Пастановы 2-га Сабору БАПЦ (1-га на Эміграцыі) у г. Канстанца (Konstanz –Constance), Француская зона Нямеччыны, 23 траўня/ 5 чырвеня 1948 г. П А С Т А Н О В Ы Саборыку Праваслаўных Беларусаў у Нямеччыне, у дзень прп. Еўфрасіні 23 траўня/5 чырвеня 1948 г. у Канстанцы, пад старшынствам Прэасьвяшчэннага Сергія, еп. УАПЦ (апякуна БАПЦ), прадстаўнікоў духавенства і вернікаў. 1. Асноўваючыся на ідэі мітрапаліта Грыгорыя Цамблака, незалежнасьці Беларускай /Вялікага Княства/ Праваслаўнай Царквы, ды змаганьні за яе зьдзейсьняньне пазьнейшых беларускіх праваслаўных герархаў, духоўнікаў і вернікаў, завершанага Мітрапалітам Менскім Мелхісэдэкам у 1922 г. абвешчаньнем Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы, Саборык прызнае правільнай пастанову Ўсебеларускага Праваслаўнага Сабору ў Менску ў 1942 г., устанавіўшага Беларускую Праваслаўную Аўтакефальную Царкву. 2. Саборык сьцьвярджае, што тры епархіі БАПЦарквы: Віленская, Горадзенская і Пінская належалі да Польскай П[раваслаўнай] А[ўтакефальнай] Царквы і атрымалі дазвол на аддзяленьне ў Беларускую П[раваслаўную] А[ўтакефальную] Царкву, благаславенства і прызнаньне ад мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Блажэньнейшага Дзіанісія, главы Польскай П.А.Царквы, дадзеным ім на рукі мітрапаліта Аляксандра Пінскага (ў 1944 г.). Дзеля таго, што перад Менскім Усебеларускім Прав. Саборам існавалі толькі гэтыя тры епархіі, заснаваныя наступныя епархіі БПАЦарквы [18 лютага/ 3 сакавіка 1942 г.], Саборык сьцьвярджае кананічнасьць Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае Царквы, атрымаўшае прызнаньне Матчынай Польскай Прав. Аўтакефальнай Царквы. 3. Саборык падтрымоўвае пастанову мітр. Аляксандра Пінскага – трываць пры Аўтакефальнасьці БПЦарквы і на эміграцыі, і з жалем успамінае прадчасную сьмерць мітр. Аляксандра. 4. Саборык пастанаўляе прадаўжаць дзейнасьць Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае Царквы на эміграцыі, ды змагацца за яе ў краі, пад часовым епіскапскім кіравецтвам прэасьв. Сергія, епіскапа ЎАПЦарквы. Пераданьне часовага епіскапскага кіравецтва прэасьв. Сергіям сталаму епіскапскаму кіравецтву наступіць з хвілінай наяўнасьці ня менш двух беларускіх епіскапаў у Беларускай АПЦаркве, жадаючых стварыць сталае кіравецтва БАПЦарквы і кіраваць Ею на славу Праваслаўнай Веры ў Беларускім Народзе на век века. 5. Саборык выбраў кандыдатаў у часовае кіравецтва БАПЦарквы і прадставіў Уладыку Сергію да назначэньня. Назначаныя і запрысяжаныя гэтага ж 23 траўня (5 чырвеня) ў дзень прп. Еўфрасіні ў архірэйскай царкве ў Канстанцы /Нямеччына/. 6. Саборык заклікае ўсіх Праваслаўных Беларусаў аб’яднацца каля адзінае Беларускае Праваслаўнае Аўтакефальнае Царквы, гэтым ушанаваць памяць і заслугу сваіх лепшых дзядоў і прадзедаў, змагаўшыхся за аўтакефалію і чысьціню Праваслаўнае Веры. Узмацоўвайце БАПЦаркву і Праваслаўную Веру на эміграцыі і ў Беларускім Народзе на Бацькаўшчыне на векі вечныя. Амін. 23 траўня (5 чырвеня) 1948 г. [Подпісы] Епіскап Сергій [Ахатэнка]Праф. М[ікалай] Дзямідаў Сьвятар Сьцяпан Войтэнка [Архіў БАПЦ] |