Даклад на 2-ім Усебеларускім Кангрэсе пра нішчэньне Царквы (1944 г.)

Рэфэрат сябры Беларускае Цэнтральнае Рады гаспадара Аўгена Калубовіча “Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў Беларускіх справах”, прачытаны на Другім Усебеларускім Кангрэсе ў г. Менску 14/27 чырвеня 1944 г.


(частка рэфэрату, якая тычыцца Царквы:)




7. Разбурэньне цэркваў і нішчэньне духавенства. 

Дэкляруючы ў сваіх канстытуцыях свабоду сумленьня і рэлігіі (п. 124 канстытуцыі СССР і п. 99 канстытуцыі БССР), бальшавікі ў працягу колькіх гадоў пасьля НЭП’у гвалтоўна зачынілі амаль усе 1600 царкоўных прыходаў, арыштаваўшы, замарыўшы голадам, турмою ды выгнаньнем 8 епіскапаў і каля 1400 сьвятароў.

А колькі імі было разбурана ды апаганена сьвятыняў! Колькі было зьнішчаных дарагіх для нас помнікаў беларускае гісторыі і мастацтва! Ці-ж гэта не на загад бальшавікоў камсамольцам Хайкіным быў узарваны ў 1937 г. пад Талачынам найдаражэйшы для беларускай гісторыі помнік ХІІ стагодзьдзя “Барысаў камень”? Гэта не яны разбурылі ў 1930 г. крушні Барысаглебскага манастыра ў Полацку з фрэскамі 1222 г., а на гэтым сьвятым месцы збудавалі стайні! Гэта не яны сьцягнулі Сокараўскі крыж з 1569 г., пад якім вечным сном адпачывалі 200 харобрых беларускіх вояў, што аддалі сваё жыцьцё за славу і незалежнасьць нашай бацькаўшчыны, скарыстаўшы яго для бруку? Гэта не на іх подлы загад віцебскі камуністы Эстрын узарваў у 1936 г. старую царкву сьв. Юрыя і Ўваскрасенска-Рынкавую царкву? Хто-ж як не яны самі прадалі ЗШПА сьвяты для беларусаў абраз Смаленскае Божае Маці Адыгітрыі? А хто разбурыў сабор сьвятога Язэпа ў Магілёве, каб потым на яго месцы пабудаваць будынак НКВД?

Гэтак бальшавіцкая Масква разгортывалася ў нашай беларускай культуры і мастацтве, шукаючы тыя ўмовы, якія дапамаглі-б ім зьліць яе ў тую адну агульную культуру з адной агульнай мовай, да якой клікаў Сталін: ”В этом іменно і состоіт діалектічность ленінской постановкі вопроса о національной культуре”. (І.Сталін – “Марксізм і національно-колоніальный вопрос”, Партіздат ЦК ВКП(б), 1937 г., стар. 195.)

Ці-ж ня ясна пасьля ўсяго гэтага, што БССР ёсьць толькі фікцыя беларускай дзяржаўнасьці, бо ці-ж самыя беларусы так разбурылі-бы сваю нацыянальную беларускую культуру і масава нішчылі ейных найвыдатнейшых тварцоў?

Такую-ж палітыку ў галіне гаспаларкі і культуры бальшавікі распачалі і ў акупаванай імі ў 1939 г. Заходняй Беларусі. Толькі вайна ня дала тамашнім беларусам поўнасьцю паспытаць усіх асалодаў савецкага раю.

Такім чынам, бальшавіцкая Масква, акупаваўшая ў 1919-1920 гг. Беларусь, ліквідавала ейную дзяржаўнасьць і незалежнасьць, стварыўшы фікцыю нібы новае беларускае дзяржаўнасьці – БССР, гвалтам уцягнула яе ў склад Савецкага Саюзу, а потым прыкладам і штыхом, вагнём і дынамітам, на касьцёх нашага народу і руінах беларускай гаспадаркі ды культуры, пракладала свой савецкі сацыялізм.


26 год маскоўска-бальшавіцкае палітыкі ў дачыненьні да Беларусі поўнасьцю нас пераканалі ў тым, што бальшавіцкія дэмагогі ды ашуканцы ашукалі наш народ, адабраўшы ад яго ўсё чыста з таго, што раней яму паабяцалі і яшчэ больш. Таму цяпер, нават больш раней, мы пераканаліся ў тым, што савецкая ўлада для нас – сьмерць. Сьмерць духоўная і фізычная. У гэтым канчальна пераконываюць нас нядаўна раскрытыя пляны Масквы поўнага фізычнага вынішчэньня нашага народу, да чаго яны ўжо і прыступілі ў Смаленшчыне, Браншчыне ды ўсходніх частках Віцебшчыны і Магілёўшчыны.



[Архіў БЦР]


Гэты дакумэнт друкаваўся:
- “ДРУГІ ЎСЕБЕЛАРУСКІ КАНГРЭС”, БЦР, Мюнхен, Нямеччына, 1954 г.
Comments