронаю царкоўнай маемасьці ад захопаў і злоўжываньняў;

г) рупіцца аб арганізацыі забясьпечаньня ўсімі прадметамі, патрэбнымі для багаслужэньня.

41. Для правядзеньня кантролю над фінансавай адміністрацыяй Мітрапалітальных інстытуцыяў, у меру патрэбы і епархіяльных, Сьвяшчэнны Сынод вызначае адумысловую кантрольную камісыю ў складзе трох асобаў.



IV. УСЕБЕЛАРУСКІ ЦАРКОЎНЫ САБОР 

42. Органам Сьвятой Праваслаўнай Беларускай Царквы, вырашаючым справы ў гэтай-жа царкве, згодна з Сьв. Прэданьнем, зьяўляецца Ўсебеларускі Царкоўны Сабор (ІІ, 2) зложаны з Япіскапаў (I, 5; 1,19; IV, 8) і прадстаўнікоў кліру і веруючых, які склікаецца Мітрапалітам пэрыядычна (Ант. 19, 20), не радзей, як кожнае пяцігодзьдзе з мэтай:

1) Захаваньня веры і царкоўнага парадку;

2) Узмацненьня і разьвіцьця царкоўнага жыцьця;

3) Заспакаеньня духоўных і маральных патрэбаў чадаў Сьв. Праваслаўнай

Аўтакефальнай Беларускай Царквы;

4) Клопату аб матарыяльных патрэбах.

43. У склад Усебеларускага Сабору ўваходзяць:

а) Усе Япіскапы Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы;

б) Выбраныя епархіяльнымі сходамі прадстаўнікі ад кожнай епархіі па 6 — ад духавенства і па 6 — ад міранаў;

в) Настаяцелі манастыроў;

г) Намесьнік Жыровіцкага манастыра;

д) Благачынныя манастыроў;

е) Епархіяльныя місыянеры;

ж) Настаяцелі кафэдральных сабораў;

з) Два прадстаўнікі, выбраныя прафэсарамі багаслоўскіх школаў з пасярод сябе;

і) У паседжаньні Сабору прымае ўдзел з дарадчым голасам Дырэктар

Мітрапалічай Канцэлярыі і, у меру патрэбы, іншыя служачыя тае-ж

канцэлярыі, вызначаныя Мітрапалітам.

44. Для важнасьці пастаноў Усебеларускага Сабору неабходна, каб яны былі прыняты большасьцю галасоў прысутных сяброў Сабору і санкцыянаваны (зацьверджаны) Саборам Япіскапаў, як прадстаўнікоў Сьв. Апосталаў і выразіцеляў царкоўных традыцыяў (VII, 2, 6; Клім. Рым„ Ірын. Діон.). Без санкцыі і зацьверджаньня Саборам Япіскапаў пастановы ня могупь быць уведзены ў жыцьцё.

45. Правілы аб выбарах і рэгулямін Усебеларускага Сабору далучаюцца да гэтага Статуту. 


V. ЕПАРХІІ I ЯПІСКАПЫ 

46. Сьвятая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква творыць адну Мітраполію і тэрыторыяльна дзеліцца на Епархіі (ІІ, 2; ІІІ, 8; IV, 17; Карф. 84, 67).

47. Межы Епархіяў устанаўляе і зьмяняе Сабор Япіскапаў (IV, 17; VI, 25).

48. Менскую Епархію ўглаўляе Мітрапаліт з месцапражываньнем у Менску. На чале іншых епархіяў стаяць Епархіяльныя Япіскапы, якія прабываюць (Карф. 82) у сваіх япіскапскіх рэзыдэнцыях. Зьмена сталага месцазнаходжаньня епархіяльных Япіскапаў, так і вікарных, патрабуе пастановы Сабору Япіскапаў.

49.1) Епархіяльных Япіскапаў Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай

Царквы выбірае Сабор Япіскапаў на чале з Мітрапалітам (I, 4; IV, 28).

2) Епархіяльны Япіскап, як кананічны спадкаемца Сьв. Апосталаў, зьяўляецца главой і прадстаўніком сваёй Епархіі і кіруе ею на падставе канонаў (Ал. 81, 83; ІІІ, 9; IV, 19; Анц. 9; Карф. 6, 25).

3) Епархіяльнаму Япіскапу належыць права кананічнага суду над духоўнымі асобамі (Ап. 27; VI, 9; Двукр. 9), права адпаведнага надаваньня ім пахвалаў і ўзнагародаў да пратаерэйства ўключна і права накладаньня на духоўных асоб адміністрацыйных і духоўных караў (Ап. 15, 27, 55; I, 5, 12, 15, 16; IV, 18; VI, 34,102; VII, 4; Ант. 17; Сард. 14; Карф. 38, 52; Двукр. 9; Вас. В. 74, 88; Феоф. Ап. 4, 6).

50. 1) Япіскапы падлягаюць суду Сабору Яшскапаў (Ап. 74).

2) Перамяшчэньні (Ап. 14; I, 15) і звальненьні (ІІІ, 9) Япіскапаў патрабуюць пастановы Сабору Япіскапаў.

51. Япіскапы маюць права і абавязак наведваць усе прыходы і цэрквы сваёй Епархіі (Карф. 63).

52.1) Епархіяльным Япіскапам, у выпадку патрэбы, вызначаюцца вікарныя

Япіскапы (Карф. 27).

2) Падрабязны абсяг абавязкаў вікарных Япіскапаў падае інструкцыя,

апрацаваная Саборам Япіскапаў.

53. Вікарных Япіскапаў выбірае і хіратанісуе, па прадстаўленьні Мітрапаліта, Сабор Япіскапаў (I, 4; IV, 28).

54. У выпадку звальненьня кафэдры Епархіяльнага Япіскапа, або ў выпадку немагчымасьці выпаўненьня Епархіяльнымі Япіскапамі сваіх абавязкаў, з прычын адсутнасьці ці хваробы, епархіяй кіруе вікарны Япіскап (Карф. 27), а пры адсутнасьці апошняга — Япіскап з другой Епархіі, часова вызначаны Мітрапалітам.

55. Япіскапы павінны належыць да манаскага стану, мець адпаведныя духоўныя кваліфікацыі (VII, 2; Лаод. 12; Сард. 10; Двукр. 17) і вьппэйшую, а ў астатачным выпадку — сярэднюю багаслоўскую асьвету і належыць да беларускай нацыянальнасьці.

Увага! У выпадку, калі няма дастойнага кандыдата беларускай нацыянальнасьці ў сан япіскапа, Сабор Япіскапаў можа хіратанісавапь у сан Япіскапа кандыдата іншай нацыянальнасьці. 


VI. ДУХОЎНАЯ КАНСЫСТОРЫЯ 

56. Упраўленьне над Епархіяй выконваюць Епархіяльныя Япіскапы пры дапамозе Духоўных Кансысторыяў, а ў Епархіях, у якіх маецца вікарны Япіскап, — таксама пры яго дапамозе.

57. Епархіяльныя сходы, якія складаюцца з прадстаўнікоў кліру і веруючых, выбраных на пяць год, адбываюцца раз у год. Епархіяльны Япіскап склікае сход і старшынствуе на ім.

58. Падрабязныя правілы адносна абсягу дзейнасьці, правілы аб выбарах і рэгулямін Епархіяльнага кіравецтва далучаецца да гэтага Статуту.

59. Духоўная Кансысторыя складаецца з абіральных сябраў і зьяўляецца стала дзейнай адміністрацыйна-выканаўчай установай, сумесна з якой Епархіяльны Япіскап кіруе Епархіяй.

Увага! Да часу апрацоўкі Статуту Духоўных Кансысторыяў, Духоўная Кансысторыя кіруецца старымі статутамі Духоўных Кансысторыяў.

60. Да Духоўных Кансысторыяў належыць права ініцыятывы ў агульных пытаньнях, якія адносяцца да царкоўна-епархіяльнага жыцьця, іх разважаньня, а пасьля разгляду на епархіяльным сходзе і акцэптацыі Епархіяльным Япіскапам, належыць і ажыцьцяўленьне апрацаваных для іх рэалізацыі мерапрыемстваў.

61. Духоўная Кансысторыя складаецца з чатырох, выбраных епархіяльным сходам на тры гады штатных сябраў, з якіх адзін у прэсьвіцерскім сане — па выбары Духоўнае Кансысторыі і па зацьверджаньні Епархіяльным Япіскапам, зьяўляецца старшынёй Духоўнае Кансысторыі.

Увага. 1) Епархіяльны Япіскап, калі знойдзе гэта патрэбным, асабіста

заступае Старшыню Духоўнай Кансысторыі.

2) У вьшадку адсутнасьці ці хваробы Старшыні, яго заступае сябра Кансысторыі у прэсьвіцерскім сане.

62. 1) У склад Духоўнай Кансысторыі выбіраюцца асобы беларускай

нацыянальнасьці, знаныя адданасьцю Сьв. Праваслаўнай Царкве ў сане

прэсьвіцера — 4 асобы ў веку ня менш 30 год, з адукацыяй ня менш

сярэдняй.

2) Сябры Духоўнай Кансысторыі, па прадстаўленьні Епархіяльным

Япіскапам, зацьверджаюцца Сьвяшчэнным Сынодам.

63. Япіскал звальняе сябру Кансысторыі перад тэрмінам, калі выявіцца няздольнасьць яго да выкананьня абавязкаў сябры Кансысторыі, або злоўжываньне па службе, і часова вызначае іншага сябру Кансысторыі па свайму выбару, аб чым паведамляе Сьвяшчэнны Сынод.

Увага. 1) Калі вырашэньне справы не спатыкае агульнае згоды Духоўнай Кансысторыі, то справы вырашаюцца большасьцю галасоў. Пры роўнай колькасьці галасоў, вырашаючым зьяўляецца голас старшыні.

2) У выпадку нязгоды епархіяльнага Япіскапа з пастановай Духоўнай Кансысторыі, справа яшчэ раз разглядаецца Духоўнай Кансысторыяй, а калі згода не дасягнецца, тады справа ідзе на разгляд і вырашэньне епархіяльнага Япіскапа.

3) Неадкладныя вырашэньні ў справах пакідаюцца ўладзе епархіяльнага Япіскапа.

64. На паседжаньнях Духоўнай Кансысторыі прысутнічае абавязкава сакратар Духоўнай Кансысторыі. Не прымаючы ўдзелу ў пастановах, сакратар падае неабходныя выясьненьні аб справе, або даведкі праўнага характару.

Увага. Сакратара Духоўнай Кансысторыі вызначае і звальняе асабіста сам епархіяльны Архірэй з пасярод асоб, ведамых сваёй адданасьцю Сьв. Праваслаўнай Царкве.

65. Духоўная Кансысторыя мае канцэлярыю, якая кіруецца непасрэдна Сакратаром Духоўнай Кансысторыі.

66. Епархіяльную рэвізыйную камісыю выбіраюць епархіяльныя сходы на тры гады. У склад камісыі ўваходзяць дзьве духоўныя асобы і дзьве сьвецкія. Рэвізыйная камісыя выпаўняе сваю працу на падставе рэгуляміну, які далучаецца да гэтага Статуту.


VII. ДУХОЎНЫ СУД 

67. Духоўны суд выконваецца, згодна з аснаўнымі правіламі Сьв. Усяленскай Усходняй Праваслаўнай Царквы (Карф. 16; Ап. 74; Кіл. Ап. 1) і правіламі, выданымі Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквой.

68. Для асоб духоўных і сьвецкіх у справах супроць веры і багабойнасьці, а таксама ў справах шлюба-разводных першай інстанцыяй духоўнага суду зьяўляецца адпаведаная Духоўная Кансысторыя (IV, 9), другой і апошняй — Сьвяшчэнны Сынод (Карф. 2, 14, 37, 139; Сард. 14).

69. У склад духоўнага суду да першай інстанцыі ўваходзяць тры духоўныя асобы — сябры Духоўнай Кансысторыі.

70. Духоўныя суды накладаюць, па заканчэньні судовага працэсу, на духоўных і сьвецкіх асобаў адпаведныя царкоўныя кары, градацыю каторых зазначаюць правілы Сьв. Апосталаў і другія адпаведныя правілы, а таксама Статут Праваслаўных Духоўных Кансысторыяў.

71. Усе справы царкоўна-кананічных шлюбаў падлягаюць разгляду і вырашэньню Духоўных Судоў, згодна са Сьвяшчэннымі Канонамі (VI, 54, 72, 93; Карф. 115; Вас. В. 9, 78) і — Статуту Праваслаўных Духоўных Кансысторыяў. Усе пастановы Епархіяльнага Духоўнага Суду зацьвярджаюцца епархіяльным Япіскапам.


VIII. БЛАГАЧЫНЬНІ I ПРЫХОДЫ 

72. Епархіі дзеляцца на благачыньні, а апошнія на прыходы. Падзел епархіі на прыходы і благачыньні выконвае Епархіяльны Япіскап (IV, 17; VI, 38).

73.1) На чале благачыньняў стаяць благачынныя (Лаод. 57), якія выконваюць свае

абавязкі на падставе інструкцыі, выданай Сьв. Саборам Япіскапаў. Праз іх Япіскап выдае свае распараджэньні і наглядае за спосабамі жыцьця і захаваньня духоўных і сьвецкіх з погляду царкоўнага і дысцыплінарнага. Благачынныя павінны быць беларускай нацыянальнасьці.

2) Благачынных ды іх заступнікаў выбірае з пасярод найбольш дастойных настаяцеляў прыходаў благачыньніцкі сход і зацьверджае Епархіяльны Архірэй.

3) Звальняе благачыннага, або ягонага заступніка, Епархіяльны Архірэй пасьля ўстанаўленьня неадпаведнай дзейнасьці.

4) Пры благачынным існуе благачыньніцкая рада, якая складаецца з пяці асобаў; трох духоўных, аднаго псаломшчыка і аднаго сьвецкага, выбраных на благачыньніцкім сходзе на тры гады. Сябры благачыньніцкае рады ўдзельнічаюць на паседжаньнях з вырашальным голасам.

5) Благачыньніцкі сход складаецца з сьвяшчэнна-царкоўна-служыцелёў благачыньня па аднаму ад кожнага прыходу.

Увага. Інструкцыі для благачынных і благачыньніцкіх радаў далучаюцца да гэтага Статуту.

74. На чале прыходаў стаяць настаяцелі (IV, 6; IV, 17; VI, 25, 58; Ап. 15).

75. Настаяцеляў прыходу вызначае, перамяшчае і звальняе адпаведны епархіяльны Япіскап (Ап. 15, 1, 16).

76.1) У вялікіх прыходах памоцнікамі настаяцеляў (I, ІІІ, 13) могуць быць

вікарныя сьвятары і дыяканы (Ап. 2; І, 16).

2) Вызначэньне іх, перамяшчэньне і звальненьне належыць да Епархіяльнага

Япіскапа (Ап. 15, 29; I, 15).

77. Для паслугаў у цэрквах, для чытаньня, сьпеваў і выкананьня абрадаў існуюць пры гарадзкіх кафэдральных храмах іпадзіяканы, а ў кожным прыходзе — псаломшчыкі (VI, 15; VI, 14; Лаод. 15, 21, 22, 23, 25; Ап. 43). Псаломшчыкі могуць мець дзіяканскі сан.

78. Настаяцель кіруе прыходам пры брацкай дапамозе іншых сябраў прычту, а ў гаспадарскіх справах царквы і прыходу — супольна з прыхадзкой радай, складзенай з усіх сябраў прычту, царкоўнага старасты і двух выбраных прадстаўнікоў прыходу. Старшынствуе і кіруе прыхадзкой радай настаяцель прыходу.


IX. ДУХАВЕНСТВА 

79. Сьвятая Праваслаўная Беларуская Аўтакефальная Царква рыхтуе кандыдатаў да духоўнага сану ў духоўных школах. (П. Цім. ІІ. 2; VI, 19, 33; VII, 2).

80. Кандыдаты на сьвятароў і дзіяканаў высьвячаюцца япіскапамі пасьля стараннага спраўджаньня іх прававернасьці, стойкасьці ў веры, дабрадзейнасьці, скромнасьці (Фэаф. 7; Сард. 10) і пасьля перакананьня ў іх маральнай годнасьці (VI, 33; Карф. 3, 4); кандыдаты гэтыя павінны быць беларускай нацыянальнасьці з паходжаньня, мець ня менш, як сярэднюю багаслоўскую асьвету (VІІ, 2) і прызначаюцца на ўстаноўленыя становішчы пры гарадзкіх, сельскіх і манастырскіх цэрквах (I, 4, 6, 10; IV, 15).

Увагі. 1) У выпадку недахопу кандыдатаў у духоўны сан беларускай нацыянальнасьці і прымаючы факт наяўнасьці прыходаў з не беларускім жыхарствам (украінцы) — дапушчаецца высьвячэньне ў сьвятарскі сан кандыдатаў не беларускай нацыянальнасьці.

2) Да часу арганізацыі сярэдніх духоўных школаў і акадэміі, ды — падрыхтоўкі гэтымі школамі патрэбнага ліку кандыдатаў да духоўнага сану, епархіяльныя Япіскапы могуць высьвячаць у сьвятароў кандыдатаў без сярэдняй асьветы, пасьля старанных спраўджаньняў з усіх прадметаў багаслоўскай навукі.

81. Епархіяльным Архірэям сьвятары пераводзяцца на іншыя прыходы па судзе, па собскай просьбе і для карысьці службы.

82. Праваслаўная Беларуская Царква мае, на падставе царкоўных правілаў (IV, 4, 24; VI, 49; VII, 12, 13, 20), мужчынскія і жаночыя манастыры.

83. Пры манастырох могуць існаваць, з дазволу дзяржаўнай улады, розныя манастырскія прадпрыемствы, як напрыклад: сталярная, сьлясарная, мэханічная, разьбярня для вырабляньня царкоўнага ўстаткаваньня і розных багаслужэбных прыладаў — мэталёвых, дзераўляных, каменных і інш., а таксама прыватныя
іконамалярскія школы, кравецкія майстэрні і сьвечачныя заводы, больніцы, амбуляторыі, прытулкі для дзяцей і старых, прыкладныя хутары, пасекі і г. д.


X. НАВУКА ЗАКОНУ БОЖАГА 

84. 1) Царкоўная ўлада павінна рупіцца аб тым, каб праваслаўныя дзеці і старэйшыя

навучаліся Закону Божага.

2) Настаяцель павінен дбаць аб навучаньні праваслаўных дзяцей і старэйшых Закону Божаму ў сваім прыходзе, а калі сам не мае магчымасьці навучаць, навучаньне павінны праводзіць іншыя духоўныя або сьвецкія асобы, маючыя кананічную місыю ад епархіяльнага Япіскапа, пад агульным кіраўніцтвам настаяцеля.


XI. БРАЦТВЫ 

85. У прыходах могуць быпь заснаваныя брацтвы, з мэтай шырэйшага ажыцьцяўленьня рэлігійна-асьветнага жыцьця, утрыманьня ў адпаведным стане храмаў, супрацоўніцтва ў арганізацыі ўрачыстых багаслужэньняў і дзеля хрысьціянскай міласэрнасьці (IV, 3; VI, 74, 68; Лаод. 28; Карф. 51).

86. Брацтвы могуць мець рухомую і нярухомую маемасьць, эгодна в агульнымі і дзяржаўнымі законамі Статут брацтва санкцыянуецца епархіяльным Япіскапам.


ХІІ. МІСЫЯНЭРСТВА 

87. Для пашырэньня праваслаўнай веры і абароны праваслаўных хрысьціянаў ад непраўдзівых навукаў, існуюць у Сьв. Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царкве місыянеры і місыянерскія камітэты, працуючыя на падставе правілаў, выданых Сьв. Саборам Япіскапаў (Ап. 58; VI Карф. 77).


ХІІІ. ЦАРКОЎНАЯ МАЕМАСЬЦЬ 

88. 1) Сьвятая Праваслаўная Беларуская Аўтакефальная Царква, як адно цела (Мітраполія), а таксама япіскапствы, манастыры і прыходзкія цэрквы ды арганізацыі маюць права, згодна з існуючымі правіламі, набываць маемасьць рухомую і нярухомую. Маемасьць япіскапства складаецца з маемасьці епархіі і маемасьці архірэйскага дому.

2) Царкоўная маемасьць знаходзіцца пад вьппэйшым наглядам Сабору Япіскапаў і — непасрэдным кантролем Сьвяшчэннага Сыноду.

3) Маемасьць Мітраполіі знаходзіцпа пад кіравецтвам Мітрапаліта, пад наглядам Сабору Япіскапаў.

4) Маемасьцяй Япіскапства адмініструе Епархіяльны Япіскап пры дапамозе Духоўных Кансысторыяў ды аконама архірэйскага дому (Ап. 28, 41, 40; IV, 26; Анціох. 25; VII, 12; Двукр. 1; Фэоф. 10).

5) Царкоўная маемасьць хаваецца старанна і добрасумленна (Анпіох. 24; Кір. Ап. 2), згодна са сьпіскам усіх царкоўных рэчаў (Двукр. 1; Карф. 42) і ўжываецца згодна з правіламі (Фэоф. ІІ).

89. 1) Нярухомая маемасьць царкоўная ў прынцыпе зьяўляецца незбыванай; у

выняткавых вьшадках гэтая маемасьць можа быць збытай, зьмененай і

абцяжанай, або падлягаць зьмене свайго прызначэньня, на падставе

пастановы Сьвяшчэннага Сыноду, па прадстаўленьні адпаведнага

Епархіяльнага Япіскапа.

2) Нярухомая маемасьць Мітраполіі можа быць аддадзена ў арэнду поўнасьцю або часткова, на падставе пастановы Сабору Япіскапаў. Нярухомая маемасьць япіскапства можа быць здадзена ў арэнду з дазволу Сьвяшчэннага Сыноду, нярухомая і маемасьць — манастыроў — з ведама Епархіяльнага Япіскапа і дазволу Сьвяшчэннага Сыноду. Нярухомая маемасьць прыходзкіх цэркваў і царкоўных брацтваў можа здавацца ў арэнду на адзін год з ведама і дазволу епархіяльнай улады.

3) Рухомая маемасьць можа быць збытай, зьмененай або падлягаючай зьмене прызначаньня, паводле згоды Епархіяльнага Япіскапа (Ап. 38, 39, 40; IV, 26; VII, 12; Ант. 25).

4) У выпадку скасаваньня царкоўнай уладай прыходу, маемасьць прыхадзкой царквы пераходзіць на ўласнасьць япіскапства і прызначаецца на агульныя патрэбы епархіі, або аднэй з суседніх прыходзкіх цэркваў.


XIV. ДУХОЎНЫЯ ШКОЛЫ 

90. Сьвятая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква мае права адчыняць свае духоўныя школы для падрыхтоўкі сьвяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў, а пайменна: адну духоўную акадэмію, духоўныя сэмінарыі ды школы прычэтнікаў.

91.1) Праваслаўная Духоўная Акадэмія зьяўляецца вышэйшай багаслоўскай

школай, якая мае на мэце рыхтаваньне асьвечанага духавенства і царкоўных

дзеячоў для Сьв. Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы.

2) Духоўная Акадэмія знаходзіцца ў сталічным горадзе Менску пад непасрэдным наглядам Мітрапаліта Ўсяе Беларусі.

3) Непасрэднае кіраўніцтва Духоўнай Акадэміяй ажыцьцяўляецца ейным Рэктарам у сане Япіскапа, супольна з Радай прафэсароў Акадэміі.

92. Духоўная Акадэмія мае свой нутраны статут, з дапамогай якога рэгулююцца ўсе справы адміністрацыйныя, пэдагагічныя, навуковыя і гаспадарчыя. Статут вымагае апрабаты Сабору Япіскапаў.

93. Пры Духоўнай Акадэміі знаходзіцца інтэрнат для студэнтаў.

94. 1) Духоўная сэмінарыя зьяўляецца сярэдняй духоўнай школай, маючай на

мэце падрыхтоўку кваліфікаваных сьвятароў, пераважна для сельскіх

прыходаў і падрыхтоўку кандыдатаў для Духоўнай Акадэміі.

2) На чале духоўных сэмінарыяў павінны быць абавязкава асобы духоўнага сану з вышэйшай багаслоўскай асьветай і пэдагагічнай падрыхтоўкай.

3) Непасрэднае кіраўніцтва духоўнай сэмінарыей належыць да Рэктара сэмінарыі, супольна з пэдагагічнай радай сэмінарыі.

95. Духоўныя сэмінарыі павінны мець свой нутраны статут, апрабаваны Саборам Япіскапаў, які рэгулюе жыцьцё сэмінарыі.

96. Апякуном духоўнай сэмінарыі зьяўляецца мясцовы епархіяльны Япіскап, які наглядае за ўсімі галінамі сэмінарскага жыцьця.

97. Пры духоўнай сэмінарыі існуе інтэрнат для выхаваньня вучняў сэмінарыі.

98. Настаўнікі Духоўнай Акадэміі і Духоўных сэмінарыяў павінны быць абавязкава асобы з вышэйшай багаслоўскай асьветай, апрача настаўніка царкоўнага сьпеву, які можа быць са спэцыяльнай, і, пажадана, у духоўным сане.

99. Рэктараў і настаўнікаў Духоўнай Акадэміі і Духоўных сэмінарыяў вызначае і звальняе Сьвяшчэнны Сынод.

100. Праграмы навучаньня для ўсіх духоўных школаў: вышэйшых, сярэдніх і ніжэйшых, апрацоўвае Вучэбны Камітэт пры Сьвяшчэнным Сынодзе і санкцыянуе Сабор Япіскапаў.

101. Псаломшчыцкія школы маюць на мэце падрыхтоўку кваліфікаваных дзіяканаў і псаломшчыкаў-рэгэнтаў, а таксама дапаможных законавучыцеляў і місыянераў.

102.1) Непасрэдным старшынёй і кіраўніком псаломшчыцкай школы зьяўляецца

асоба духоўная і з пэдагагічным дасьведчаньнем.

2) Вызначэньне і звальненьне старшыняў і настаўнікаў псаламшчыцкіх

школаў належыць да кампэтэнцыі епархіяльнага Япіскапа, як галоўнага старшыні гэтай школы.


XV. ЭМЭРЫТУРНАЯ КАСА 

103. Сьвятая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква можа мець сваю эмэрытурную касу, удзельнікамі якой зьяўляюцца ўсе япіскапы, духавенства, псаломшчыкі і манахі. Апошнія – па іх пажаданьню.

104. Эмэрытурная каса мае на мэце матарыяльнае забясьпячэньне духоўных асобаў ды іх сем'яў на выпадак сьмерці ўдзельніка касы, ці яго непрацаздольнасьці з прычыны старасьці, хваробы ці залічэньня за штат.

105. Кіраўніцтва эмэрытурнай касай і правільнае яе функцыянаваньне рэгулююцца асобным статутам эмэрытурнай касы, зацьверджаным Саборам Япіскапаў.


XVI. ЕПАРХІЯЛЬНАЯ АПЕКА 

106. Пры Духоўных Кансысторыях у кожнай епархіі існуе епархіяльная апека для сталай, або аднаразовай дапамогі бяднейшым сьвяшчэнна- і царкоўнаслужыцелём, іх удовам, сіротам, а таксама бяднейшым вучням духоўных школаў.

107. Сродкі на стварэньне капіталаў епархіяльнай апекі часткова складаюцца з штомесячных добраахвотных, але роўнамерных аплатаў сьвяшчэнна- і царкоўнаслужыцелёў, якія знаходзяцца на епархіяльнай і прыхадзкой службе, а часткова са штомесячных аплатаў ад прыходзкіх цэркваў. Аплаты ад цэркваў ідуць пераважна на дапамогу бедным вучням духоўных школаў.


ХVІІ. КАНЧАТКОВЫЯ ПАСТАНОВЫ 

108. Пры Мітрапаліце выдаецца афіцыйны ворган для ўсей Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы, а пры кожным кіруючым Япіскапе — для его епархіі. Гэтыя ворганы выдаюцца на беларускай мове.

109. Гэты Статут можа быць зьменены шляхам пастановы Ўсебеларускага Царкоўнага Сабору звычайнай бальшынёй галасоў.

110. Падрабязныя рэгуляміны, успамінаныя ў гэтым Статуце, будуць апрацаваны Сьвяшчэнным Сынодам і зацьверджаны Саборам Япіскапаў.

111. Статут гэты ўваходзіць у жыцьцё в мамэнту яго падпісаньня Сьвяшчэнным Саборам Япіскапаў Сьвятой Праваслаўнай Беларускай Царквы, згодна з параграфам 44 гэтага Статуту.

112. Улады ды інстытуцыі Сьвятой Праваслаўнай Аўтакефальнай Беларускай Царквы карыстаюцца ўласнымі пячаткамі і штампамі з царкоўнымі эмблемамі і напісамі ў беларускай мове.

XVIII. ПЕРАХОДНЫЯ ПРАВІЛЫ

113. Да параграфу 1-га: Кананічнае агалошаньне (абвешчаньне) Аўтакефаліі наступіць пасьля прызнаньня яе ўсімі Аўтакефальнымі Праваслаўнымі Цэрквамі.

114. Да парг. 9-га: Пастановы парг. 9-га адносна беларускіх імёнаў уваходзяць у сілу пасьля зацьверджаньня і апублікаваньня беларускіх імёнаў праз. Сьв. Сынод.



Горад Менск, дня (6)19 траўня 1944 г.

[Подпісы:]

(—) Божай Міласьцю Мітрапаліт ПАНЦЕЛЕЙМАН
(—) Сьмірэнны ВЕНЕДЗІКТ, Архіяпіскап Беластоцкі і Горадзенскі
(—) Сьмірэнны ФІЛАФЕЙ, Архіяпіскап Магілеўскі і Мсьціслаўскі
(—) Сьмірэнны ІОАНН, Архіяпіскап Палескі і Берасьцейскі
(—) Сьмірэнны АФАНАСІЙ, Япіскап Віцебскі і Полацкі
(—) Сьмірэнны СЬЦЯФАН, Япіскап Смаленскі і Бранскі
(—) Сьмірэнны ГРЫГОРЫЙ, Япіскап Гомельскі і Мазырскі
(—) Сьмірэнны ПАВЕЛ, Япіскап Рослаўскі



[Архіў БАПЦ]

Гэты дакумэнт друкаваўся:
- І.Касяк, З гісторыі Праваслаўнай Царквы Беларускага Народу, БЦР, Нью Ёрк, ЗША, 1956 г.
Comments