Адозва праваслаўных сьвятароў і грамадзка-культурных дзеячоў Савецкай Беларусі ў справе арганізацыі нацыянальнай Беларускай Праваслаўнай Царквы, выдадзеная ў Менску 4/17 чэрвеня 1922 г., перад Менскім япархіяльным Саборам (10/23 ліпеня 1922 г.) Праваслаўная царква на Беларусі на працягу ўсёй сваёй гісторыі ад часоў старадаўніх і дагэтуль цесна зьвязана з народам, няможа не спачуваць імкненьню народа ўсталёўваць сваё працоўнае жыцьцё на асновах народнага духу і асаблівасьцяў мясцовага побыту і культуры. Таму і ўсталяваньне царкоўнага жыцьця на Беларусі павінна адбывацца ў жывой і цеснай сувязі зь імі. Шлях гэты прадуказваецца ўсім мінулым беларускага краю і вызначаецца асаблівым ладам рэлігійнага жыцьця народа. Ці можна сумнявацца ў гэтым праве Беларусі на царкоўнае самавызначэньне або ставіць перашкоды яму? – Не. Народ, які прайшоў праз пякельныя мукі, захаваў непашкоджанай сваю веру і душу, свой побыт і мову, цалкам і звыш таго заслужыў яго. Царква, якая падзяляла пакуты народа і выратавала яго ад паглынаньня варожымі стыхіямі, павінна, мае права патрабаваць паважлівых адносінаў да сваіх мясцовых асаблівасьцяў, унутранага ладу, звычаяў і паданьняў. Ноч ужо мінула, а дзень наблізіўся (Рым. 13, 12). І такім днём, радасным і сьветлым, пасьля ўсяго выпакутаванага і перажытага беларускім народам няхай будзе дзень яго царкоўнага адраджэньня ў духу сьвяшчэнных гістарычных запаветаў. Да адбудовы роднай царквы, да сьцверджаньня яе на аўтаномных пачатках і захаваньня яе нацыянальнага аблічча мы клічам братоў беларусаў, зьвязаных з намі кроўнымі вузамі веры і памятаючых слова Хрыстова аб тым, што “не хлебам адзіным жывы будзе чалавек, але кожным словам, што зыходзіць з вуснаў Божых” (Мф. 4, 4).
протаіерэй Ст[афан] Кульчыцкі, протаіерэй Уладзімір Біруля, Н.Нутоўскі, М.Грамыка, С.Некрашэвіч, Паўлюк Дземідовіч, Н.Панамароў, А.Круталевіч, прафесар А.Савіч, Якуб Колас (К.Міцкевіч). |